Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 26 СЬНЕЖНЯ


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Полесская правда”, 1923 год:

“Камісія пры ЦВК СССР прыйшла да высновы аб неабходнасьці перадаць Беларусі амаль цалкам Віцебскую губэрнію і два ўезды Смаленскай. У адносінах Гомельскай губэрні камісія пярэчыць супраць далучэньня Клінцоўскага і Новазыбкаўскага ўездаў, лічачы, што там нязначная колькасьць беларусаў і што эканамічныя ўмовы гэтых уездаў ня могуць вырашыць пытаньня… Адносна Гомеля і Рэчыцы трэба сказаць, што частка Рэчыцкага ўезду павінна перайсьці да Беларусі, а частка да РСФСР. Гомель жа павінен перайсьці да РСФСР. Прадстаўнікі Беларусі ў камісіі ЦВК выступілі зь пярэчаньнямі, паказваючы, што бяз Гомеля і Рэчыцы немагчымая сама перадача тэрыторыі Гомельскай губэрні”.

“Советская Белоруссия”, 1963 год:

“Згодна з рашэньнем Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў працоўных №5 ад 25 кастрычніка 1962 году і Менгарвыканкаму №389 ад 24 кастрычніка 1963 году адказнасьць за своечасовую ўборку і вывазку сьнегу, пасыпку вуліц і ходнікаў пяском ускладаецца на кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацыяў, установаў, домакіраўніцтваў і ўладальнікаў дамоў. Уборку рабіць на працягласьці ўчастку да сярэдзіны вуліц, пад скрабок — да асфальту, а праезды, што ня маюць удасканаленага пакрыцьця, — да ўкатанага слою сьнегу. Уборку сьнегу ў парках і сквэрах робіць трэст зялёнага будаўніцтва. Трэст добраўпарадкаваньня прыбірае праезную частку галоўных магістраляў адпаведна асобаму сьпісу”.

“Вечерний Минск”, 1973 год. Генэральны дырэктар Менскага кандытарскага вытворчага аб’яднаньня М.Шлык:

“Дзед Мароз ужо накіраваўся з навагоднімі падарункамі ў кватэры менчукоў. У ягоным казачным мяху ёсьць і цукеркі з маркай “Камунарка”. Калектыў прадпрыемства выпускае іх у палепшаным асартымэнце і маляўнічым афармленьні: у каробках, баульчыках, хлапушках, бляшанках, пачках. Да Новага году мы адгрузім у крамы сотні тон цукерак, мармэляду, пасьцілы, зэфіру, печыва, карамелі, у тым ліку 100 тысяч штук каробак цукерак, звыш 100 тысяч узбуйненых цукерак тыпу “Сэлена”, “Мішка касалапы”, а таксама прыкладна 20 тон фігурнага шакаляду ў выглядзе мэдалёў, гадзіньнікаў і г.д. Цукеркі ў цэляфане з фольгай і маляўнічымі навагоднімі этыкеткамі ўпрыгожаць ялінкі. А для дзяцей падрыхтавана звыш 300 тысяч штук навагодніх падарункаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG