Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР БУХВОСТАЎ І ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ СТВАРЫЛІ АБ’ЯДНАНЫ ПРАФСАЮЗ


Галіна Абакунчык, Менск

Сябры новага прафсаюзу заявілі, што калі ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы руху з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў альбо уладных структураў будзе працягвацца й надалей, то яны будуць разглядаць пытаньне пра выхад са складу Фэдэрацыі прафсаюзаў й далучэньне да Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі.

Лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, а таксама сябры суполак зь Берасьця, Горадні, Магілёва й іншых гарадоў казалі пра шматлікія факты парушэньняў правоў рабочых падчас падпісаньня працоўных кантрактаў, беспадстаўныя звальненьні актывістаў, ціск на сяброў суполак з патрабаваньнямі пераходзіць у прадзяржаўны Прафсаюз прамысловасьці. Гэтыя й іншыя факты сталіся падставай для аб’яднаньня, каб супольна абараняць свае правы. Вось што ў інтэрвію Свабодзе сказала кіраўніца прасаюзу берасьцейскага заводу “Цьветатрон” Зінаіда Міхнюк:

(Міхнюк: ) “На нас сёньня глядзяць усе астатнія галіновыя прафсаюзы фэдэрацыі. І выстаім мы сёньня — значыць, незалежнаму прафсаюзнаму руху ў Беларусі быць. Не атрымаецца — зробім яшчэ адзін крок назад”.

Удзельнікі зьезду прынялі папраўкі ў статут аб’яднаньня, у выніку якіх да прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці далучыліся суполкі Незалежнага прафсаюзу аўтамабільнага й сельскагаспадарчага машынабудаваньня, створанага пасьля звальненьня з пасады старшыні Аляксандра Бухвоства. Вось што спадар Бухвостаў сказаў пра задачы аб’яднанага прафзьвязу:

(Бухвостаў: ) “Гэты прафсаюз павінны стаць незалежным, такім, вакол якога маглі бы аб’ядноўвацца ўсе сілы, якія стаяць на шляху самастойнага, свабоднага прафсаюзнага руху”.

Пытаньне старшынёўства ў новым прафзьвязе, які атрымаў назву РЭПАМ, пакуль застаецца адкрытым да ягонай рэгістрацыі. Ня вырашанае таксама й пытаньне далейшага сяброўства ў ФПБ. Вось што пра гэта заявіў Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Калі кіраўніцтва Фэдэрацыі, улады й надалей будуць умешвацца ва ўнутраныя справы прафсаюзаў, то, безумоўна, у самы хуткі час мы будзем разглядаць пытаньне аб зваім знаходжаньні ў Фэдэрацыі. Калі так здарыцца, то мы адны ня будзем — мы даем магчымасьць далучыцца да нашага прафзьвязу, які стаіць на дэмакратычных і незалежных асновах, усім грамадзянам нашай краіны. Думаю, што за гэтым прафсаюзам — будучыня”.

Далейшы лёс новага прафсаюзу стане вядомы цягам месяца, падчас якога павінна адбыцца ягоная рэгістрацыя ў Міністэрстве юстыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG