Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДЗЕ ЗША Ў МЕНСКУ НЕВЯДОМЫ ПАГРАЖАЎ ВЫБУХАМ


Юры Сьвірко, Менск

Усе амэрыканскія амбасады ў сьвеце маюць асаблівы рэжым аховы, які стаў яшчэ больш жорсткім пасьля 11 верасьня 2001 году. У Менску амбасада ЗША таксама паклапацілася пра сваю бясьпеку, але ніякіх надзвычайных выпадкаў пакуль не было — да апошняе начы. Як паведамілі ў інфармацыйнай службе амэрыканскай амбасады, у ноч зь нядзелі на панядзелак невядомы пагражаў ажыцьцявіць выбух у яе будынку на вуліцы Старавіленскай.

(Супрацоўнік амбасады: ) “Сярод ночы быў тэлефонны званок, які ахова палічыла дастаткова сур’ёзным, каб прыняць нейкія меры. І ўрад быў паінфармаваны. Прыехала нейкая група, каб знайсьці гэтае прыстасаваньне. Але ў выніку нічога не знайшлі”.

Паводле менскай міліцыі, паведамленьне пра выбух паступіла ў амбасаду ў 3 гадзіны 10 хвілінаў начы. А праз 25 хвілінаў амбасада паінфармавала пра гэта міліцыю.

Начальнік аддзелу інфармацыі й грамадзкіх сувязяў гарадзкой управы ўнутраных справаў Менску Алег Сьлепчанка распавёў:

(Сьлепчанка: ) “Выяжджала туды апэратыўная група й група разьмініраваньня, але расьсьледаваньне служба бясьпекі амбасады ўзяла на сябе”.

Беларускіх міліцыянтаў на тэрыторыю амбасады не пусьцілі, бо служба бясьпекі амбасады сама ажыцьцявіла праверку тэлефоннага паведамленьня ды ніякіх выбуховых прыстасаваньняў не знайшла. Калі б такое прыстасаваньне было знойдзенае, тады б дапамога групы разьмініраваньня стала патрэбнай.

Цяпер Цэнтральны райаддзел міліцыі Менску праводзіць праверку, шукаючы тэлефоннага тэрарыста — гэта пацьвердзіў і дзяжурны раённай управы міліцыі:

(Дзяжурны: ) “Наша тэрыторыя — займаемся пакуль мы”.

Мажліва, да расьсьледаваньня далучыцца й КГБ. Але, як паведамілі ў аддзеле інфармацыі й грамадзкіх сувязяў гарадзкой управы міліцыі, гаворкі пра тое, каб распачаць крымінальную справу, пакуль няма.

Апошні тэракт у дачыненьні да замежнай амбасады ў Менску быў зьдзейсьнены 31 траўня 2001 году на той жа вуліцы Старавіленскай — на тэрыторыю суседняй амбасады Расеі кінулі гранату. Ад выбуху ўтварылася варонка дыямэтрам да 17 сантымэтраў, ніхто не пацярпеў. Гэта было зроблена напярэдадні менскага саміту СНД, куды прыяжджаў і Ўладзімер Пуцін. Амэрыканскім дыпляматам цягам апошніх гадоў ніхто не пагражаў — ані па тэлефоне, ані іншым чынам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG