Аляксандар Лукашэнка сёньня прысьвяціў газавай праблеме частку сваёй нарады з урадам. Паводле ягоных выказваньняў, ня варта драматызаваць газавыя супярэчнасьці, патрэбна весьці перамовы з расейскім бокам, нягледзячы на ўсе цяжкасьці і не ісьці на канфлікт, у тым ліку праз СМІ. Ці ёсьць нейкія зьмены ў пазыцыі афіцыйнага Менску на гэтых перамовах — Аляксандар Лукашэнка не патлумачыў.
Больш выразна на тэму перамоваў з “Газпромам” сёньня выказаўся першы віцэ-прэм’ер беларускага ўраду Ўладзімер Сямашка, выступаючы на калегіі Мінэнэрга. Гаворыць прэсавы сакратар Міністэрства энэргетыкі Лілія Дулінец:
(Дулінец: ) “Пакуль кантракт з “Газпромам” не падпісаны, аднак перамовы ідуць, як ён сказаў, складана, але паступальна. Так што ўсё будзе добра, адзінае, што ён сказаў, што сумеснае прадпрыемства, можа, у сярэдзіне году створым. А потым далей будзем весьці перамовы аб пастаўках газу па цане пятага цэнавага поясу Расеі”, — гэтак Лілія Дулінец пераказала словы першага віцэ-прэм’ера Ўладзімера Сямашкі.
Паводле гендырэктара “Белтрансгазу” Пятра Пётуха, Беларусі ў лютым патрэбна 1,8 мільярда кубамэтраў газу.
Сёньня, калі скончыўся тэрмін дзеяньня дадатковых кантрактаў на пастаўку газу ў Беларусь, зноў у апошні момант была дасягнутая дамоўленасьць пра падпісаньне новага кантракту на пастаўку газу ў Беларусь кампаніямі “Ітэра” і “Транснафта” на люты.
Агенцтва “Прайм-ТАСС” яшчэ раніцай са спасылкай на “Белтрансгаз” паведаміла, што незалежныя пастаўцы працягнулі на люты ранейшыя кантракты, на ўмовах, блізкіх да тых, што былі ў студзені. Гэта значыць, за 47 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў газу.
Прэсавы сакратар групы кампаніяў “Ітэра” Яўген Астапаў падкарэктаваў гэтую інфармацыю, зазначыўшы, што працягнуць стары кантракт нельга:
(Астапаў: ) “Дэлегацыя “Ітэры” цяпер, па-мойму, знаходзіцца на шляху ў Менск для таго, каб падпісваць катракт. Я думаю, што пазыцыі бакоў узгодненыя, калі дэлегацыя “Ітэры” вылецела для перамоваў”.
Пра аб’ёмы паставак і кошты Я.Астапаў інфармацыі пакуль ня меў.
Тое, што няма ніякіх шанцаў на атрыманьне газу па ранейшым льготным кошце, урэшце прызнаў і ўрад, які абвясьціў пра 24-адсоткавае падвышэньне ўнутраных коштаў на газ. Паведамляецца, што яно ня будзе датычыць насельніцтва, але насельніцтва і так плаціць за спажыты газ паводле кошту амаль 70 даляраў за 1 тысячу кубамэтраў. Прыблізна столькі ж цяпер будуць плаціць і прадпрыемствы.
Акрамя газавых праблемаў, Беларусь мае цяжкасьці і з імпартам расейскай электраэнэргіі. РАТ “ЕЭС Расеі” патрабуе за кіляват-гадзіну 2,16 цэнта, пры тым што летась гэты кошт складаў 1,68 цэнта. Як заявіў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, пры такіх умовах Беларусь можа адмовіцца ад закупу расейскай электаэнэргіі, бо яе будзе выгадней вырабляць у сябе.