Праглядаючы нядаўна газэту “Бацькаўшчына”, якая выдавалася беларускай эміграцыяй у Нямеччыне, у нумары за 25 сакавіка 1960 году я пабачыла віншаваньне са сьвятамі ад беларусаў з Корсыкі. Да гэтага часу мне не было вядома, каб на гэтай высьпе існавала нейкая беларуская прысутнасьць.
Выпадкова пры сустрэчы запыталася пра гэта ў спадарыні Івонкі Сурвілы і, на маё зьдзіўленьне, яна адразу паведаміла, што добра ведае, адкуль там узяліся беларусы.
Сама яна у той час жыла ў Мадрыдзе, але ўсё гэта моцна закранула ейную сям’ю, якая жыла ў Францыі. Падзеі якраз былі зьвязаныя з візытам у Францыю ў сакавіку 1960 году Мікіты Хрушчова.
(Сурвіла: ) “Францыя запрасіла Хрушчова. Ён прыехаў зь візытам і, відаць, пажадаў, каб палітычныя эмігранты з краінаў Савецкага Саюзу не былі прысутныя там, дзе быў прысутны ён.
Аднаго дня, не папярэджваючы, а пятай гадзіне раніцы паліцыя акружыла дамы эмігрантаў. Між іх было некалькі беларусаў, не памятаю колькі, але ведаю, што наш дом, Міколы Лысухі, Валянціна Міцкевіча. Таксама там жылі людзі іншых нацыянальнасьцяў – украінцы, грузіны і іншыя. Было вельмі шмат людзей, фактычна, з усіх падсавецкіх краінаў.
І вось акружылі наш дом, мы жылі тады каля Парыжу за 12 кілямэтраў. Прыйшлі, арыштавалі тату і брата. Нічога ня кажучы, не патлумачылі чаму, фактычна, як крымінальнікаў. Пасадзілі ў самалёт. Яны думалі, што іх вязуць у Савецкі Саюз. Усе напалохаліся, у роспачы былі, бо ніхто ў Савецкі Саюз не хацеў. Мама плакала, ня ведалі, што сталася. Маму ня ўзялі, бо відаць, лічылі, што жанчыны не ёсьць небясьпечнымі для Хрушчова.
Моцна перажывалі за маму, якая засталася дома адна. Тады наш дом быў крыху аддалены ад іншых дамоў, у полі, і тата моцна хваляваўся з-за гэтага”.
(Сурмач: ) “Спадарыня Івонка, а як жа Мікола Абрамчык, на той час прэзыдэнт Рады БНР, які жыў пад Парыжам, ці забіралі і яго таксама?”
(Сурвіла: ) “Міколу Абрамчыка, тагачаснага прэзыдэнта БНР, не забралі, бо ён, здаецца, тады ня быў у Францыі”.
(Сурмач: ) “Брат Івонкі Лявон Шыманец, які быў тады вывезены разам з бацькам Уладзімерам Шыманцом, патлумачыў, чаму Міколу Абрамчыку удалося пазьбегнуць тады арышту і высылкі на Корсыку”.
(Шыманец: ) “Мікола Абрамчык падказаў бацьку, што нас могуць вывезьці з Парыжу”.
Выглядае, што Мікола Абрамчык аднекуль ведаў, ці здагадваўся пра акцыю і вырашыў на гэты час зьехаць з Францыі, каб пазьбегнуць прыніжэньня.
Лявону Шыманцу у той час было 23 гады, ён і ягоны бацька – абодва працавалі, як і бальшыня іншых.
(Сурмач: ) “Спадар Лявон, ці не маглі вас звольніць з працы за адсутнасьць цягам цэлага месяца?”
(Шыманец: ) “Маглі б. Я мусіў пазваніць у сваю фірму і сказаць, што ня выйду працаваць цэлы месяц. Але, фірмы мелі спэцыяльныя паведамленьні аб тым, што нас нельга звальняць. Бацьку нават заплацілі месячную зарплату, фірма заплаціла”.
(Сурмач: ) “Спадар Лявон таксама сказаў, што ягоная маці, за якую яны з бацькам моцна хваляваліся, не засталася ў сваёй хаце адна”.
(Шыманец: ) “Маці тут сядзела, але паліцыянт каля дзьвярэй стаяў, каб на яе ніхто не нападаў. Каб гэтыя камуністы, калі б даведаліся, што мы паехалі на Корсыку, не прыходзілі з правакацыямі”.
(Сурмач: ) “Спадар Лявон, ці падавалі беларусы ў Францыі і іншыя нацыянальныя суполкі нейкія заявы ў паліцыю на арганізацыю актаў пратэсту супроць візыту Хрушчова, ці увогуле вы зьбіраліся нешта рабіць у гэтым сэнсе?”
(Шыманец: ) “Не, нічога, не зьбіраліся. Гэта Хрушчоў папрасіў дэ Голя, каб ён нас аддаліў і нас адправілі на Корсыку з 15 сакавіка да 15 красавіка”.
(Сурмач: ) “Спадар Лявон, колькі чалавек усяго было вывезена?”
(Шыманец: ) “Усяго людзей, якіх вывезьлі на Корсыку, было каля 800 чалавек. Гэта былі людзі з розных арганізацыяў – зь беларускага "Хаўрусу", грузіны; палякаў вывезьлі, вугорцаў вывезьлі шмат, украінцаў.
У 5 гадзін раніцы яны ўжо чакалі з машынамі, з грузавікамі: "Зьбірайцеся, вы паедзеце на Корсыку!" У нас на кожнага чалавека быў адзін паліцыянт.
Перад тым, як ехаць у аэрапорт, мы яшчэ пасядзелі амаль цэлы дзень у камісарыятах. Зьбіралі там усіх, ня толькі з Парыжу.
Пасьля абеду і вечарам вазілі. Везьлі, як на вакацыі. Там чакалі нас з шампанскім у аэрапорце. Паставілі вялікія намёты, і там хлопцы раздавалі нам шампанскае, ежу. Потым саджалі ў аўтакары і развазілі нас па ўсяе Корсыцы.
Пасялілі ў гатэлях "дзьве зоркі", "тры зоркі", нас было там недзе 40 чалавек. Вельмі добра кармілі. Давалі нам там грошы на кішэнныя выдаткі. Давалі тэлефон званіць у Парыж, з гэтым не было праблемы. У кожным гатэлі быў толькі адзін паліцыянт.
Пазнаёміліся зь іншымі арганізацыямі, мелі для гэтага час. Калі вярнуліся, то зь імі ўжо пачалося нейкае супрацоўніцтва”.
(Сурмач: ) “Спадар Лявон паведаміў, што сярод вывезеных былі даволі вядомыя людзі”.
(Шыманец: ) “Яны вывезьлі дырэктара вялікай аўтамабільнай фірмы, гэта быў грузін, прэзыдэнт аб'яднаньня грузінаў у Францыі. Ягоная дачка была замужам за вядомым францускім дыпляматам. Але сам ён ня меў францускага грамадзянства. Ён не хацеў, хоць ён ужо даўно жыў у Францыі.
Другі грузін – доктар, працаваў у вялікай лябараторыі лекаў, яшчэ адзін – прафэсар Сарбонскага ўнівэрсытэту, жонка – францужанка, дзеці – французы.
На Корсыку вывезьлі таксама Элькампэсіна – гэта "чырвоны генэрал", які ваяваў супроць Франка. Ён пасьля грамадзянскай вайны ў Гішпаніі паехаў ў Савецкі Саюз. Там пражыў сем гадоў і пачаў пратэставаць супроць Сталіна, яго пасадзілі у турму. Потым ён хацеў вярнуцца ў Гішпанію, але там яшчэ быў Франка. Ён прыехаў у Францыю як палітычны ўцякач. Яго вывезьлі на Корсыку, бо баяліся, каб ён не адпомсьціў Хрушчову нейкім чынам. Аб ім газэты шмат пісалі, фота рабілі, бо ён усё ж быў вядомай асобаю”.
(Сурмач: ) “Беларусаў было недзе каля дзесяці чалавек. Ці вас засялілі ўсіх у адным мейсцы?”
(Шыманец: ) “У гарадку, дзе мы былі, на самым поўдні Корсыкі – мястэчка Прапрыяна, над морам. Мы з бацькам былі ўдвох у гэтым мястэчку, а рэшта беларусаў – на поўначы Корсыкі. Для мяне была нагода пабачыць Корсыку. Надвор'е было надзвычайнае! Таксоўкаю езьдзілі па Корсыцы, многа пабачылі.
Там было мястэчка такое, адныя камуністы там жылі, тры кілямэтры ад нашага. Дык гэтыя камуністы прыходзілі нас правакаваць, шукалі бойкі, гэта была непрыемная рэч”.
(Сурмач: ) “Як увогуле вам там пачувалася?”
(Шыманец: ) “Я быў малады, у мяне не было праблемаў, для мяне гэта былі сапраўдныя вакацыі. Але для бацькі і для ўсіх людзей, якія кіравалі рознымі арганізацыямі, гэта былі людзі па 50-60 гадоў, ў іх быў страх, каб іх назад не завязьлі ў Савецкі Саюз.
Маладыя вугорцы былі, дык адзін утапіўся ў моры, бо баяўся, што назад завязуць у Будапэшт”.
(Сурмач: ) “У гэтых умовах людзі не абураліся, ніхто не пратэставаў?”
(Шыманец: ) “Кожны дзень у прэсе пісалася пра нас, што гэта ненармальна. Так пісала француская прэса. Давалі інфармацыю, як мы там жывем, фота рабілі. Але камэнтары заўсёды былі ня вельмі добрыя для дэ Голя. Журналісты абураліся, як гэта можна так вывозіць людзей. Быў вялікі, вялікі скандал, цэлы месяц прэса пра гэта пісала”.
Беларусы трапілі на Корсыку якраз пад час сакавіцкіх сьвятаў, угодак Беларускай Народнай Рэспублікі. Іх разьвезьлі па розных мейсцах, і сьвяткаваць разам яны не маглі. Тады было вырашана накіраваць сьвяточнае віншаваньне сваім суродзічам, якое і было надрукаванае ў газэце “Бацькаўшчына”. Спадар Лявон кажа, што, верагодна, гэты тэкст напісаў ягоны быцька:
“З нагоды Сакавіцкага сьвята мы, беларусы, інтэрнаваныя на Корсыцы ў сувязі з прыездам Хрушчова ў Францыю, перасылаем нашыя найшчырэйшыя прывітаньні ўсім тым, што змагаюцца за волю нашага народу і заклікаем узмоцніць свае намаганьні ў барацьбе з нашым адвечным ворагам –бальшавізмам, які ня спыняе нас перасьледаваць як на Бацькаўшчыне, так і тут на эміграцыі. Жыве Беларусь!”
Уся апэрацыя па высяленьню тых, хто мог пратэставаць супроць Хрушчова, была абстаўленая так, што выглядала, як турыстычная вандроўка, і для іх былі створаныя як бы ўсе ўмовы для адпачынку. Але, як мяркуе Івонка Сурвіла, па сутнасьці ўсё было інакш.
(Сурвіла: ) “Умовы на Корсыцы мусілі быць добрыя, бо там цудоўнае надвор'е, цудоўныя краявіды, гэта турыстычная выспа. З гэтага пункту гледжаньня нічога дрэннага. Але, факт, што яны былі вывезеныя такім спосабам, гэта было страшэннае прыніжэньне.
Практыкі гэтай, безумоўна, ніхто не зразумеў, бо ніхто з гэтых людзей ня быў тэрарыстам. Гэта былі нармальныя людзі, спакойныя, якія нармальна працавалі. Але, відаць, трэба было паказаць Хрушчову, што яго вельмі добра прымаюць.
Назаўсёды засталася гэтая падзея ў нашым жыцьці і потым тата гэтым вельмі ганарыўся таму, што яго палічылі ворагам Савецкага Саюзу”.
(Сурмач: ) “Лявон Шыманец лічыць, што ініцыятыва больш сыходзіла ад савецкага боку”.
(Шыманец: ) “Гэта амбасада расейская ўсё арганізавала. Калі прыяжджаў Брэжнеў, то некаторых, напрыклад, грузінаў, ізноў павезьлі на Корсыку, нашмат менш, але павезьлі. Бацьку ўжо не кранулі і мяне таксама.
Я цяпер французам часам распавядаю. Яны таксама вельмі зьдзіўляюцца, што я быў арыштаваны і вывезены на Корсыку. Ад таго часу ўжо больш паважаюць, каб гэта не паўтаралася. Але, усё ж такі, так было”.