Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ УВЯЛА САНКЦЫІ СУПРАЦЬ ЛІТОЎСКІХ АЎТАПЕРАВОЗЧЫКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

У Менску адбылася сустрэча дзелавых колаў Літвы і Беларусі, якая была азмрочаная нечаканым скандалам, што справакавала беларуская мытня, увёўшы санкцыі супраць літоўскіх аўтаперавозчыкаў. Вось што зазначыла на гэты конт прэсавая сакратарка Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Алена Халікава:

(Халікава: ) "Літоўскія перавозчыкі маюць запазычанасьць за недапастаўку тавару. Інакш кажучы, тавар перасякаў мяжу Рэспублікі Беларусь, але не даходзіў да месца прызначэньня. Кудысьці гэтыя аўтамабілі зьнікалі. Таму з мэтай узмацненьня кантролю мытны камітэт зрабіў дадатковыя захады, скіраваныя на папярэджаньне такіх парушэньняў. Зараз машыны будуць ісьці пад мытнай аховай, ці, інакш кажучы, пад канвоем".

Паводле ейных словаў, гэта ўжо адбываецца на практыцы. Прычым канваююць літоўскіх аўтаперавозчыкаў, якія перавозяць грузы празь беларускую тэрыторыю, не бясплатна. Паводле зьвестак Асацыяцыі літоўскіх грузаперавозчыкаў "Лінава", 1 кілямэтар канвою каштуе літоўцам каля 1 даляра. Гэта выклікала абурэньне як самой Асацыяцыі, так і Канфэдэрацыі прамыслоўцаў Літвы.

Падчас сёньняшняга візыту ў Менск яны выказалі ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі пратэст супраць санкцыяў.

Вось як пракамэнтаваў увядзеньне гэтых санкцыяў віцэ-прэзыдэнт Канфэдэрацыі літоўскіх прамыслоўцаў Мікалас Алялюнас:

(Алялюнас: ) "Гэты выпадак вельмі непрыемны. Можна толькі шкадаваць, што такія высновы зробленыя. Калі ёсьць некалькі (дзясятак ці нават сотня) несумленных перавозчыкаў, ці варта надзяваць кайданкі на ўсіх астатніх?! І падазраваць, што ўсе непрыстойныя і несумленныя? Скрайнія меры пакідаюць непрыемнае ўражаньне ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі. Санкцыі павінны быць ужытыя толькі да парушальнікаў парадкаў. Калі беларускі бок будзе меркаваць інакш, то гэта пашкодзіць узаемадачыненьням прадпрымальнікаў дзьвюх краінаў. Я ня ведаю, хто даліў газы ў вогнішча, але лічу памылковымі радыкальныя рашэньні. У нас на гэтае беларускае рашэньне і ўрад адрэагаваў, і міністэрства інфармацыі, і мытны дэпартамэнт".

Пакуль невядома, ці скасуе беларускі бок санкцыі пасьля сёньняшніх перамоваў у Менску. Але калі канваяваньне літоўскіх перавозчыкаў будзе захаванае, то, паводле літоўскіх крыніцаў, ня выключаная адэкватная рэакцыя з боку афіцыйнай Вільні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG