Сьвяткаваньне Дня незалежнасьці пачнецца ўвечары 25 сакавіка народнымі гуляньнямі каля Менскай ратушы. Пасьля будзе ўскладаньне кветак да помніка Янку Купалу й урачысты канцэрт у Доме вэтэранаў. А 21 сакавіка ў сядзібе БНФ адкрыецца выстава твораў Івонкі Сурвіллы і Ілоны Барадулінай ды малебен памяці Кастуся Каліноўскага. (22 сакавіка спаўняецца 140 гадоў з дня пакараньня сьмерцю нацыянальнага героя Беларусі.)
Чаму аргкамітэт вырашыў адзначаць сьвята больш сьціпла, чым у папярэднія гады, тлумачыць сустаршыня аргкамітэту Аляксей Марачкін:
(Марачкін: ) “Мы былі бы зацікаўленыя, каб народ, дзясяткі тысяч чалавек выйшлі бы на вуліцу — і мы бы прайшлі па горадзе. Але палітычныя партыі не пагадзіліся з прычыны таго, што людзей цяпер цяжка вывесьці на вуліцу. Вырашылі, што найбольш масавым шэсьцем, дзе прагучыць і сёньняшняя праблема жыцьця кожнага беларуса, і праблема экалёгіі — будзе 26 красавіка Чарнобыльскі шлях”.
Аргкамітэт прыняў зварот з нагоды 86-х угодкаў БНР пад назваю “За незалежную Беларусь — разам!”
Пісьменьніца Вольга Іпатава сказала, што яна і яе калегі падрыхтавалі да сьвята шэраг публікацыяў пра БНР у газэтах.
Старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі Ўладзімер Колас распавёў пра яшчэ адну ініцыятыву:
(Колас: ) “Ад імя Рады беларускай інтэлігенцыі мы выступілі з праектам тэксту пагадненьня дэмакратычных сілаў Беларусі. У справе каардынацыі й кансалідацыі намаганьняў па ажыцьцяўленьні дэмакратычных зьменаў і па забесьпячэньні справядлівых выбараў мы прапанавалі падпісаць гэтае пагадненьне 25 сакавіка, зрабіць такі падарунак беларускаму народу. Як паставяцца да гэтага палітычныя партыі — будзем чакаць. У прынцыпе, прапанова прынятая зь цікавасьцю. Мы будзем на гэтым настойваць, бо ўсім зразумела, што без кансалідацыі ўсіх нашых сілаў нам цяжка спадзявацца на нейкія рэальныя зьмены да лепшага”.
Пагадненьне прадугледжвае больш шчыльнае супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў у часе выбарчай кампаніі.