“Віцебскі пралетар”, 1933 год:
“З 15 кастрычніка па 15 лістапада Наркамзем СССР, Наркамваенмор, ЦК УсеЛКСМ, Наркамсовгасаў і Асоавіяхім праводзяць месячнік агляда каня. Задача месячніка паказаць, як выконваюцца рашэньні партыі і ўрада аб разгортваньні канявытворчасьці; паляпшэньні догляда за конямі, а таксама аб арганізацыі ў калгасах і совгасах фонда “Конь — Чырвонай арміі”. Для кіраўніцтва месячнікам у краях, абласьцях і раёнах арганізуюцца штабы. Цэнтральны штаб узначальвае тав. Будзённы”.
“Бацькаўшчына”, 1953 год:
“Выйшла з друку цікавая й вельмі карысная навуковая праца ведамага беларускага кампазытара й музыкалёга Міколы Куліковіча “Беларуская музыка — кароткі нарыс гісторыі беларускага музычнага мастацтва”, выдадзеная ў Нью Ёрку Беларускім Інстытутам Навукі й Мастацтва. Кніжка прыгожа й старанна выдадзеная, абыймае 64 балоны друку вялікае васьмёркі й дае гісторыю беларускага музычнага мастацтва ад самых ягоных пачаткаў да ХХ стагодзьдзя. Наступную часьць, якая мае абыймаць гісторыю беларускай музыкі ад першай сусьветнай вайны да цяперашніх дзён, мае апрацаваць другі беларускі музыкавед кампазытар Алесь Карповіч”.
“Европейское время”, 1993 год. Нікадзім Дубалевіч піша:
“Саўмін разьлічвае, што ўвядзеньне расейскага рубля палегчыць ягоную дзейнасьць здабываньня сродкаў у прадпрыемстваў дзеля цэнтралізаванага набыцьця энэргарэсурсаў у Расеі. Але, шукаючы шляхоў скінуць зь сябе адказнасьць за правал уласнай эканамічнай палітыкі, спадар Кебіч забыўся на пытаньне: які ўплыў зробіць у доўгатэрміновым і сярэднетэрміновым пляне на беларускую эканоміку ўвод расейскіх рублёў? Саўмін пераконвае, што пералік беларускага рубля на расейскі адбудзецца 1:1, што азначае павелічэньне грошай на рахунках беларускіх прадпрыемстваў амаль удвая. Да таго ж сыравіна пойдзе па больш нізкіх “унутраных” расейскіх коштах. На жаль, выгоды маюць кароткатэрміновы характар. Пераход на расейскі рубель пацягне рэзкае падзеньне канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі на расейскім рынку і значнае зьніжэньне рэальнага заробку”.