Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: РАБІЦЬ ЗАХАДЫ


Юрась Бушлякоў, Менск

Якога атачэньня патрабуе слова захады? Як гаварыць: прымаць захады ці рабіць захады? Пракамэнтаваць ужываньне назоўніка захады папрасіла адна з нашых слухачак.

Заканамернае й традыцыйнае ў літаратурнай мове спалучэньне рабіць захады. Як мы робім нейкія хады, так робім і нейкія захады, значыць, дзеяньні, скіраваныя на дасягненьне пэўнай мэты. Сустраканае ў сучасным маўленьні словазлучэньне прымаць захады другаснае – праўдападобна, зьявілася яно ў выніку зьмяшэньня двух роўных паводле сэнсу канструкцыяў – рабіць захады й прымаць меры. Пераважна ў пісьмовай, кніжнай мове здараюцца яшчэ прынамсі тры спалучэньні з разьбіраным тут словам захады: ажыцьцяўляць захады, зьдзяйсьняць захады і ўжываць захады.

Адзначаючы мэту захадаў, варта аддаваць перавагу канструкцыям з прыназоўнікамі для й на: захады для нечага або на нешта (напрыклад, захады для забесьпячэньня парадку або захады на забесьпячэньне парадку).

Нашая слухачка ўдакладняе, ці заўсёды выпадае выкарыстоўваць назоўнік захады як абсалютны сынонім да слова меры. Здаецца, у бальшыні выпадкаў захады дарэчы ў ролі мераў. Можам сказаць пра надзвычайныя захады, пра захады для бясьпекі, засьцярогі або, скажам, спагнаньня. Зьвярну яшчэ ўвагу, што ў значэньні захадаў, мераў можна таксама ўжыць словы спосабы й сродкі (напрыклад, спосабы засьцярогі, спосабы стрыманьня, сродкі ўзьдзеяньня).

На заканчэньне яшчэ раз напамінаю, што назоўнік захады, як правіла, спалучаецца ў нашай мове з унівэрсальным дзеясловам рабіць: мы робім захады для нечага або на нешта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG