Дваццаць сем першых паркаматаў ужо ўсталяваныя і працуюць у цэнтры Менску. Прыкладам, учора я паркаваў свой аўтамабіль на плошчы Свабоды побач з кансэрваторыяй і ўжо мог карыстацца паркаматам. Аднак я ня меў карткі, таму толькі падзівіўся на мэталічную шэра-жоўтую скрыню на блакітных апорах з лацінскай літарай “P” на баках. Гэтым разам я расплаціўся за паркоўку з кантралёрам па-старому, грашыма, але той мяне папярэдзіў, што хутка яго з гэтага месца перавядуць, тады абслугоўваць аўтамабілістаў будуць толькі паркаматы.
Аляксандар Скварцоў, які ўзначальвае ўчастак парковак у гаражнай управе Менскага гарвыканкаму, учора адмыслова аб’яжджаў усе дзейныя паркаматы з праверкай:
(Скварцоў: ) “З дваццаці сямі паркаматаў невялікія няспраўнасьці знайшлі толькі ў адным, яго будуць рамантаваць адмыслоўцы. А астатнія ўсе працуюць добра. Яны працавалі ў дыяпазоне тэмпэратураў ад мінус 20 градусаў да плюс 2. Такім чынам, у мінусавых тэмпэратурах паркаматы зарэкамэндавалі сябе добра”.
Якая перавага паркамата перад кантралёрам і як будзе наладжаны кантроль за тым, каб карыстальнікі парковак расплачваліся за паслугі? Аляксандар Скварцоў патлумачыў, што паркаматы дапамогуць перавесьці разьлікі ў безнаяўны рэжым, а гэта павялічыць прыбыткі, бо цяпер частка грошай застаецца ў кішэнях кантралёраў. Што да кантролю за разьлікамі, то гэтае права даецца супрацоўнікам падатковых органаў, ДАІ і падначаленым Аляксандра Скварцова з участку парковак.
Кожны карыстальнік паркоўкай перш як адысьці, мусіць пакінуць за шклом свайго аўтамабіля квіток з аплатай за пэўны час стаянкі. Гэты квіток яму выдасьць паркамат. Калі чалавек праігнаруе гэтае правіла, то рызыкуе атрымаць штраф, прычым штрафная квітанцыя знойдзе яго і дома. Аднак Аляксандар Скварцоў перакананы, што менчукам спадабаецца карыстацца паркаматамі. Электронныя карткі для разьлікаў ужо можна купіць у кантралёраў альбо ў шапіках Саюздруку: картка на пяць гадзінаў паркоўкі каштуе 6500 рублёў, ёсьць удвая даражэйшая картка — на 10 гадзінаў. Мінімальны час для разьліку карткай складае 10 хвілінаў, а кантралёр бярэ плату прынамсі за 20 хвілінаў стаянкі. Гэта адна зь перавагаў паркамата, — лічыць Аляксандар Скварцоў.
“Паркаматызацыя” Менску пойдзе хуткімі тэмпамі, запэўніў мяне Аляксандар Скварцоў:
(Скварцоў: ) “Комплексная праграма разьвіцьця парковак прадугледжвае абсталяваньне паркаматамі спачатку ўсяго цэнтру гораду, а потым і шырэй — да 2-га аўтамабільнага кальца. І мэта ня толькі зьбіраць грошы, але і ўпарадкаваць рух аўтатранспарту, каб даць магчымасьць паркавацца побач з крамамі, рынкамі, установамі культуры. Безумоўна, побач са шпіталямі платных парковак ня будзе”.