Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫЯ ГАЛАСЫ: ЗАДЗІНОЧАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ


Вольга Кузьміч, Менск

ЗБС паўстала ў 1989-м як вынік працы нефармальных студэнцкіх зьвязаў. Сёньня мы – агульнанацыянальная студэнцкая арганізацыя. У нашых шэрагах паўтары тысячы чальцоў. Маем 7 рэгіянальных прадстаўніцтваў па ўсёй Беларусі й шэраг суполак у ВНУ Менску. За 14 год існаваньня нашыя мэты й задачы засталіся тыя самыя. Мы фармуем новае пакаленьне беларускай інтэлігенцыі, абараняем правы й інтарэсы студэнтаў, пашыраем ужываньне беларускай мовы ў адукацыі й навуцы, а таксама падтрымліваем моладзевыя плыні ў нацыянальным культурным руху.

Сёньня ў праграме:

– у ВНУ новы прадмет – беларуская дзяржаўная ідэалёгія. Меркаваньні студэнтаў і споведзь выкладчыка;

– падарожжы й заробкі па-за межамі Беларусі. Як прайсьці сумоўе ў амбасадзе? І як абмінуць процідзеяньне дэканатаў і рэктаратаў;

– разьмеркаваньне выпускнікоў: як гэта адбывалася сёлета. Аповед пяцікурсьніка й парады юрыста тым, у каго ўсё яшчэ наперадзе;

– атака на ЗБС: найбольш актыўных чальцоў арганізацыі запалохваюць і вярбуюць у КГБ.


ГАВОРКІ ПРА ІДЭАЛЁГІЮ

Асноўная прыкмета гэтага навучальнага году – пачатак татальнай ідэалягізацыі. Хто ёй цяпер толькі ні заклапочаны: ад Аляксандра Лукашэнкі й міністра адукацыі спадара Радзькова да намесьнікаў дэканаў у выхаваўчай працы й факультэцкіх актываў Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

1 красавіка міністар адукацыі спадар Радзькоў ухваліў загад “Аб неадкладных мерах у справе ўдасканаленьня ідэалягічнай працы ў ВНУ”. Дамунт забавязвае прывесьці ўсе падручнікі ў адпаведнасьць зь ідэалягічнай дактрынай.

У ВНУ зьявілася новая дысцыпліна – курс дзяржаўнай ідэалёгіі. На заліку студэнты павінны паказваць канспэкты лекцыяў. Бяда толькі ў тым, што паважаныя дацэнты ды кандыдаты з дактарамі – у разгубленасьці: мала хто ведае, паводле якіх падручнікаў выкладаць новы прадмет. Адны адкапалі старыя занатоўкі на пажоўклых аркушах паперы, другія ж вынаходзяць свой ровар.

Як гэта адбываецца ў Менскім мэдычным унівэрсытэце, расказвае студэнтка Алена Шаховіч.

(Шаховіч: ) “Самі выкладчыкі кажуць, што выкладаюць паліталёгію са словам “ідэалёгія”. Мэта ўсяго гэтага – паказаць, што бывае ў сьвеце, і паказаць, што мы ня горшыя, а наадварот, лепшыя. Канстытуцыя – найлепшая, дзяржава ў нас самая лепгшая. Што трэба яе падтрымліваць, што прэзыдэнт – гэта галоўнае. Наперадзе выбары ў парлямэнт, пасьля прэзыдэнція выбары. Падчас мінулых выбараў студэнты былі супраць. І тут хочуць узмацніць уплыў улады, каб большасьць падтрымала нашага прэзыдэнта. У нас усе выкладчыкі маладыя, і яны ставяцца да ідэалёгіі адмоўна. На лекцыях яна сама чытае і тут жа кажа: “Выбачайце, не хачу гэтага чытаць. Проста загадалі, і таму я гэта раблю”.

(Кузьміч: ) “Як часта на такіх занятках можна пачуць слова “прэзыдэнт”?

(Шаховіч: ) “На лекцыях яна кажа: “Вось цытата прэзыдэнта, а вось пастанова прэзыдэнта”.

(Кузьміч: ) “Выкладчык агучвае нейкую цытату прэзыдэнта. Як на гэта рэагуе аўдыторыя?”

(Шаховіч: ) “На лекцыях мы ня маем права рэагаваць. А калі прыходзім на практычныя, ува ўсіх гэта выклікае абурэньне”.

На чарзе – эксклюзіў нашай праграмы. Споведзь маладога выкладчыка беларускай ідэалёгіі. Мы не раскрываем ягонае імя й не называем ВНУ зь меркаваньняў бясьпекі.

(Выкладчык: ) “Дзяржаўная ідэалёгія” ўтрымлівае ў сабе некалькі тэмаў: дзяржаўная палітыка ў эканамічнай сфэры, дзяржаўная палітыка ў палітычнай сфэры, дзяржаўная палітыка ў моладзевай сфэры, вытокі дзяржаўнай беларускай ідэалёгіі. Адна з мэтаў курсу ідэалёгіі – тлумачыць тыя палітычныя падзеі, якія адбываюцца на дзяржаўным роўні, ацэньваць розныя падзеі з дзяржаўнага погляду. Слова “прэзыдэнт” гучыць амаль на кожных занятках і даволі часта, бо ўсе тыя тэмы, якія разглядаюцца, замыкаюцца на палітычнай уладзе, то бок на нашым прэзыдэнту. Нам раілі выкарыстоўваць даклады нашага прэзыдэнта. Часам і я выкарыстоўваю гэтыя цытаты. Але не для таго, каб адзначыць, што гэта – аксіёма. Наадварот – каб абмеркаваць”.

(Кузьміч: ) “Наколькі можна адхіліцца ад курсу й прапанаваць сваю тэму, зьвязаную з гісторыяй? Прыкладам, бітва пад Воршай, Слуцкі збройны чын, утварэньне БНР?”

(Выкладчык: ) “Калі нейкім чынам названыя падзеі зьвязаныя з тэмаю заняткаў, я магу выкарыстоўваць іх для тлумачэньня. Разглядалі гісторыю Полацкага княства й ВКЛ, змаганьне за нашую нацыянальную незалежнасьць у часе знаходжаньня Беларусі пад уладаю Расейскай імпэрыі”.

(Кузьміч: ) “Як рэагуе студэнцкая аўдыторыя на тое, што прамаўляе выкладчык?”

(Выкладчык: ) “Некаторыя ўспрымаюць ідэалёгію як чыстую манэту, некаторыя ведаюць, што гэта такое, але ў пагоні за адзнакаю стараюцца чытаць даклады нашага прэзыдэнта, але ёсьць такая катэгорыя студэнтаў, якія ставяцца да ідэалёгіі, як да нечага штучнага, навязанага, таго, што ня мае пад сабою асновы”.

(Кузьміч: ) “Якая з гэтых групаў выклікае ў вас большую сымпатыю?”

(Выкладчык: ) “Мне заўсёды былі сымпатычныя тыя людзі, якія думаюць сваёй галавою”.

ГАВОРКІ ПРА ЗАРОБКІ ЗА МЯЖОЮ

Увядзеньне курсу беларускай ідэалёгіі – ня першы, але й не апошні сюрпрыз навучальнага году. На пачатку красавіка кіраўніцтвы ВНУ падпісалі загад пра забарону датэрміновай здачы сэсіі.

У студэнтаў сёньня модныя адукацыйныя прадарожжы й сэзонныя працы за мяжою. Усе адпаведныя міжнародныя праграмы стартуюць пры канцы траўня й канчаюцца на пачатку кастрычніка. Каб пазьбегчы праблем з дэканатамі, іспыты студэнты звычайна здавалі загадзя.

Цяпер жа выяжджаць за мяжу яны змогуць толькі пры канцы чэрвеня, а к верасьню змушаныя будуць вяртацца назад. Час для падарожжаў і працы зь пяці месяцаў скараціўся да двух.

Ахвяраю такой навацыі можна лічыць студэнтку Менскага лінгвістычнага ўнівэрсытэту Алену Талапілу.

(Талапіла: ) “Паехаць у Амэрыку – гэта быў бы файны варыянт, бо там самая рэальная магчымасьць зарабіць. Там найбольш эфэктыўныя суадносіны часу й заробку. Я ўжо бацькоў пачала рыхтаваць да таго, што трэба зьбіраць грошы на праграму. А пасьля як сьнег на галаву ляснуў гэты загад з забаронаю датэрміновай здачы сэсіі й папярэджаньне, што будуць прымаць суровыя меры да тых, хто ня вернецца ў верасьні. Мне цяпер праблемаў з адміністрацыяй не хацелася б. Дэканат нядвухсэнсоўна даў зразумець, што нічога добрага чакаць не выпадае. А яшчэ ў нас новы дэкан. Яму трэба нейкім чынам сябе праявіць, бо ён малады, пачатковец…”

(Кузьміч: ) “Твае знаёмыя пасьля гэтага загаду таксама падумалі разьвітацца з ідэяй паехаць за мяжу?”

(Талапіла: ) “У маіх знаёмых рашэньне вельмі моцна залежала ад таго, ці зрабілі ўжо яны першы ўнёсак у аплату праграмы. Ён не вяртаецца. Гэта палова ад кошту. Цяпер добрая праграма каштуе 1600-1700 даляраў. А раз ужо ўнесьлі грошы, народ вырашыў “забіць” на гэты загад, вярнуцца пазьней і пасьля разьбірацца зь цяжкасьцямі. А тыя, хто грошай ня ўнёс, у большасьці адмовіліся. У адсоткавым вымярэньні 60 адмовіліся, а 40 пастанавілі ехаць”.

(Кузьміч: ) “Тваё меркаваньне: з чым зьвязана зьяўленьне такога загаду?”

(Талапіла: ) “Дзяржаве ня вельмі выгадна, каб студэнты ад’яжджалі. Тыя, хто вяртаецца, нагледзеўшыся на дэмакратычны лад жыцьця, разумеюць, што тут трэба нешта мяняць, а гэта небясьпечна. Чым больш людзей думае дэмакратычна, тым цяжэй імі кіраваць. Вельмі нязручна мець пад бокам некага, ня згоднага з табою”.

Але процідзеяньне рэктаратаў і дэканатаў спыняе далёка ня ўсіх. Наш наступны суразмоўца папрасіў не называць ягонага імя. Гэты малады чалавек ужо падарожнічаў у ЗША. Сёлета мае чарговым разам скарыць Амэрыку.

(Хлопец: ) “Студэнты не былі б студэнтамі, калі б не пазнаходзілі такіх дзірак. За гэты год адміністрацыі пазвужалі пералік прычынаў, зь якіх можна “выбіць” датэрміновую сэсію ці ўзяць акадэмічны адпачынак. Засталася адна – стан здароўя. Ты мусіш быць бяз рук і ног, каб атрымаць дазвол на гэта. Студэнты імкнуцца атрымаць сфальшаваныя даведкі. Ёсьць цэлая сыстэма, як гэта рабіць. Такім чынам абыходзяць тыя забароны”.

(Кузьміч: ) “Чаму ты папрасіў не называць свайго імя, прозьвішча й ВНУ?”

(Хлопец: ) “Калі ВНУ даведаецца, што я зьбіраюся… а я зьбіраюся ехаць туды бязь інхага дазволу! Вось таму й не хачу, каб яны ведалі маё імя”.

(Кузьміч: ) “Самая вялікая цяжкасьць на шляху да паездкі за мяжу – гэта атрыманьне візы й сумоўе ў амбасадзе той краіны, куды ты зьбіраесься. Ты – дасьведчаны чалавек. Ці мог бы ты параіць, як трэба сябе паводзіць? Як на якія пытаньні адказваць? Дзе консул расстаўляе пасткі?”

(Хлопец: ) “Адна з самых вялікіх перашкодаў – тое, што чалавек хвалюецца, калі зьбіраецца праходзіць гэтае сумоўе. У яго дрыжаць каленкі. Ён бачыць, што чарговы выходзіць бязь візы. Усё гэта ўплывае на ягоны эмацыйны стан. Гэта перашкаджае яму праходзіць сумоўе. Я параіў бы расслабіцца як мага больш. Што да пастак, ёсьць такое пытаньне: “Якога колеру памаранч?” Калі перакласьці на ангельскую мову, пытаньне будзе гучаць вельмі недарэчна: “What color is an orange?” Гэта гульня словаў, якая наўпрост не перакладаецца на беларускую мову. І вам прыйдзецца адказаць прыблізна наступнае: “The orange is orange” Гэта значыць: “Жоўты колер – гэта жоўты колер”. Шмат для каго ў гэтым неспадзяванка. Яны баяцца гэтай таўталёгіі й таму губляюцца. Але калі вы паглядзіцё на выраз твару тых людзей, што вядуць інтэрвію, убачыце ўсьмешкі. І вы павінны адказаць ім з усьмешкаю. Вы пакажаце, што вы зразумелі пытаньне”.

(Кузьміч: ) “Якія работы найбольш папулярныя ў студэнтаў?”

(Хлопец: ) “Гэтак званыя waiters – кельнэры, ёсьць bathboys – яны таксама працуюць у рэстарацыях, прыбіраюць са сталоў, прафэсія movers – ёсьць такія невялікія тачкі, якія лічацца экзатычным відам транспарту. Яны возяць багаценькіх кліентаў”.

(Кузьміч: ) “А ці можна нясьціплае пытаньне? Колькі можна зарабіць за сэзон?”

(Хлопец: ) “Натуральна, што пытаньне нясьціплае! Няшмат студэнтаў скажуць пра свае сапраўдныя заробкі. Ёсьць людзі, якія прывозяць за сэзон (3-4 месяцы) па 10 тысячаў даляраў. Гэта абсалютна нармалёвы заробак. Гэтыя людзі працавалі па 100 гадзінаў на тыдзень. Гэта значыць, што яны спалі па 4-5 гадзінаў на суткі”.

ГАВОРКІ ПРА РАЗЬМЕРКАВАНЬНЕ

Штогод пры канцы траўня студэнты выпускных курсаў дзённых аддзяленьняў у страшэнных снох пачынаюць трызьніць. Ім мрояцца спусьцелыя школы й занядбаныя фэльдшэрскія пункты дзе-небудзь у чарнобыльскіх раёнах, за 300 кілямэтраў ад роднага дому. Гэта відавочныя сымптомы падвышанай нэрвовасьці напярэдадні разьмеркаваньня – рэанімаванай прыкметы савецкай эпохі.

Студэнты, якія вучыліся на дзённых аддзяленьнях за кошт бюджэту, цяпер абавязаныя адпрацаваць два гады. Куды пашле цябе Радзіма, вырашаюць чальцы спэцыяльнай камісіі.

Пра тое, як праходзіла працаўладкаваньне выпускнікоў сёлета, апавядае Зьміцер. Ён студэнт 5-га курсу Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту. Адразу скажу, што яму, у адрозьненьне ад многіх аднакурсьнікаў, пашанцавала. Зьміцер мусіць паехаць у свой родны Нясьвіскі раён.

(Зьміцер: ) “Напачатку было папярэдняе разьмеркаваньне. Як я зразумеў, тады ўжо было вядома, каго й куды пашлюць. Пасьля праходзіла разьмеркаваньне ў рэктара. Сабралі ўсіх студэнтаў 5-га курсу ля кабінэту. Там была камісія для разьмеркаваньня. Мы туды заходзілі. У нас вельмі хутка пыталіся: “Згодны?” Ты казаў: “Згодны”, – і мы сыходзілі. Нават ня ведаю, што было б, калі сказаць “ня згодны”. Усё адно заслалі б туды”.

(Кузьміч: ) “Ёсьць вельмі шмат прыкладаў, калі студэнтаў разьмяркоўваюць у зусім невядомыя раёны. З чым там сутыкаюцца студэнты? Ці сапраўды там ёсьць усё тое, што ім абяцаюць пры разьмеркаваньні?”

(Зьміцер: ) “Шмат менскіх разьмеркавалі па вёсках, якія невядома дзе знаходзяцца. Звычайна не тлумачаць, што цябе чакае й куды ты едзеш. Яшчэ невядома, дзе ты будзеш жыць. Умоваў для жыцьця можа папросту не існаваць, і трэба будзе самому шукаць. А яшчэ могуць засяліць далёка, і трэба будзе езьдзіць за 20 кілямэтраў. У вясковых школах вельмі цяжка знайсьці спэцыяльнасьць, каб далі табе стаўку. Мае сябры, якія скончылі летась, выкладаюць усё – гісторыю, працу, геаграфію, хімію й біялёгію”.

(Кузьміч: ) “Вядома, што разьмераваньне незаконнае. Яно супярэчыць Канстытуцыі й Працоўнаму кодэксу. Ці гучалі нейкія пратэсты супраць яго?”

(Зьміцер: ) “Студэнты ня ведаюць, што гэта незаконна. Усе лічаць, што нерэальна ваяваць з гэтым. Прасьцей проста не пайсьці на тую працу. Усе ведаюць, што за гэта нічога ня будзе, гэта ўсё глупства. Мне, прыкладам, прасьцей будзе застацца ў Менску”.

Першыя прапановы аднавіць разьмеркаваньне загучэлі ў 1997 годзе. Праз год ідэю замацавалі пастановаю Савету Міністраў. Тады ЗБС пачаў кампанію супраціву. Мы не дамагліся поўнай адмены. Але пад нашым ціскам студэнтам дазволілі датэрмінова звальняцца са згоды працадаўцы.

Разьмеркаваньне застаецца па-за законам. Такім чынам парушаюцца артыкулы Канстытуцыі аб свабодзе перамяшчэньня, свабодзе выбару прафэсіі й месца працы. На гэтай падставе ад прымусовых адпрацовак можна адмовіцца.

Прынамсі так лічыць сябра праваабаронцай камісіі ЗБС студэнт з Наваполацку Аляксей Лукашэвіч.

(Кузьміч: ) “Якія ёсьць мэханізмы процідзеяньня разьмеркаваньню?”

(Лукашэвіч: ) “Ад яго можна папросту адмовіцца. На паседжаньні камісіі сказаць: “Я не паеду туды, куды вы мяне разьмяркуеце”. Наступстваў ад такога кроку няма. Тое ж самае палажэньне аб разьмеркаваньні не прадугледжвае адказнасьці ў тым разе, калі выпускнік не паедзе на месца разьмеркаваньня. Яшчэ можна перавесьціся на апошнім курсе на платнае навучаньне. Разьмяркоўваюць сёньня тых студэнтаў, якія навучаюцца на бюджэтным аддзяленьні”.

(Кузьміч: ) “Вельмі часта першай рэакцыяй адміністрацыі факультэту й камісіі для разьмеркаваньня ёсьць пагроза, што чалавеку ня выдадуць дыплёму, што ў яго будуць праблемы пры дзяржэкзамэнах. Ці ёсьць юрыдычнае абгрунтаваньне такім заявам з боку камісіяў?”

(Лукашэвіч: ) “Спасылкі на тое, што, калі не пагодзісься з разьмеркаваньнем, ня будзеш здаваць іспытаў, ня маюць пад сабою ніякай заканадаўчай базы. Усё гэта робіцца, каб запалохаць студэнтаў, каб зрабіць іх паслухмянымі”.

(Кузьміч: ) “Улады тлумачаць разьмеркаваньне тым, што хочуць дапамагчы маладым спэцыялістам уладкавацца на працу. Яны гарантуюць, што на месцы чалавеку выдзяляць нават жытло. Але часта на месцы ўсяго гэтага няма”.

(Лукашэвіч: ) “Выпускніку гарантуецца жытло й належны заробак. Але ў сапраўданасьці не заўжды гэта ёсьць. І калі працадаўца ўсяго гэтага не забясьпечвае, студэнт мае права абскардзіць разьмеркаваньне. Студэнт можа звольніцца цягам двух гадоў пасьля разьмеркаваньня, калі з гэтым будзе згодны працадаўца. І падставаю для такога звальненьня могуць стаць нявыкананыя абяцаньні. Выпускнік можа зьвярнуцца да працадаўцы, каб прыйсьці да нейкага пагадненьня й пакінуць месца працы”.


ГАВОРКІ ПРА СТАСУНКІ ЗБС І ЎЛАДАЎ

Хоць гэта й нясьціпла, але прыйдзецца гаварыць і пра цяжкасьці ў працы Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.

Ужо некалькі гадоў мы існуем падпольна. Хваля ліквідацыі грамадзкіх арганізацыяў, якую ініцыявала Міністэрства юстыцыі Беларусі, пачалася менавіта з нас. ЗБС зачынілі першым. Гэта ўскладніла нашую дзейнасьць, але не спыніла яе зусім.

Ня сьпяць і ўлады. Ціск ды пагрозы ў адрас нашых актывістаў сталі звычайнаю зьяваю. Прыемна, што на нядаўнім ідэалягічным сэмінары для рэктараў ВНУ вывучэньню дзейнасьці нашай арганізацыі прысьвяцілі асобную сэкцыю.

А празь некалькі дзён пачалася чарговая кампанія цкаваньня. Сяброў кіроўчай рады ЗБС выклікалі на размовы ў дэканаты.

