Калядкі зь песьнямі, скокамі, гаданьнем і калядаваньнем выхаванцы беларускага садку “Вясёлка” ладзілі з дапамогай выхавацеляў, бацькоў і супрацоўнікаў музэю. Так што, акрамя тэатралізаванай імпрэзы артысты і гледачы частаваліся каляднымі блінамі й салодкімі ласункамі. Натуральна, што сьвята ў Купалавым доме не магло абысьціся бязь вершаў паэта.
(Дзеці: ) “З Новым годам,
З Новым годам,
З новай песьняй,
З новай казкай!”
(Карэспандэнтка: ) “А што такое Калядкі, ведаеце?”
(Дзеці: ) “Калядкі, гэта такое сьвята. Беларускае. Калядкі — бліны ды аладкі”.
(Карэспандэнтка: ) “А што робяць на Калядкі?”
(Дзеці: ) “Сьпяваюць і танчаць. Па дварах ходзяць, казу водзяць”.
Больш за ўсіх задаволеныя сьвятам засталіся бацькі калядоўшчыкаў.
(Карэспандэнтка: ) “Ці задаволеныя вы?”
(Спадарыня: ) “Так. Дзіця лепей ведае родную мову, умее размаўляць”.
(Карэспандэнтка: ) “Калядкі спадабаліся?”
(Спадарыня: ) “Вельмі. Думаю, што гэта ўсё спатрэбіцца для дзіцяці й у школе й у жыцьці”.
Тым ня менш, выхавацелі садку кажуць, што Калядкі маглі атрымацца й больш маляўнічыя ды відовішчныя, калі б для гэтага беларускім садкам былі створаныя належныя ўмовы. Гаворыць загадчыца Тацяна Юрчык:
(Юрчык: ) “У нас гэта ўжо традыцыя, а таму нам ня так складана: ёсьць дапаможнікі, але, каб былі распрацаваныя менавіта для дзіцячых садкоў — можна было бы й больш. Ратуе ўласная фантазія і творчасьць. Я ў гэтым садку працую 23 гады, 15 гадоў ён беларускамоўны — і заўжды перапоўнены”.
Паводле супрацоўнікаў музэю імя Янкі Купалы, Каляды тут праводзяцца ня ўпершыню. Але ад сёлета гэта будзе сталая традыцыя для ўсіх беларускіх садкоў сталіцы, а таксама школаў, якія носяць імя паэта. Гаворыць загадчыца аддзелу Людміла Давыдоўская:
(Давыдоўская: ) “Становіцца добрай традыцыяй праводзіць Калядкі — адно з самых таямнічых, сьветлых і загадкавых сьвятаў. Бачыце, якая прыгажосьць, як гэта ўсё непаўторна. Дзеля гэтага, аб жыло беларускае слова, каб мы мацаваліся нашымі парасткамі-дзецьмі, трэба жыць. Жыве Беларусь і будзе жыць”.