“У нас няма прэтэнзіяў да гэтай кампаніі, мы ўсяляк будзем яе падтрымліваць, гэта наш першынец, беларуская кампанія”, — гэтак Аляксандар Лукашэнка выказаўся наконт асноўнага апэратара мабільнай сувязі ў Беларусі сумеснай беларуска-кіпрыйскай кампаніі “Velсom”, некалькіх адказных супрацоўнікаў якой тры дні таму затрымаў КГБ.
Паводле Аляксандра Лукашэнкі, інцыдэнт з затрыманьнем “хутчэй за ўсё зьвязаны з ь нядобрасумленнай канкурэнцыяй”. Кіраўнік Беларусі нагадаў, што кампанія плаціць шмат падаткаў у бюджэт краіны — “летась 30 мільёнаў даляраў, а ў будучым годзе заплаціць 50 мільёнаў”, — прагназуе Лукашэнка.
Ці ёсьць ягоная станоўчая адзнака фіналам гісторыі пра перасьлед супрацоўнікаў кампаніі? Шмат ускосных зьвестак сьведчаць пра тое, што гэта можа быць менавіта так. Апоўдні 24 кастрычніка споўнілася дакладна тры дні, як КГБ затрымаў некалькі адказных супрацоўнікаў кампаніі. Паводле закону за гэты тэрмін ім павінны прад’явіць абвінавачаньне ды агалосіць іх імёны альбо выпусьціць на волю, але гэтага так і не адбылося. Прэсавы сакратар КГБ Аляксандар Базанаў пры канцы дня паведаміў, што ў яго няма ніякіх новых зьвестак пра дёс крымінальнай справы супраць “Velсom”.
Цікава, што супрацоўнікі КГБ яшчэ з раніцы чакалі, што Аляксандар Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі выкажа сваю пазыцыю адносна інцыдэнту. Пра гэта, у прыватнасьці, журналістам казаў Аляксандар Базанаў. Аднак ня выключана, што выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас “Velсom” супярэчылі таму, чаго чакалі ў КГБ.
Эканаміст Леанід Злотнікаў, якога Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць сытуацыю вакол “Velсom”, згадаў, што гісторыя з атрыманьнем фірмай ліцэнзіі на аказаньне паслугаў апэратара мабільнай сувязі — дастаткова цьмяная.
“Першага тэндэру ніхто ня выйграў, і тады быў абвешчаны другі тэндэр, аднак не дачакаўшыся яго вынікаў, ліцэнзію раптам атрымала нікому не вядомая кампанія”, — згадаў Леанід Злотнікаў. Экспэрт не выключае, што гэтая кампанія неяк зьвязаная з атачэньнем Віктара Шэймана, які раней узначальваў Савет Бясьпекі й непасрэдна курыраваў гандаль зброяй. На гэта ўказвае тое, што ў сузаснавальіках “Velсom” аказалася беларуская дзяржаўная фірма “Белтэхэкспарт”, якая гандлюе зброяй. Цікава і тое, што ў сузаснавальніках “Velсom” зьявіліся прадстаўнікі ўсходніх краінаў, якія далі асноўныя інвэстыцыі.
“Не выключаю, што наступ на “Velсom” інсьпіравалі колы, якія супернічаюць зь Віктарам Шэйманам, але, магчыма, яму зноў удалося адбіць чарговую атаку”, — мяркуе Леанід Злотнікаў.