А студэнта Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўнівэрсытэту Сержука Семенюка КГБ хацеў завербаваць у свае памочнікі.

(Семянюк: ) “Да мяне падышоў намесьнік дэкана й запрасіў да сябе ў дэканат, каб пагутарыць наконт маёй пасьпяховасьці ў навучаньні. Калі ж мы прыйшлі ў кабінэт, ён сказаў, што са мною хочуць пагаварыць два маладыя чалавекі. Гэта два супрацоўнікі КГБ, як пасьля яны сябе назвалі. У пэўнай ступені я быў гатовы да таго, што да мяне прыйдуць. У першую хвіліну сустрэчы я хваляваўся, гэта натуральна. Я здолеў узяць сябе ў рукі. І проста я ведаў, што нічога страшнага ў гэтай сустрэчы няма. Першай чаргой яны цікавіліся міжнароднай дзейнасьцю ЗБС. Я ці проста казаў, што ня буду адказваць, ці зводзіў гэта да жартаў. Спрабавалі прымусіць мяне супрацоўнічаць з КГБ. Натуральна, што я адмовіўся. І на гэтым сустрэча скончылася”.

(Кузьміч: ) “Вельмі часта першая такая сустрэча – не апошняя. Ці не баісься ты, што гэта зноў паўторыцца?”

(Семянюк: ) “Калі будуць такія наступныя сустрэчы, натуральна, што гэта ня вельмі прыемна, але гэта не самае горшае. Горш будзе, калі яны будуць уціскаць менавіта праз навучаньне. Думаю, могуць узьнікнуць пэўныя праблемы”.

Крыху іншая сытуацыя склалася ў сябра міжнароднай камісіі ЗБС студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Тацяны Хомы. Можна сказаць, што дэканат вітае яе грамадзкую дзейнасьць, лічыць дзяўчыну каштоўным кадрам і нават прапанаваў ачоліць факультэцкую суполку БРСМу.

(Хома: ) “Даволі часта ежджу за мяжу. Я вымушаная прапускаць заняткі. І мне прыходзяць запрашэньні, на падставе якіх я вызваляюся ад заняткаў. Заўсёды прыходжу да свайго дэкана. Ён бачыць запрашэньні, на якіх напісана: “Мы запрашаем Тацяну Хому, сябра міжнароднай камісіі ЗБС”. Ён ніколі не пытаўся, што гэта за арганізацыя, яле я мяркую, што ён у курсе. Была ў мяне размова з намесьнікам дэкана. Ён паспрабаваў высьветліць, што гэта за арганізацыя. Ён папытаўся ў мяне пра гэта й толькі пахваліў”.

(Кузьміч: ) “Можна сказаць, што ЗБС і БРСМ – гэта процілеглыя арганізацыі. Тацяна, ці спрабавалі цябе нейкім чынам далучыць да РСМу?”

(Хома: ) “Так, такое было. Падышла да мяне стараста. Яна сказала, што намесьнік дэкана лічыць, што я – найлепшая кандыдатура на пасаду старшыні БРСМу на плыні, і з пэрспэктываю стаць старшынёй БРСМу на факультэце. Я заўсёды зь недаверам ставілася да людзей, якія спрабуюць перавабіць у іншую арганізацыю. Гэта так нагадвае сэкты! Ходзяць розныя прарокі й пераконваюць, што “мая сэкта – самая лепшая”. Калі мне такое прапанавалі, я сказала: “Не. Я прынцыпова ня буду нават уваходзіць у гэтую арганізацыю, ня тое каб ачольваць нейкія аддзяленьні на факультэце”. Тым ня менш я не адчула на сабе нейкага ўціску. Я ня стала ахвяраю”.

З гісторыяў Сержука Семенюка й Тацяны Хомы, таксама як і з паказаных вышэй праблем разьмеркаваньня, увядзеньня курсу ідэалёгіі й выездаў за мяжу, відаць, што вельмі шмат залежыць не ад загадаў зьверху, а ад ініцыятывы людзей пры пасадзе.

Шаноўныя выкладчыкі, супрацоўнікі дэканатаў і рэктаратаў, мы разумеем, што на вас ціснуць, што некаторыя рэчы вы робіце не на сваю волю. Але, калі ласка, не бярэце празь меру.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG