Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПРАВААБАРОНЦЫ САБРАЛІСЯ Ў МЕНСКУ ЗА КРУГЛЫМ СТАЛОМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Трэба неадкладна наладзіць дыялёг грамадзтва і ўладаў у справе выкананьня рэзалюцыяў міжнародных арганізацыяў адносна стану з правамі чалавека ў Беларусі. Гэтая рэкамэндацыя значыцца першай у сьпісе, які падрыхтавалі прадстаўнікі праваабарончых арганізацыяў Беларусі падчас круглага стала, які прайшоў 19 траўня ў Менску. Беларускія праваабаронцы абмеркавалі, што трэба найперш зрабіць, каб нармалізаваць становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

Нагадаем, 15 красавіка Камісія правоў чалавека ААН прыняла рэзалюцыю, у якой заяўлена, што гэтае становішча па шэрагу кірункаў нездавальняючае. 28 красавіка яшчэ больш жорсткую рэзалюцыю адносна Беларусі прыняла Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы. У тым ліку эўрапейскія парлямэнтары заклікалі беларускія ўлады адхіліць ад пасадаў высокапастаўленых чыноўнікаў, якія могуць быць датычнымі да зьнікненьняў апазыцыянэраў, і правесьці сапраўды незалежнае расьсьледаваньне. Таксама ў гэтай рэзалюцыі быў зьмешчаны заклік да эўрапейскіх краінаў пачаць судовы перасьлед прадстаўнікоў беларускіх уладаў, якія, магчыма, датычныя да зьнікненьня дзеячоў апазыцыі.

Кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску амбасадар Эбэргард Гайкен падзяляе занепакоенасьць эўрапейскіх і ўсясьветных арганізацыяў сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Пра гэта ён заявіў сёньня ўдзельнікам круглага стала, спаслаўшыся на пэўныя прыклады.

(Гайкен: ) “Цягам апошніх дванаццаці месяцаў уціск уладаў на сэгмэнты грамадзкай супольнасьці значна ўзмацніўся. Закрывалі газэты, ліквідавалі няўрадавыя арганізацыі, якія займаліся правамі чалавека. Праўда, улады ўвесь час спасылаюцца на дзейныя законы, але ўжо цягам апошняга часу склалася моцнае ўражаньне, што законы выкарыстоўваюць таксама і паводле палітычных прычынаў”.

Беларускія ўлады абвінавачаньняў у галіне правоў чалавека на свой адрас фактычна не прызнаюць. У красавіку прадстаўнікі МЗС Беларусі называлі абвінавачаньні з боку ААН і ПАРЭ “састарэлымі ды неаб’ектыўнымі”. Між тым, падчас сёньняшняй дыскусіі, якую арганізаваў Беларускі Хэльсынскі камітэт, нават гэтыя меркаваньні не прагучалі. Прадстаўнік ураду Беларусі проста не зьявіўся на дыскусію.

Якіх крокаў дзеля выкананьня рэзалюцыяў ААН і ПАРЭ што да правоў чалавека дамагаюцца ад уладаў беларускія праваабаронцы? Старшыня БХК Тацяна Процька паведаміла Радыё Свабода:

(Процька: ) “Мы хочам, каб гэтыя рэзалюцыі былі вядомыя ва ўсёй краіне. У нас народ не дурны. Калі ён іх прачытае, то задумаецца, як жа нас бачаць у сьвеце? І тады спытае ў сваіх кіраўнікоў, сваіх дэпутатаў — як мы выглядаем у вачох міжнароднай супольнасьці?”

Шэраг рэкамэндацыяў праваабаронцы адрасуюць таксама парлямэнтарам Беларусі. У прыватнасьці, іх заклікаюць правесьці парлямэнцкія слуханьні, прысьвечаныя праблемам зьніклых ды ўдасканаленьня выбарчых законаў. Рэзалюцыя ААН па Беларусі прадугледжвае прызначэньне адмысловага дакладчыка, які ў 2005 годзе мусіць падрыхтаваць справаздачу аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі. Праваабаронцы не выключаюць, што беларускі ўрад не запросіць гэтага дакладчыка ў Беларусь і папярэджваюць, што не пакінуць гэтага пытаньня без увагі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG