Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЫМБАЛЬ ВЕРЫ. У ЧЫМ СУПАДЗЕНЬНІ І АДМЕТНАСЬЦІ ВЯЛІКАДНЯ Ў РОЗНЫХ ЦЭРКВАХ


Кастусь Бандарук, Прага

У бліжэйшыя гады гэтак здарыцца яшчэ 8 красавіка ў 2007 годзе і 4 красавіка ў 2010 годзе. Аднак ці ўсе хрысьціяне надаюць аднолькавы сэнс гэтаму сьвяту? У чым супадзеньні й адметнасьці Вялікадня ў розных цэрквах?

“Сутнасьцю хрысьціянства ёсьць вера ў будучае ўваскрэсеньне. Хрысьціяне вераць, што Хрыстос уваскрос “у якасьці першага з тых, што памерлі” (1 Кар. 14, 14 і 20), а Ягонае ўваскрэсеньне сталася “умярцьвеньнем сьмерці, разбурэньнем пекла, пачаткам іншага, новага жыцьця” для ўсіх людзей. Гэтую падзею яны ўрачыста адзначаюць у часе Вялікадня – ня толькі галоўнага, але й найстарэйшага хрысьціянскага сьвята. Сутнасьць сьвята выказаная ў велікодным трапары: “Хрыстос ўваскрос з памерлых, сьмерць сьмерцю патаптаў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў”.

Мабыць, найболей урачыста хрысьціянскі Вялікдзень адзначаецца ў Праваслаўнай Царкве. Для праваслаўных гэта – “сьвята сьвятаў і ўрачыстасьць урачыстасьцяў”. Вернікі рыхтуюцца да Вялікадня цягам 7 тыдняў строгага посту. Праваслаўныя перанялі ад грэкаў звычай “хрыстосаваньня”. На Вялікдзень і ў сьвяточны пэрыяд вернікі, нават зусім незнаёмыя, цалуюцца ды абдымаюцца з радаснымі воклічамі: “Хрыстос уваскрос – сапраўды ўваскрос”. Вялікдзень у праваслаўных працягваецца 7 дзён, а ў багаслужбах сьвяточныя элемэнты захоўваюцца ажно 40 дзён. Праваслаўныя велікодныя багаслужбы надзвычай урачыстыя, падчас іх нічога не чытаюць – усё сьпяваюць. Яны праходзяць пры яркім сьвятле, сьвятарскае адзеньне й інтэр’ер храмаў сьветла-бліскучыя, дзьверы ў алтар – адчыненыя, літургічныя тэксты, сьпевы й званы ўзмацняюць радасны настрой.


А якое значэньне мае Ўваскрэсеньне Хрыстовае для іншых хрысьціянаў, як яны адзначаюць гэтае сьвята? Вось думка прафэсара экумэнічнай тэалёгіі з Каталіцкага ўнівэрсытэту імя кардынала Вышынскага ў Варшаве Міхала Чайкоўскага:

(Чайкоўскі:) “Без уваскрэсеньня Хрыстовага мы не былі б хрысьціянамі. Менавіта гэтая падзея ў гісторыі збаўленьня, гэтае сьвята ў найбольшай ступені нас, падзеленых хрысьціянаў, аб’ядноўвае. Для ўсіх нас, праваслаўных і каталікоў, Уваскрэсеньне Хрыстовае –галоўнае сьвята гадавога цыклю. Толькі нашыя браты з эвангельскіх цэркваў на першым месцы ставяць Вялікую Пятніцу, пры гэтым, вядома, не адмаўляючы ролі Ўваскрэсеньня. Яны болей падкрэсьліваюць значэньне Крыжовай Сьмерці Хрыста, але ж вядома, што ўкрыжаваньне закончылася ўваскрэсеньнем. Што да адметнасьцяў у разуменьні Хрыстовай Пасхі, дык у сваёй тэалёгіі й абраднасьці Праваслаўная Царква мацней за нашую Рымска-каталіцкую Царкву падкрэсьлівае значнасьць гэтага сьвята, яго моц, радасьць. Гэта відаць хаця б з пасхальных званоў і з тых сьвяточных прывітаньняў – “Хрыстос уваскрос – сапраўды ўваскрос”. Але й для каталікоў Вялікдзень – найвялікшае сьвята, а Раство Хрыстовае займае другое месца. У нас гэтак, як і ў праваслаўных, кожная нядзеля – гэта напамін пра Ўваскрэсеньне, “малая Пасха”. Дзякуючы літургічнай рэформе папы Піюса 12-га і ў выніку Другога Ватыканскага Сабору, роля Ўваскрэсеньня ў каталікоў павялічылася, у тым ліку з тэалягічнага й літургічнага пункту гледжаньня. У нас таксама ёсьць так званы “пасхальны пярэдадзень”, калі пасьля адпаведнай падрыхтоўкі, позным вечарам у суботу, каталікі ўжо пачынаюць сьвяткаваць гэтую найвялікшую падзею ў гісторыі – Уваскрэсеньне нашага Госпада. У падкрэсьліваньні рангу гэтага сьвята мы сыходзімся з нашымі сёстрамі й братамі з Праваслаўнай Царквы”.

Гаварыў каталіцкі тэоляг прафэсар Міхал Чайкоўскі. Што да пратэстантаў, дык, паводле прафэсара, першае месца ў іх займае Вялікая Пятніца, а Вялікдзень у сэнсе ўрачыстасьці багаслужбаў і абраднасьці адзначаецца больш сьціпла. Сапраўды, у большасьці пратэстанцкіх краінаў не асьвячаюць ежы – гэтак званай “пасхі”, няма звычаю мяняцца фарбаванымі яйкамі, няма праваслаўнага звычаю “хрыстосаваньня”. Існуе стэрэатып, што найвялікшае сьвята – Вялікая Пятніца, а самае радаснае сьвята – Вялікдзень.
Аднак пастар Кастусь Мардзьвінцаў кажа, што прынамсі ў выпадку беларускіх лютэранаў гэта не зусім так:


(Мардзьвінцаў:) “Напэўна, я ўсё-такі не пагадзіўся б з гэтай думкай. Вядома, у Вялікую Пятніцу Хрыстос памёр за грахі людзей, але гэта сьвята не было б сьвятам і справа Хрыста была б незакончанай, калі б Хрыстос не ўваскрос. Як пісаў апостал Павал, “калі б Хрыстос не ўваскрос, то ўся вера нашая была б марная”. Казаць, што Пятніца важнейшая за Ўваскрэсеньне Хрыста, было б няправільна. Безумоўна, як і для ўсіх астатніх хрысьціянаў, для лютэранаў Вялікдзень –найвялікшае сьвята. Гэта сьвята Ўваскрэсеньня Хрыстовага і – разам з тым – нашага адкупленьня. Як сказана ў Сьвятым Пісьме, “Хрыстос памёр за грахі нашыя і ўваскрос дзеля нашага адкупленьня”. Таму гэта вялікая ўрачыстасьць для лютэранаў. Мы адзначаем тое, што Бог ня проста прыняў ахвяру Хрыста, але Ён яшчэ й паказаў усім вернікам, што цяпер адбылося прымірэньне Бога з чалавекам. Уваскрэсеньне – гэта доказ таго, што Хрыстос сваёй сьмерцю на Крыжы, зьдзейсьніў нашае адкупленьне, і цяпер мы маем праведнасьць перад вачыма Божымі. У адпаведнасьці з гэтым і адзначаецца сьвята. Гэта відаць ува ўсім: і ў адзеньні сьвятара падчас набажэнства, і ў сьвяточных, радасных сьпевах. Сапраўды, гэта самае вялікае сьвята для Лютэранскай Царквы”.

Гэта быў лютэранскі пастар з Горадні Кастусь Мардзьвінцаў.

Варта зьвярнуць увагу на тое, чаму Вялікдзень называецца таксама Пасхай Хрыстовай. Назоў паходзіць ад габрайскага сьвята вясны й свабоды – Пэсаху (Пэйсаху). Габрайскае слова пэсах азначае ‘прайсьці міма’, ‘абмінуць’, або – яшчэ – ‘зьлітавацца’. Бог загадаў старазапаветным габраям адзначаць Пэсах як дзень памяці пра іхнае вызваленьне з эгіпецкай няволі. У кнізе Выхаду (12 разьдзел) гаворыцца, што Бог паслаў свайго анёла, які ў якасьці аднаго з пакараньняў зьнішчыў усіх першынцаў у Эгіпце, але абмінуў габраяў, якія пазначылі крывёю ягняці вушакі сваіх дамоў. Габрайская Пасха пачынаецца напярэдадні 15 дня месяца Нісана паводле габрайскага месячнага календара. У адпаведнасьці з Эвангельлямі, Хрыстос быў укрыжаваны, памёр і быў пахаваны напярэдані Пасхі і ўваскрос на трэці дзень. Вучні й прыхільнікі Хрыста ўспрынялі Ягоную сьмерць як выкупленьне грахоў сьвету, а ўваскрэсеньне як перамогу над сіламі зла, як дараваньне Богам вечнага жыцьця. Хрысьціяне лічаць, што старазапаветны баранчык быў правобразам Хрыста. Гэтаксама, як кроў пасхальнага баранчыка засьцерагла ад сьмерці першынцаў габраяў, гэтак і кроў, пралітая Хрыстом на крыжы, прынесла вызваленьне ад граху й збаўленьне ад вечнай сьмерці. Габраі дзякуюць Богу за тое, што анёл сьмерці абмінуў іхныя дамы, дзякуюць за вызваленьне з эгіпецкай няволі, а хрысьціяне радуюцца з вызваленьня ад палону граху й сьмерці.

Вялікдзень багаты на розныя звычаі й традыцыі. Звычаі бываюць самыя розныя, але неад’емны элемэнт велікодных сьвятаў – гэта каляровыя, пераважна чырвоныя яйкі, якія вернікі дораць адзін аднаму. Яйка здаўна лічылася мэтафарай прыхаванага жыцьця, таемнай моцы быцьця й адраджэньня, сымбалем філязафічных разважаньняў пра пачатак сьвету й жыцьця. Згодна з традыцыяй, Марыя Магдалена ўручыла чырвонае яйка рымскаму кесару Тыбэрыюсу. Апрача “хрыстосаваньня”, у праваслаўных існуе звычай, што на Вялікдзень можна званіць ува ўсе званы – хто колькі хоча й хто як умее. Да сёньняшняга дня ў беларусаў захаваўся звычай хаджэньня гэтак званых “валачобнікаў”. Праваслаўныя пякуць на Вялікдзень адмысловы пірог – пасху – і ў Вялікую Суботу нясуць яго ў храм на асьвячэньне разам зь іншымі прадуктамі. Як патлумачыў пастар Кастусь Мардзьвінцаў, гэты звычай спадабаўся і беларускім лютэранам:

(Мардзьвінцаў:) “У традыцыйна лютэранскіх краінах такога звычаю няма. Але ў Беларусі, паколькі лютэранская ўласная традыцыя была прыпыненая і цяпер шмат хто далучаецца да нашай царквы, ведаючы пра каталіцтва або праваслаўе, зьявіўся звычай, што на Вялікдзень мы таксама пры канцы службы асьвячаем ежу. Дарэчы, як сьведчыць Сьвятое Пісьмо, добра, калі любое стварэньне Божае прымаецца з удзячнасьцю і асьвячаецца словам Божым і малітваю. Тут я ня бачу нічога супярэчнага Пісьму, і гэтая традыцыя ў нас прымаецца. Больш за тое, у Нямеччыне, адкуль прыйшло шмат велікодных традыцыяў, ёсьць ня толькі каляровыя яйкі, але й велікодны зайчык, які раскідвае гэтыя яйкі, каб потым дзеткі іх шукалі. Але пакуль у нас такой традыцыі з зайчыкам няма”.

Гаварыў лютэранскі пастар Кастусь Мардзьвінцаў. У сваю чаргу каталіцкі тэоляг Міхал Чайкоўскі адзначыў, што праваслаўныя велікодныя абрады й звычаі прыгожыя, але ня гэта, на ягоную думку, галоўнае:

(Чайкоўскі:) “Нашыя абрады больш сьціплыя. Гэта ў першую чаргу велікодныя каляровыя яйкі, якія сымбалізуюць новае жыцьцё, і сьвяточныя стравы, якія асьвячаюцца ў Вялікую Суботу. Кошычкі пераважна нясуць у храмы дзеці. Я назіраў гэты звычай ў шэрагу каталіцкіх краінаў. Аднак, па мойму, галоўнае – не забывацца на асноўны сэнс гэтага сьвята, бо абрады – гэта часам толькі вонкавая абалонка без глыбейшага рэлігійнага зьместу. Уся нашая пастырская й тэалягічная праца ідзе й павінна ісьці менавіта ў гэтым кірунку, каб адкрываць у хрысьціянстве тое, што найважнейшае. Ад усяго сэрца жадаю Вам і Вашым слухачом блаславёнай Пасхі. Хай Уваскрослы ўсіх нас аб’ядноўвае”.

Дзякую прафэсару Чайкоўскаму за велікодныя пажаданьні.
Калі адкінуць, як ён сказаў, “вонкавую абалонку”, дык асноўны сэнс Ўваскрэсеньня Хрыста ў тым, што яно пацьвердзіла Ягоную Боскасьць, праўдзівасьць Ягонай навукі, збаўчасьць Ягонай сьмерці, а таксама значэньне й моц дараваных Царкве ласкаў. Сэнс Вялікадня ў пераходзе ад сьмерці да жыцьця, ад зямлі да неба, у перамозе дабра над злом. Старажытныя хрысьціяне адзначалі Вялікдзень учынкамі міласэрнасьці. Каралі вызвалялі вязьняў, а вернікі дзяліліся сьвяточнымі стравамі зь беднымі й сіротамі.
Сёлета, калі ўсе хрысьціяне сьвяткуюць Вялікдзень разам, а ў габраяў яшчэ не закончылася сямідзённая Пасха, вельмі дарэчы ўсьвядоміць, што сэнс Вялікадня ў роўнасьці ўсіх перад Богам, у агульным прымірэньні й дараваньні правінаў. Да гэтага заклікаюць у велікоднай песьні: “Уваскрэсеньня дзень прасьветлім урачыстасьцю, і адзін аднаго абдымем, назавем братамі й тых, хто ненавідзіць нас, і гэтак запяем: “Хрыстос Васкрэсе...”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG