Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАПРАГРАМАВАНЫ ЛЁС, А НЕ НАДЗВЫЧАЙНЫ ВЫПАДАК


Аляксандар Уліцёнак, Менск

Зьяўленьне сваёй нядаўняй дырэктывы №1 Аляксандар Лукашэнка наўпрост зьвязаў зь нядаўнімі надзвычайнымі здарэньнямі ў суседзяў. “У Беларусі такога няма і ня будзе дзякуючы моцнай дысцыпліне”, — заявіў Лукашэнка на нарадзе ў Берасьці. Ці можна адной толькі дысцыплінаю засьцерагчыся ад трагедыяў, падобных да тых, што здарыліся ў Архангельску і Маскве? Ці ня спрошчаны такі падыход? Што трэба рабіць, каб пазьбегчы бяды ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы краіны?

Падрывы дамоў, абвалы дахаў, пажары ў Расеі ды ва Ўкраіне беларуская афіцыёзная прапаганда актыўна скарыстоўвае — заяўляе пра стабільнасьць і парадак у беларускай жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. Але тут відавочная нацяжка: скрозь людзям страшна за сябе ды сваіх дзяцей. Паслухайце спадарыню Валянціну зь Бешанковічаў:

(Валянціна: ) “Гэта вуліца Чарняхоўскага. Дом быў пабудаваны яшчэ за панскім часам, ніхто нават і ня ведае, калі… Там можа столь абваліцца людзям на галовы ў любы момант! А лесьвіца драўляная на другі паверх страшная якая!”

Жыхары пасёлку Леніна Горацкага раёну:

(Спадар: ) “Страшна, і надакучыла. Гэта жах. Цывілізаваная краіна, і такія ўмовы! То грошай няма, то іншага няма. Нікому мы не патрэбныя, нікому”.

(Спадарыня: ) “У 13-м пакоі столь правісла. Там маці-адзіночка жыве з 5-гадовым дзіцем. У іх нічога ў пакоі няма, там адзін ложак соваюць з аднаго кута ў другі”.

(Спадарыня: ) “Каб тут не было чаго страшнага! Таму што можа дах абваліцца, а можа будынак загарэцца поўнасьцю...”

Такое на вёсцы сустракаецца часта. Больш за тое: крызыс увесь час нарастае. У прыватнасьці, таму што з 2002 году сельгаспрадпрыемствы адмовіліся ад утрыманьня інфраструктуры жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. А спэцыялізаваныя камунальныя арганізацыі такога возу выцягнуць ня могуць. Яно й нядзіва: зношанасьць будынкаў і камунікацыяў дасягае ажно 70%. Між тым, вясковае жытло — траціна ўсяго жыльлёвага фонду Беларусі. Лёс аварыйных, спарахнелых дамоў у сельскай мясцовасьці стаў сапраўдным галаўным болем для складальнікаў трэцяй за гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі нацыянальнай жыльлёвай праграмы. Пасьля доўгіх дэбатаў вырашылі ўвогуле не чапаць іх ажно да 2006 году. Бо як кранеш — бяды не абярэсься!

(Спадар: ) “Якая тут бясьпека? Тут пліта можа абрынуцца. Размые і на галаву ўпадзе! Будзеш спаць, упадзе на цябе і задушыць... Як школа гэтая, у Краснапольлі. Так і ў нас можа быць”.

Так ужо ёсьць. Па ўсёй краіне... Толькі шчасьлівы зьбег абставінаў папярэдзіў два тыдні таму, калі здарылася трагедыя ў Архангельску, аналягічную непапраўную бяду ў Менску. Тут таксама сярод ночы падвяла газавая заглушка, і толькі цуд выратаваў 10-павярховік на вуліцы Ротмістрава ад поўнага разбурэньня. Расказвае начальнік тэхнічнай інспэкцыі Мінгазу Тацяна Іваненка:

(Іваненка: ) “Значыцца, там быў пажар. У гэтым выпадку пажарнымі акт быў падпісаны, гэтым займаецца пракуратура, лічаць, што, магчыма, быў падпал. У нас газыфікацыя Менску ідзе з 1959 году, такія краны ставіліся й ставяцца, і другога няма. Іншай тэхналёгіі няма. І дзякуй богу, за ўвесь час ня толькі ў нас, але і ўсюды ніколі такога не было, каб там адкручвалі”.

Аднак калі ў Расеі газавыя краны цяпер імкнуцца выносіць за межы жылых памяшканьняў, бо на дварэ канцэнтрацыя газу не магчымая, дык у Беларусі на памянёны надзвычайны выпадак ніяк не зрэагавалі:

(Іваненка: ) “Гэтыя газавыя ўводы, яны, пэўне ж, маюць кран. Таму што, ня дай божа, недзе выхад газу — каб была магчымасьць адключыць дом, пад’езд, раён. Гэтыя краны тэхналёгіяй прадугледжаныя, і ніхто туды (цьфу-цьфу) і ня лазіў. Увогуле дывэрсію можна зрабіць і бяз гэтага крана”.

Традыцыі такія: як пранесла, няма вялікіх ахвяраў, дык і парадак, лепш дзяжурна паспачуваць некаму, а свае праблемы замоўчаць...

(Стрыгіна: ) “Дом наш вельмі стары, ніякага рамонту. Сырасьць вялізарная. У мяне ўсё жыцьцё на сьценах мох рос. І жалеза ад сырасьці ржавела, гніло. Трубы зношаныя. Пах у пад’езьдзе быў заўсёдны... Аднекуль выходзіў газ. Мы тэлефанавалі кожны раз у гаргаз. Прыедуць, паглядзяць — і нічога, ня хочуць шукаць прычыны. Яны, начальнікі, ня надалі значэньня. Кажуць, чалавек лёг спаць ды забыўся адключыць. Гэта проста — на чалавека. Усё ад зношанасьці. Мы жылі й адчувалі, што недзе выходзіць газ”.

Пра гісторыю выбуху ў адным з дамоў гарадзкога пасёлку Акцябарскі расказвала спадарыня Валянціна Стрыгіна. Як і ў менскім шматпавярховіку, пасьля здарэньня аднаўлялі ўвесь пад’езд. Аднак і сёньня ў сталіцы, і чатыры гады таму ў палескім райцэнтры вэртыкальнікі звалілі віну на жыхароў. Улада нібыта ні пры чым. Слова жыхарцы пасёлку Арэхаўск Аршанскага раёну:

(Спадарыня: ) “Вось гэта вуліца Савецкая. Мабыць, якія саветы былі, такая і вуліца засталася — адны баракі. Усё тут развальваецца, усё крышыцца проста! Старшыня сельсавету Бондараў гады тры таму напісаў ліст прэзыдэнту пра нашыя баракі. Думаў, дапаможа. А ліст ягоны як накіравалі ў аблвыканкам, дык самога ледзьве не зьнялі! А тут яшчэ гэтую дырэктыву выдалі… Ну і што? Ну, разваліцца тут усё, пазабівае нас, і тых самых чыноўнікаў паздымаюць! Не, каб усё зрабіць загадзя, па-нармальнаму...”

Знятых чыноўнікаў спадарыня Валянціна згадала ў зьвязку з трагедыямі ў краснапольскай школе і ў псыханэўралягічным дыспансэры пад Дзятлавам. Пажару ў дыспансэры можна было пазьбегчы. За два гады да яго палаў дом-інтэрнат для псыхічна хворых у пасёлку Ірдзіца каля Быхава — ужо тады трэ было правесьці інвэнтарызацыю аналягічных установаў па ўсёй краіне, пачаць іх рэканструкцыю. Але заўвагі пажарных ігнаравалі. Затое грандыёзныя разборкі ды аўралы пачынаюцца пасьля трагедыяў! Тады нярэдка, як кажуць, разам з вадою выплёскваюць і дзіця. Слова — спадарыні Валянціне зь бешанковіцкай вёскі Вярхоўе:

(Валянціна: ) “Глядзельная заля ДК даўно зачыненая. Тры гады таму абвалілася столь. Церазь дзірку лёталі галубы і сьнег з дажджом. Пытаньня рамонту не маглі вырашыць ні мясцовыя, ні раённыя ўлады…А Вярхоўе — гэта ж вялікая вёска! Там, у адрозьненьне ад якой іншай, вельмі шмат моладзі, ёй няма дзе бавіць вольны час...”

Аднак фае Дому культуры было ў добрым стане — тут ладзілі канцэрты, танцы, усё іншае. І вось пасьля краснапольскай трагедыі, калі пры абвале даху ў школе загінулі чатыры чалавекі, зачынілі ўсё цалкам: бо грошай на рамонт няма. Так і сказалі: “Нікому тут ніякая культура не патрэбная, абы жывыя былі!” Мясцовыя жыхары не хаваюць крыўды на тое, як зь імі абышліся:

(Спадарыня: ) “Усяго ў самадзейнасьці ў нас 60 чалавек! Прыяжджаюць людзі й зь іншых вёсак. Дзеці, іншыя сваякі — хто сьпявае, хто грае… Я й сама хадзіла сьпяваць у хор, у мяне выдатны голас!”

(Спадарыня: ) “Нашым дзецям няма куды пайсьці, няма дзе бавіць вольны час…”

(Дзяўчына: ) “Я ня ведаю, хто тут вінаваты, але ён мусіць зрабіць так, каб дом культуры ў нашай вёсцы быў!”

Такім чынам, разуменьне вэртыкальнікамі Лукашэнкі формулы “дысцыпліна і парадак” вельмі спрошчанае. Яны, так бы мовіць, займаюцца не “разьмінаваньнем” небясьпечнага “поля”, а выстаўленьнем “чырвоных сьцяжкоў” небясьпекі. Аднак гэта ня выйсьце, калі няма абыходных “дарог” ці хоць бы “сьцежак”. Ізноў жа пасьля абвалу даху ў Краснапольлі адразу 50 навучальных установаў Віцебшчыны прызналі неадпаведнымі патрабаваньням тэхнікі бясьпекі. І шмат дзе фізкультураю амаль перасталі займацца...

(Спадарыня): “Мы не займаліся ў нашай спартовай залі, бо ў нас пайшлі шчыліны на столі, капала вада... Прыяжджалі людзі, глядзелі, охалі-ахалі, абяцалі адрамантаваць, але нічога так і не зрабілі. У нас на вясновых вакацыях мела быць спартакіяда настаўнікаў. Дык з усіх школ знайшлася толькі адна, дзе быў зроблены рамонт! Больш ува ўсім Кастрычніцкім раёне нармальнае залі мы не змаглі знайсьці”.

Або такі паварот тэмы. Проста ў цэнтры Смалявічаў на перасячэньні чыгункі з ажыўленай аўтатрасаю месьціцца жылы масіў, вялікая школа, дзіцячы садок. Мясьціна тая пазначана чорнай меткаю бяды: бясконца гінуць людзі, нават міліцыянты. А што здарыцца, калі адбудзецца вялікая аварыя? Тамтэйшыя прыгадваюць:

(Ніна: ) “Хацелі раней мост тут зрабіць”.

(Жукоўскі: ) “Мост тут плянавалі рабіць падчас Саюзу. Але потым плян адпаў. Вялікія грошы”.

(Ніна: ) “Трэба невялікі тунэль. Тым больш школа побач. І дзіцячы садок”.

Аднак нічога ня робіцца — адно гучаць заклікі кшталту “Таварыш, будзь пільны!” На нядаўнюю трагедыю ў Азіі, калі пры сутыкненьні двух цягнікоў з палівам загінулі некалькі сотняў жыхароў, мікрараён зрэагаваў патрабаваньнем узяцца нарэшце за небясьпечны пераезд, аднак ні райсавет, ні аблвыканкам не адгукнуліся... Вэртыкальнікі ня вераць, што такое можа здарыцца тут. Тады варта згадаць пра аварыю ў суседнім Барысаве, калі перакуліўся састаў з бэнзынавымі цыстэрнамі. Ня выбухнула. Пашанцавала. А як здарыцца наадварот? У адказ маўчаньне. Гэтаксама маўчалі і ў Кобрыні, калі людзі казалі пра небясьпеку ад паўразбураных бальконаў. Закончылася сьмерцю, аднак яна, адзінкавая, мала на што паўплывала, кажа дэпутат зь Белаазёрску Юрась Губарэвіч:

(Губарэвіч: ) “Праблема, якая можа пагражаць здароўю і жыцьцю, гэта бальконы ў старых хрушчоўскіх будынках. У нас ёсьць некалькі такіх трохпавярховак. Нядаўна праходзіла камісія, і гэтыя бальконы былі прызнаныя аварыйна небясьпечнымі. Камісію сабралі пасьля трагічнага выпадку, які здарыўся ў Кобрыні. Калі людзі выйшлі на балькон, ён абваліўся, былі ахвяры”.

Спробы дэмакратычнай апазыцыі ў Белаазёрскім гарсавеце навесьці парадак у жыльлёвым сэктары не далі асаблівых вынікаў. Хоць сытуацыя патрабуе актыўных дзеяньняў:

(Губарэвіч: ) “Цяпер жыльлёвы фонд налічвае 30–40 гадоў, капітальныя рамонты калі й праводзяцца, то вельмі рэдка, таму што не хапае грошай”.

Актыўнасьць дэмакратаў пры вырашэньні надзённых пытаньняў паспрыяла таму, што вэртыкаль арганізавала давыбары з мэтаю блякаваць тых, каго не супакойваў традыцыйны для ўсёй краіны адказ: “Мы разумеем неабходнасьць радыкальных пераменаў, аднак не дазваляе бюджэт...” Заўважу: у Маскве, Пецярбурзе, ува ўсёй зусім не багатай Расеі складзены спэцыяльныя пляны рэканструкцыі, капітальнага рамонту так званых “цяжкіх” дамоў. Напрыклад, у Калінінградзкай вобласьці ўсе, хто жыве ў аварыйных будынках, атрымаюць нармальныя, бясьпечныя кватэры ўжо да наступнага году. А ў Беларусі сёньня яшчэ толькі думаюць пра складаньне адпаведнага пляну для 2300 сем’яў. Вэртыкальнікі скардзяцца на адсутнасьць грошай, а жыхары мала ня плачуць: далей жыць у такіх умовах са штодзённай рызыкаю для жыцьця нельга.

(Спадарыня: ) “Выклікалі колькі разоў камісію. Камісія прыедзе, паглядзіць і паедзе. Усё. А мы як жылі ў гэтым гнільлі, так і жывем”.

(Спадар: ) “Тут ужо ня ведаеш, у якія дзьверы грукаць. Хоць зьвяртайся ў Эўрапарлямэнт гэты ці як ён там... Ну а што? Калі мы нікому не патрэбныя. Як бясхозныя людзі...”

Жыхары паўразваленага інтэрнату ў пасёлку Леніна Горацкага раёну ня могуць дабіцца дапамогі ўжо колькі гадоў... Летась, праўда, мільгануў праменьчык надзеі: сюды, у музэй баявога польска-савецкага сяброўства, наведваўся прэм’ер-міністар суседняе дзяржавы Лешак Мілер, дык ля дому-развалюхі нарэшце зьявіліся доўгачаканыя будаўнікі. Аднак...

(Спадар: ) “Калі палякі прыяжджалі, то касмэтычны рамонт зрабілі, каб у вочы ня кідалася”.

(Спадарыня: ) “Адзін бок пафарбуюць, а з двара застаецца ўсё абсыпанае, пашарпанае і непафарбаванае”.

Гэтаксама рэтушуецца карціна развалу жыльлёва-камунальнай гаспадаркі ў маштабе ўсёй краіны. Бясконцыя, штодзённыя дробныя й вялікія аварыі вэртыкальнікі характарызуюць як “надзвычайныя здарэньні”. Маўляў, размова пра адзінкавыя выпадкі. У сапраўднасьці ж гэта запраграмаваны савецкім часам і бязьдзейнасьцю сёньняшніх уладаў крызыс жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Адкладаньне яе рэальнай рэформы абарочваецца новымі ахвярамі пры пажарах, пад абваленымі дахамі й бальконамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG