Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫВАЯ МОВА: РАДА Ў РАДУ, НЯМА РАДЫ, ДАЦЬ РАДЫ, БРАЦЬ РАДУ, РАДЗІЦЬ РАДЫ


Юрась Бушлякоў, Менск

У пятнічных выпусках “Жывой мовы” мы прыпамінаем беларускія фразэмы й прыказкі. Гэтым разам крыху пра ўстойлівыя спалучэньні з назоўнікам рада. Зь іх, здаецца, найбольш рэгулярная ў маўленьні фразэма даць рады. Мы спраўляемся зь нечым, нешта адольваем, пераадольваем – тым самым мы даем рады. Гаворым, напрыклад, што дактары далі рады – паставілі хворага на ногі. Апынуўшыся ў нялёгкай сытуацыі, думаем, як даць рады. Не заўсёды ўдаецца зь нечым або з некім справіцца – можам проста ня даць рады. У роспачы тады гаворым, што няма рады. Работа, прыкладам, ня выйшла – што ж, няма рады, прыйдзецца перарабіць. Шукаем спосабу разьвязаць якую праблему – раімся ды – рада ў раду – праблему вырашаем. Рада ў раду – значыць параіўшыся, падумаўшы. Радзячыся з кім-небудзь, абмяркоўваючы што-небудзь, мы радзім рады / раду. Нярэдка трэба ўзяць раду. Сабраліся ўкруг, сталі браць раду, як збыць такую бяду, – гэты сказ з фразэмаю браць раду я выпісаў з фразэалягічнага збору Фёдара Янкоўскага.

Набіраецца цэлая жменя ўстойлівых спалучэньняў, у складзе якіх слова рада. Бярэм раду, радзім рады і так – рада ў раду – робім свой выбар, даем рады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG