Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 ЛЮТАГА БЕЛАРУСЬ АДМОВІЛАСЯ АД РАСЕЙСКАЙ ЭЛЕКТРАЭНЭРГІІ


Юры Сьвірко, Менск

У лютым жыхары Беларусі будуць плаціць 72 рублі 70 капеек за 1 кіляват-гадзіну электраэнэргіі. Гэтая індэксацыя адбылася ў той жа дзень, калі канцэрн “Белэнэрга” вырашыў адмовіцца да імпарту электраэнэргіі з Расеі. Штогоду Беларусь спажывае каля 34 мільярдаў кіляват-гадзінаў энэргіі, зь іх 26 мільярдаў вырабляецца на беларускай тэрыторыі, а астатняе было пастаўкамі з Расеі ды Літвы.

Паводле першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі, дзеля поўнага замяшчэньня імпарту электраэнэргіі ў Беларусі проста не хапае газу. З расейскім газам і так цяпер праблемы — “Газпром” спыніў пастаўкі і дагэтуль не падпісаў кантракту на гэты год, а кампанія “Ітэра” засталася адзіным пастаўшчыком і таксама не падпісвае дамовы на вялікія аб’ёмы газу. Летась электрычнасьць куплялі ў Расеі, плаціўшы 1,68 амэрыканскага цэнта за кіляват-гадзіну. Сёлета расейскія вытворцы выставілі “Белэнэрга” тарыф 2,16 цэнта. Яшчэ 31 студзеня пэўная колькасьць энэргіі з Расеі ў Беларусь паступіла, а ў нядзелю 1 лютага пастаўкі былі цалкам спыненыя, што пацьвердзіў дарадца генэральнага дырэктара “Белэнэрга” Ўладзімер Кардуба:

(Кардуба: ) “Так, сапраўды так. Юрыдычна мы кантракту з расейцамі ня маем”.

Беларускі ўрад кажа, што калі Расея ня зьменшыць цэнаў, дык будзе больш выгадна вырабляць уласную энэргію — на мазуце, — кошт якой будзе амаль такі самы, а яшчэ павялічыцца попыт на мазут беларускіх заводаў і адпаведна вырастуць сумы сабраных падаткаў — на 119 мільярдаў рублёў.

Але эканаміст Валер Дашкевіч кажа, што мазут у Беларусі збольшага таксама імпартны, беларускія заводы вырабляюць яго з давальніцкай сыравіны і вяртаюць назад. Да таго ж цывілізаваны сьвет даўно ня спальвае нафтапрадуктаў дзеля атрыманьня электрычнасьці, зазначае спадар Дашкевіч. Спадар Кардуба ад камэнтароў на гэтую тэму адмовіўся:

(Кардуба: ) “Гэта іншая справа — на чым мы будзем працаваць: дровамі паліць або вуглем. На чым мы вырабляем яе — вам якая розьніца?”

Шэф спадара Кардубы — гендырэктар “Белэнэрга” Сяргей Белы падтрымлівае тэзу пра выгаднасьць пераходу на мазут, але лічыць неабходным імпарт электрычнасьці “з гледзішча энэргетычнай бясьпекі краіны”. Таму Менск кантактуе зь іншымі суседнімі дзяржавамі. Міністар энэргетыкі Беларусі даручыў спадару Беламу ўжо ў 1-м квартале сёлета падрыхтаваць кантракт з украінскім Міністэрствам паліва ды энэргетыкі на прымальных умовах. А раней Менск наведала дэлегацыя “Латвэнэрга”, зь якой абмяркоўвалі мажлівасьці набываць лішкі электрычнасьці, што ўтвараюцца ў Латвіі падчас паводкі, празь лінію электраперадачы на Віцебшчыне, якая пакуль не працуе, але можа быць задзейнічаная. Ідуць перамовы і зь Літвой, якая раней прадавала энэргію Беларусі.

Аднак прадстаўнік “Белэнэрга” Ўладзімер Кардуба заўляе, што ніякага дэфіцыту электрычнасьці ў Беларусі няма:

(Кардуба: ) “Энэргія — такі прадукт, што колькі яе трэба, столькі й мусіць вырабляцца проста цяпер. Мы загрузілі свае станцыі й працуем. І не адчуваем ніякага дэфіцыту што да энэргіі”.

Шукаючы альтэрнатыву расейскаму газу, “Белэнэрга” зьвярнула ўвагу ня толькі на мазут, але й на ваду, вугаль і нават сьмецьце, якія будуць перапрацоўваць дзякуючы фінансам з Захаду. Сёлета ў 1-м квартале на Нёмане пачнецца будаўніцтва Гарадзенскай гідраэлектрастанцыі магутнасьцю 80 мільёнаў кіляват-гадзінаў штогод. Крэдытаваць праект будзе Чэскі экспартны банк. Гэта будзе першым крокам у рэалізацыі праграмы будаўніцтва гідраэлектрастанцыяў на Нёмане й Заходняй Дзьвіне. А на Берасьцейшчыне пабудуюць цеплаэлектрастанцыю, якая будзе спажываць польскі вугаль. Фінансаваць яе будуць іншыя эўрапейскія банкі.

У Менску ж выпрацоўваць электраэнэргію плянуюць са сьмецьця. Сёлета на месцы былога канцлягеру “Трасьцянец” з дапамогай нямецкай фірмы “УПМ” мяркуюць пачаць будаўніцтва заводу, які будзе перапрацоўваць сьмецьце пры нізкіх тэмпэратурах, утвараючы электраэнэргію ды газ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG