Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІЛЕХАМЭР: БЕЛАРУСКІЯ АЛІМПІЙЦЫ ПАД БЕЛ-ЧЫРВОНА-БЕЛЫМ СЬЦЯГАМ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Зіма 1994 года ў Лілехамэры была нават больш сьнежная, чым сёлетняя ў Беларусі . Каб хадзіць па алімпійскаму гарадку, у сьнезе пракапалі сапраўдныя траншэі у чалавечы рост, згадвае вядомая беларуская біятляністка Сьвятлана Парамыгіна, якая 10 гадоў таму заваявала першы срэбны алімпійскі мэдаль для зборнай сувэрэннай Беларусі. Калі падымалі сьцягі краінаў-пераможцаў , у тым ліку і бел-чырвона-белы сьцяг Беларусі, Сьвятлана Парамыгіна адначасова адчувала шчасьце і смутак.

(Парамыгіна: ) “Што адчувае чалавек, калі ў ягоны гонар ўздымаюць сьцяг ягонай краіны? Гэта вядома з усіх крыніцаў. Але я тады адчувала і смутак, што так, сьцяг падымаюць, але ён крыху ніжэй за сьцяг іншай краіны і наш гімн не гучыць”.

Нагадаю, Сьвятлана Парамыгіна прыйшла на фініш усяго на адну дзясятую сэкунды пазьней за пераможцу. Крышачку не пашанцавала і славутаму беларускаму канькабежцу Ігару Жалязоўскаму. На дыстанцыі ён толькі раз дакрануўся да лёду рукой, але згубленыя шэсьць сотых сэкунды не дазволілі атрымаць золата. Толькі срэбра.

І ўсё роўна вынік той каманды, над якой лунаў бел-чырвона-белы сьцяг, дагэтуль найлепшы ў гісторыі выступаў беларускіх спартоўцаў на зімовых алімпіядах. Праз 4 гады ў Нагана было толькі 2 бронзавыя мэдалі, а на апошняй зімовай алімпіядзе ў амэрыканскім Солт-Лэйк-Сіці былі вельмі радыя аднаму бронзаваму мэдалю фрыстайліста Грышына.

Між тым, тагачасны спартовы інвэнтар быў непараўнальны зь цяперашнім, адзначаюць спартоўцы і іхныя трэнэры. Тая ж Сьвятлана Парамыгіна заваявала свой мэдаль на лыжах, якім было 5 гадоў, і спартовая стрэльба ў яе не была прыстасаваная для вялікіх маразоў. Цяпер беларускія біятляністы экіпіраваныя ня горш за найлепшыя каманды сьвету, прызнаюць нават іхныя супернікі з Расеі.

У шматкроць павялічыліся і прэміяльныя. Сьвятлана Парамыгіна атрымала за срэбны мэдаль 3 тысячы даляраў прэміяльных ды столькі ж у беларускіх рублях, атаварыць якія ў 1994 годзе ёй дамапагла толькі вядомасьць. А вось прэміяльныя за золата на алімпіядзе ў Афінах, якая пройдзе ужо сёлета ў жніўні, складуць ажно 60 тысяч даляраў. Срэбны медаль ацэнены ў 30 тысяч, бронзавы – у 20 тысяч даляраў.

Усяго плянуецца заваяваць 25 мэдалёў, але гэтая задача, пастаўленая Аляксандрам Лукашэнкам, многім падаецца нерэальнай. Тым больш, што за апошнія месяцы беларуская каманда згубіла некалькі вядучых спартоўцаў, дыскваліфікаваных за ужываньне допінгу. Прыкладам, не паедзе ў Афіны прызэрка апошняга чэмпіянату Эўропы плыўчыха Аляксандра Герасіменя, якую дыскваліфікавалі ажно да 2005 году.

Паводле некаторых адмыслоўцаў, спорт ў Беларусі стаў сапраўднай пагоняй за мэдалямі, зь ягонай дапамогай улады спрабуюць падняць свой рэйтынг і кампэнсаваць няўдачы ў падвышэньні узроўню жыцьця. Між тым, масавы спорт разьвіваецца недастаткова. Пра недахопы ў разьвіцьці масавага спорту мусіў учора загаварыць і міністар спорту Юры Сівакоў. "Вось мы паставілі чыноўнікаў на лыжы, дзе на асфальт, дзе на сьнег. Чыноўнікі прабеглі. Пасьля гэтага ўсе "ўмазалі" добра, "абмылі" гэтую справу, што засталіся жывыя – і мы правялі акцыю, далучылі чыноўнікаў да спорту. Мы паспрабавалі правесьці беларускую лыжню прыгожа, але атрымалася зноў брыдка. Брыдка ўсё тое, што насаджаецца штучна”,– зазначыў на нарадзе у Нацыянальным алімпійскім камітэце міністар спорту Юры Сівакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG