Паводле Далуцкага, адно выказваньне належыць Бурціну, які пісаў, што “у Расеі адбыўся дзяржаўны пераварот пасьля абраньня Пуціна, і вынікам – рэжым асабістай улады Пуціна, аўтарытарнай дыктатуры”. Другая цытата – выказваньне лідэра “Яблока” Яўлінскага, які лічыць, што ўжо ў 2001 годзе ў Расеі сфармавалася паліцэйская дзяржава.
“Далей,” – тлумачыць аўтар падручніка Далуцкі, – “у мяне ёсьць заданьне – абвергнуць ці пацьвердзіць гэтыя пункты гледжаньня. Міністар жа на калегіі, калі вырашаўся лёс падручніка, працытаваў толькі выказваньні, а пра заданьні не сказаў. І дадаў: “Бачыце, за каго цяпер будзе галасаваць выбаршчык”.
Паводле словаў аўтара расейскага падручніка па гісторыі краіны ў 20-м стагодзьдзі Ігара Далуцкага, ніхто з прадстаўнікоў міністэрства не давёў да яго ведама інфармацыі пра магчымую забарону падручніка.
У гэтай справе Ігар Далуцкі зьбіраецца зьвярнуцца ў камісію ў пытаньнях народнай адукацыі Дзяржаўнай Думы РФ.
Заслужаны настаўнік Расейскай Фэдэрацыі Яўген Ямбург адзначае, што “справа не ў падручніку. На самой справе ніводзін аўтар, які сябе паважае, пісаць падручнік у такіх умовах, як сёньня, ня будзе”.
Падручнік Ігара Далуцкага будзе разглядацца на экспэртнай радзе міністэрства адукацыі Расейскай Фэдэрацыі.
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін у часе гутаркі з навукоўцамі-гісторыкамі ў Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы заявіў, што “Сучасныя падручнікі для школаў і ВНУ не павінныя стаць пляцоўкай для новай палітычнай і ідэалягічнай барацьбы”.
“У падручніках павінны быць факты гісторыі, яны павінныя выхоўваць пачуцьцё гонару за сваю гісторыю, за сваю краіну”, – падкрэсьліў Пуцін. Гістарычная навука, паводле Пуціна, павінная выходзіць за сьцены Акадэміі навук, павінна быць і ў навучальнай літаратуры, і ў СМІ. Расейскі лідэр выказаўся і за стварэньне аднаго агульнага падручніка гісторыі з краінамі СНД, каб “ні ў кога не было адчуваньня дыскрымінацыі”.