Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВАЯ FM-СТАНЦЫЯ ВЕРНЕ Ў ЭФІР ДЫКТАРАЎ


Ігар Карней, Менск

Самая вялікая адметнасьць праекту — вяртаньне савецкай практыкі дыктараў у эфіры: журналісты будуць толькі рыхтаваць паведамленьні, а чытаць іх даручана прафэсіяналам, якіх пазбавіліся на дзяржаўным радыё.

Ад шостай раніцы да абеду на разрэклямаванай частаце 92,4 можна было пачуць толькі памехі. Аднак і пасьля таго, як праз шум нарэшце прарэзаліся пазыўныя, наладзіць прымач аказалася цяжка: частата “Радыё Мінск” — на самым памежжы з ультракароткімі хвалямі, што ніяк не спрыяе якаснаму прыёму.

Першая палова гадзіны праслухоўваньня “Радыё Мінск” паказала, што фармат цалкам адпрацаваны папярэднікамі. Пяць-шэсьць расейскіх поп-выканаўцаў, паміж імі гамоніць ды-джэй, і толькі перад інфармацыйным блёкам загучаў Элтан Джон — у пацьверджаньне таго, што, як казалася ў прэс-рэлізе, “на хвалях будуць гучаць найлепшыя гіты эўрапейскай і амэрыканскай музыкі”. Кожныя наступныя паўгадзіны ў праграме “Менскі мэрыдыян” зьяўляліся дыктары, якія добра пастаўленымі галасамі па-расейску паведамлялі апошнія падзеі ў сьвеце — мяркуючы па тэкстах, пазычаныя ў Інтэрнэце. Навіны пра Беларусь — з агенцыяў БелТА і “Мінск-навіны”.

Прыкметай мясцовага калярыту абяцаюць стаць уключэньні з кабінэтаў выканкамаўскіх чыноўнікаў, якія са зьяўленьнем “Радыё Мінск” атрымалі для сябе яшчэ адну трыбуну. Але Менгарвыканкам — толькі сузаснавальнік радыё. Арганізацыя вяшчаньня цалкам на плячах агенцыі “Мінск-навіны”, дзе кіраўніком Рыгор Новікаў. Ён жа — генэральны дырэктар радыё. Раней працаваў у БелТА, “Советской Белоруссии”, узначальваў тэлеканал СТВ, пакуль ня быў заменены тэлеідэолягам Зімоўскім.

Былы рэдактар “Радыё-2” Уладзімер Дзюба перакананы, што ў беларускіх умовах татальнага кантролю за ўсімі мас-мэдыямі нічога прынцыпова новага зьявіцца ня можа. І FM-эфір – ня выключэньне.

(Дзюба: ) “Яны ўсе, калі ўзяць творчы бок, як пальцы на адной руцэ падобныя паміж сабой. Адзінае — можа, музычны шэраг розьніцца. Але формай падачы інфармацыі прынцып вяшчаньня агульны (няхай яны не крыўдуюць): што бачу, пра тое і сьпяваю. Грунтоўных, аналітычных праграмаў (ня маю на ўвазе толькі палітыку), якія б несьлі карысную інфармацыю, выхаваўчы пасыл да слухача — такога, на вялікі жаль, няма. Усё скіравана на рэкляму і “забаўляльнасьць”. Абвінавачваць іх, канечне, нельга: яны проста пастаўленыя ў такія ўмовы. Гэта спроба падпарадкаваць іх да агульнай, аўтарытарнай ідэалёгіі, якая пускае карані ў Беларусі. Пра незалежнасьць, пра свабоду распаўсюду інфармацыі ў дадзеным выпадку ня можа быць і размовы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG