Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЛАНЕЦ ЭЎРОПЫ АБЯЦАЕ РАСЬСЬЛЕДАВАЦЬ СПРАВЫ ЗЬНІКЛЫХ “ДА САМАГА КАНЦА”


Юры Сьвірко, Менск

Увесь дзень 7 лістапада Хрыстас Пургурыдэс праводзіў сустрэчы з прадстаўнікамі Беларускага Хэльсынскага камітэту, Беларускай асацыяцыі журналістаў ды іншых няўрадавых арганізацыяў. Прадстаўнік ПАРЭ распавёў, што сустрэўся з былым і цяперашнім міністрамі ўнутраных справаў Юрыем Сіваковым і Ўладзімерам Навумавым, а таксама з генэральным пракурорам Віктарам Шэйманам. Паводле спадара Пургурыдэса, гутарку з апошнім можна часткова параўнаць і з допытам, бо ўсе пытаньні абмяркоўваліся вельмі канкрэтна.

Кіпрыйскі парлямэнтар выказаў шкадаваньне, што яму не далі магчымасьці сустрэцца з асуджанымі паводле справы аб зьнікненьні Зьмітра Завадзкага — Хрыстасу Пургурыдэсу гэтую сустрэчу абяцаў яшчэ ў Страсбуры віцэ-сьпікер Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Канаплёў, але ў Менску яму заявілі, што па дазвол трэба зьвяртацца ў пракуратуру. Спадар Пургурыдэс не раскрывае зьместу сваіх размоваў зь беларускімі чыноўнікамі. На маё пытаньне, ці задаволены ён сустрэчамі, ён адказаў гэтак:

(Пургурыдэс: ) “Тое, што я магу сказаць, — я атрымаў вельмі карысную інфармацыю, якая значна дапаможа мне прыйсьці да канчатковых высноваў. Справаздача мусіць быць зацьверджаная юрыдычным камітэтам, а потым усёй Парлямэнцкай асамблеяй. Але звычайна пасьля таго, як справаздача зацьвярджаецца, гэта не канец гісторыі — ёсьць праца, якая адбываецца пасьля справаздачы. У шмат якіх выпадках гэтая праца вельмі важная. Мы будзем настойваць да самага канца, каб доля гэтых людзей стала вядомая”.

Хрыстас Пургурыдэс запэўніў сваіх суразмоўцаў зь недзяржаўных арганізацыяў, што міжнародная супольнасьць ня будзе маўчаць пра справы Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага й Зьмітра Завадзкага.

Спадар Пургурыдэс паведаміў, што хацеў бы прыехаць у Беларусь у пачатку сьнежня, каб падрыхтаваць яшчэ адну, іншую справаздачу — пра стан свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі ў краіне. Тады ж ён спадзяецца сустрэцца з тымі чыноўнікамі, з кім ня здолеў пабачыцца цяпер.

Што да гэтай паездкі й справаздачы свайго намесьніка па камісіі ў справе зьніклых у Беларусі, старшыня камісіі Сяргей Кавалёў заявіў, што спадар Пургурыдэс, відавочна, атрымаў новую інфармацыю, аднак ужо можна сказаць:

(Кавалёў: ) “Мы маем выразны адказ — ня хочуць беларускія ўлады знайсьці злачынцаў. Высновы рабіце самі. Ці павялічваюць яны гэтым самым падазрэньні на адрас беларускіх уладаў, на свой уласны адрас? Так, павялічваюць, няма сумневу. Ці даюць яны гэткім чынам доказы, што гэта яны й ёсьць злачынцамі? Не. Вядома, не. Гэтых доказаў мы не атрымаем”.

Спадар Кавалёў лічыць крывадушнасьцю заяву беларускага МЗС пра тое, што афіцыйны Менск зацікаўлены ў супрацоўніцтве з ПАРЭ ды найхутчэйшым завяршэньні расьсьледаваньня справаў зьніклых.

(Кавалёў: ) “У мяне ў руках дакумэнт — пастанова аб прыпыненьні расьсьледаваньня. Вось гэты дакумэнт ёсьць, я яго чытаў, я яго на памяць ведаю. Калі людзі імкнуцца хутчэй знайсьці злачынцаў, дык яны што, прыпыняюць расьсьледаваньне?”

Сяргей Кавалёў дадаў, што расцэньвае нежаданьне беларускіх уладаў бачыць яго ў Менску як хамства. Ён зазначыў, што можа прыехаць у Беларусь у любы момант, бо з Расеяй бязьвізавы рэжым, але ня хоча ехаць як грамадзянін Расеі Кавалёў. Ён жадае быць у Беларусі як старшыня адмысловай камісіі ПАРЭ ў справе расьсьледаваньня справаў зьніклых, каб мець магчымасьць працаваць, а Менск гэтага якраз не жадае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG