Усе гарадзкія рынкі Віцебску сёньня па-ранейшаму страйкуюць. Да рэчавых рынкаў гораду далучыліся аўтарынкі. Каля крытага рынку “Мішэль” увесь час стаяць дзясяткі машынаў: прадпрымальнікі пад’яжджаюць, адведваюць галадоўнікаў, ізноў ад’яжджаюць, каб неўзабаве вярнуцца ды не прапусьціць апошнія навіны. Людзі знаходзяцца ў вельмі напружаным стане, увесь час не змаўкаюць тэлефонныя званкі, і прадпрымальнікі дзеляцца паміж сабою сьвежай інфармацыяй.
(Спадарыня: ) “Так? Вось вядома, што ў іншых гарадох таксама застрайкавалі. Далучыліся 5 гарадоў, нават 7, мне ўжо падказваюць. Гэта Наваполацк, Ворша, Рэчыца, Ваўкавыск, Берасьце, Магілёў заўтра… Спадзяемся не падтрымку іншых…”
(Спадарыня: ) “Вось толькі што патэлефанавалі зь Менску, сказалі, што яны нас падтрымліваюць, сказалі, што па “Альфа-радыё” сёньня цэлы дзень гавораць пра тое, што ў Віцебску галадоўка. Кажуць, калі трэба, паклічце, мы прыедзем”.
Мабільныя тэлефоны тут напагатове ў кожнага. А яшчэ па руках ходзяць улёткі з апошнімі паведамленьнямі “Радыё Свабода”, нумары газэты “Народная воля”. Што да дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі, то прадпрымальнікі скрайне незадаволеныя публікацыямі ў віцебскіх газэтах, якія пішуць пра галадоўку адно з гледзішча гарадзкіх чыноўнікаў і скардзяцца, што дзяржаўныя СМІ не даюць аб’ектыўнае інфармацыі.
(Спадарыня: ) “Учора прыяжджалі з ОНТ, здымалі, абяцалі, што зробяць усё, што ў іхных сілах. А ўвечары прыехаў апэратар і папрасіў у нас прабачэньня, бо яны падрыхтавалі рэпартаж, прайшоў анонс, але выразалі ўсё, што яны здымалі тут у нас, як усё адбывалася. Мы не пакрыўдзіліся, бо бычылі, што яны нас падтрымліваюць, але ня ўсё ад іх залежыць”.
Стан здароўя удзельнікаў галадоўкі зь дня на дзень пагаршаецца. З учорашняга дня раённая паліклініка дысылае сюды брыгаду лекараў, якія пазьменна дзяжураць у памяшканьні рынку “Мішэль”. Праўда, камэнтаваць стан здароўя ўдзельнікаў акцыі гэтыя дзьве жанчыны адмовіліся, зазначыўшы, што гэта пытаньні палітычныя, і ў іх потым могуць быць непрыемнасьці на працы.
Да ліку галадоўнікаў сёньня дадаліся яшчэ два чалавекі: дваццацігадовы хлопец і спадарыня, якая мае двух сыноў таго ж веку.
(Спадарыня: ) “Што мяне падштурхнула? Я прадпрымальніца ад самага пачатку перабудовы, і сыны мае таксама. Мы законапаслухмяныя грамадзяне, але, калі нас ужо “паставілі да сьценкі”, нам трэба або аддаць тавары на канфіскацыю, або страйкаваць. Іншага шляху ў нас няма”.
Па абедзе стала вядома, што некалькі віцебскіх чыноўнікаў паехалі ў Менск, у Савет Міністраў, каб яшчэ раз абмеркаваць прынятыя рашэньні гарвыканкаму, якія выклікалі вострае незадавальненьне прадпрымальнікаў. Ад рынку “Мішэль” ніхто не разыходзіцца: удзельнікі галадоўкі разам са сваімі калегамі штохвіліны чакаюць вынікаў.