Тыдзень таму ў краіне прынятая Канцэпцыя разьвіцьця жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі на пэрыяд да 2015 году. Як ацэньваюць грамадзяне і адмыслоўцы пэрспэктывы рэфармаваньня напярэдадні зімовага сэзону?
Мая раніца пачынаецца бадзёрым матыўчыкам будзільніка. Аднак прыўзняты ім настрой неўзабаве прыглушаецца нуднай працэдурай чаканьня, пакуль з крана нарэшце заструменіць хоць крыху цёплая вада. Халодная сьцякае за хвілінаў дзесяць-пятнаццаць. Як абрыдла мне гэтая музыка трубаў! І кожны раз думаю: “не, з такой эканомікай ня толькі камунальнай службе – усім нам будзе некалі труба!”
Калі пасьля галеньня і кавы зьбягаю па лесьвіцы, то раз на два тыдні заўважаю: да трэцяга паверху яна падмеценая. Чаму менавіта да яго? Бо там жыве кабета, якая гадамі зацята змагаецца з дворнічахай і ЖЭС’ам. Нарэшце дамаглася вось такой перамогі. Астатнія моўчкі зайздросьцяць. Інтэлігентныя людзі – чакаюць пераменаў у чалавечым стаўленьні да сябе. І дачакаліся: аб’яўлена пра рэформу ЖКГ. Ня ўсе, аднак, напоўніліся аптымізмам.
(Заіка: ) “Наагул, гэта своеасаблівая рэвалюцыя: у эканамічных паводзінах, сьвядомасьці. Яны спрабуюць выдаць рост камунальных тарыфыаў і квартплаты за рэформу.”
Гэты “пэсыміст” – вядомы ў краіне навуковец Леанід Заіка. Ягонае меркаваньне падзяляе й эканаміст Яраслаў Раманчук.
(Раманчук: ) “Няма рэформы, так! Гэта толькі дэклярацыя, нават не прапісаная ў канцэпутальным выглядзе, толькі агульныя словы і больш нічога.”
Аднак у міністэрстве настойваюць: распрацавана менавіта канцэпцыя разьвіцьця ЖКГ! Прычым, нібыта рэформа ўжо пачалася: пакрысе, з улікам эканамічных рэаліяў падвышаюцца тарыфы, у экспэрымэнтальных раёнах ідзе апрабацыя мінімальных нарматываў сацыяльнага стандарту, галіна рыхтуецца да падзелу функцыяў і дагаворных адносінаў паміж насельніцтвам і падрадчыкамі... Вось так! Няўжо мы зможам нарэшце наняць дворнічыху, якая працуе не языком, а – дзеркачом, галеньчыкам? Нават ня верыцца... А што думае, напрыклад, дэпутат Пухавіцкага райсавету Алесь Міхалевіч? Яму, аднак, цяжка гаварыць:
(Міхалевіч: ) “Даруйце, калі ласка… О, Божухны…” (кашляе)
(Карэспандэнт: ) “Прастуда не з-за хатняй халадэчы?”
(Міхалевіч: ) “У нейкім сэнсе так, безумоўна”.
(Карэспандэнт: ) “Батарэі дагэтуль халодныя?”
(Міхалевіч: ) “З сёньняшняга дня ўключылі... Канечне, жыльллёва-камунальную гаспадарку трэба рэфармаваць і, натуральна, што грамадзяне будуць плаціць усе сто адсоткаў. Аднак калі па-ранейшаму гэта будзе проста манаполія, то тарыфы могуць стацца абсалютна нерэальнымі і не адпавядаць затратам на абслугоўваньне”.
(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у горадзе і раёне людзі або нейкія камэрцыйныя арганізацыі, якія бы змаглі “згуляць” на гэтым полі, скласьці канкурэнцыю камунальнай гаспадарцы?”
(Міхалевіч: ) “ЖКГ у гэтым проста не зацікаўленая, бо як толькі зьявіцца канкурэнт, то яна будзе павінна працаваць па зусім іншых стандартах”.
Пра тое, што гэта сапраўды так, сьведчыць, у прыватнасьці, досьвед літоўцаў. Рэформа галіны там яшчэ не завершаная, аднак ужо сёньня камунальныя паслугі цалкам аплочваюцца насельніцтвам. Дзяржава па-ранейшаму рэгулюе шэраг цэнавых пазыцыяў, але ўсё больш на гэта ўплываюць таннымі сэрвіснымі прапановамі прыватныя кампаніі. Шмат дзе яны ўзялі на сябе цеплазабесьпячэньне, на падыходзе прыватызацыя электраразьмеркавальных сеткаў.
Прыблізна такія ж працэсы адбываюцца і ў некаторых рэгіёнах Расеі. Напрыклад, у “чырвонай” Кемераўскай вобласьці Амана Тулеева да 60 адсоткаў камунальнай гаспадаркі перайшло ва ўласнасьць розных фірмаў. Наш невялікі пад’езд тры гады ня можа перамагчы дворнічыху, а там у кожным трэцім доме – кансьержка. Якое сьмецьце на лесьвіцы, калі ў пад’ездах вазоны з кветкамі, карціны й фіранкі... Прашу спраецыраваць гэта на Беларусь барысаўца Зьміцера Бародку.
(Бародка: ) “Ідэя прыватызацыі, стварэньня нейкіх прыватных кантораў у камунальнай сфэры вельмі цікавая. Але ж, як заўсёды, ня ў нашай дзяржаве, бо гэта цікава там, дзе ёсьць свабодны рынак, свабодная канкурэнцыя. А ў карумпаванай дзяржаве ня можа быць свабоднага тэндэру. Знаёмыя прыватныя прадпрымальнікі кажуць: калі мы ня будзем “отстегивать”, у нас ня будзе нармалёвага бізнэсу”.
(Карэспандэнт: ) “Што сёньня адбываецца ў Барысаве з пункту гледжаньня ацяпленьня, вадазабесьпячэньня?”
(Бародка: ) “Напрыклад, у раёне вуліцы Чапаева ды іншых мікрараёнах гораду дагэтуль няма цяпла.”
Хоць паўсюль па краіне кажуць, што да зімы падрыхтаваліся як ніколі добра, на Гомельшчыне фарсіраванна вядзецца нарыхтоўка дроваў, асабліва для сельскіх кацельняў. Напалохаў газавы скандал з Расеяй! Мясцовыя начальнікі пабойваюцца і за стан цеплатрасаў. Напрыклад, галоўны камунальнік Мазыра Сяргей Кавальчук ня ўпэўнены ў надзейнасьці летняга рамонту сетак пасёлка Крынічны, што летась замярзаў:
(Кавальчук: ) “Ну хто сёньня адкажа, калі толькі запусьцілі цяпло? Зараз вось зрабілі рэгуліроўку сістэмы. Дый людзі зьлівалі ваду і карысталіся ёю як гаспадарчай. Цяпер таксама вады гарачай няма. У Крынічным гарачае вадазабесьпячэньне загубленае гадоў дзевяць таму”.
Пытаюся ў спадара Раманчука.
(Карэспандэнт: ) “Ці праўда, што жыльлёва-камунальная гаспадарка гадамі недафінансавалася, таму, маўляў, асноўныя фонды і разваліліся, састарэлі…”
(Раманчук: ) “Гэта вельмі добры спосаб пазбавіцца адказнасьці за тое, што ты робіш. Насамрэч нават з існуючым фінансаваньнем можна пачынаць і пасьпяхова праводзіць рэформу”.
Але яе адцягваюць. І таму якраз, што палохаюцца старту новага ва ўмовах застарэлага развалу: па краіне ў цэлым недарамонт жыльля і сетак афіцыйна складае каля 200 гадоў, а па некаторых падліках незалежных экспэртаў дык наагул 700, хоць дастаткова і сотні, каб зразумець: гэта па-за межамі здаровага сэнсу і нармалёвай эканомікі. Таму й падаюць балконы, разбураюцца інжынэрныя камунікацыі ня толькі ў Крынічным. Размаўляем з намесьнікам старшыні Белаазёрскага гарсавету Юрасём Губарэвічам:
(Губарэвіч: ) “Любая рэформа павінна мець фінансавае забесьпячэньне. Трэба заўсёды зыходзіць з гэтага...” (Кашляе)
(Карэспандэнт: ) “Ці не з-за халадоў прастудзіліся?”
(Губарэвіч: ) “Так, у Беларусі быў ужо абвешчаны ацяпляльны сэзон, аднак, на жаль, у нас яшчэ ня топяць… На сёньняшні дзень, як вынікае з інфармацыі дырэктара ЖКГ, усё зводзіцца да адсутнасьці сродкаў. Асабліва гэта праяўляецца ў тых гарадах, дзе ёсьць састарэлы жылы фонд. Трэба ўсё рамантаваць: усё цячэ, усё ламаецца…”
(Карэспандэнт: ) “Наколькі востра стаіць гэтая праблема для Белаазёрска?”
(Губарэвіч: ) “Ну, недзе палова дамоў з нашых участкаў мае праблемы з дахамі. Яны цякуць. За мінулае лета ў нас капітальна адрамантавалі толькі два ці тры дамы – астатнія проста чакаюць сваёй чаргі”.
У чарзе на рамонт нават там, дзе летась былі аварыі, напрыклад, як у доме нумар 8, што па гомельскай вуліцы Герцана. Распавядае гаспадыня кватэры 85.
(Спадарыня: ) “Калі прарвала трубу, затапіла ўсё на сьвеце. Але батарэі засталіся старыя. Як яны будуць служыць, ня ведаю. Вельмі перажываем і баімся. У мяне вунь паралізаваны мужык ляжыць – уяўляеце, якая яму прыемнасьць? Ужо зараз скардзіцца: мне холадна, я замярзаю...”
Карціну дапаўняе спадар, які назваўся Яўгенам Іванавічам:
(Спадар: ) “Абыходзіла кватэры якаясь жанчына, па ўсяму з жыльлёвага адзьдзелу. Перапісвала батарэі ў кожнай кватэры, але нікому за лета не замянілі. Памяняюць у тым выпадку, калі лопнуць, калі залье кватэру...”
Вось такі дзяржаўны сэрвіс. Цікава, што грошы за ацяпленьне камунальнікі пачалі зьбіраць за тры тыдні да таго, як запусьцілі кацельні. І практычна ніхто з жыхароў не пайшоў скардзіцца – абурана пагаманілі ля пад’ездаў ды хуценька заплацілі. Бо калі спазьніцца, адразу штраф... Аднак і безь яго квартплата ператварылася ў сацыяльны прысуд для кожнага шостага беларуса – менавіта столькі маюць сёньня права на адпаведныя дзяржаўныя субсідыі. Размаўляем са спадаром Раманчуком:
(Карэспандэнт: ) “Зусім дзіўна выглядае экспэрымент у шасьці раёнах, прапанаваны ўрадам. Існуюць 13 сацыяльных стандартаў у камунальнай галіне: павінна быць тэмпература мінімум 18 градусаў, гарачая вада – 50 градусаў, 80 адсоткаў вуліц мусяць асьвятляцца… І калі тое не выконваецца, грамадзяне маюць права ісьці ў суд і спаганяць грошы… Наколькі гэта рэальна?”
(Раманчук: ) “Я магу купіць бутэльку даражэзнага франзускага каньяку для таго чалавека, які высудзіць у камунальнай службы нейкую квоту грошай…”
Ці не таму, што грошы ліпнуць да грошай? А заробкам камунальных кіраўнікоў можна толькі пазайздросьціць. Хоць галіна ў завале –яны атрымліваюць больш, чым мэнэджэры сярэдніх бізнэс-структураў. Дарэчы, за чатыры мінулыя гады Мінжылкамунгас амаль на 50 адсоткаў павялічыў колькасьць уласных арганізацыяў: яшчэ мацней замацаваў сваё манапольнае становішча. Ці ня гэткія, з дазволу сказаць, “структурныя” зрухі кіраўнікі міністэрства падаюць як рэформуа галіны? Размаўляем са спадарамі Раманчуком і Заікам:
(Заіка: ) “Акрамя аграрнага і будаўнічага лобі, ужо склалася і лобі ЖКГ. Нават простыя, невысокага рангу чыноўнікі зарабляюць у гэтай сістэме да тысячы даляраў, нават больш. А калі пачаўся рост тарыфаў, на іх літаральна праліўся залаты дождж! Яны зацікаўленыя ў тым, каб нічога не мяняць, не рабіць!”
(Раманчук: ) “У сабекошце прадукцыі адной гігакалёрыі цяпла, якая год таму каштавала ў эквіваленце 40 даляраў, паліўная складаючая была толькі 12. Добра, дадайце яшчэ 5! Але дзе яшчэ амаль 20 даляраў з кожнай гігакалёрыі? Куды ж тады ідуць грошы, якія мы плацім у выглядзе вельмі завышаных тарыфаў? Калі няма разьлікаў, тады зьяўляюцца шмат псэўдакамэрцыйных структураў. Гэта і ёсьць спосаб накіраваньня бюджэтных сродкаў у кішэні асобных чыноўнікаў”.
(Карэспандэнт: ) “Рэформа ЖКГ у тым выглядзе, як яна распрацоўваецца, паступова заходзіць у тупік?”
(Заіка: ) “Так! Так, яны будуць супраціўляцца… Гэтая рэформа патрабуе дыялёгу. Дыялёгу ўраду і насельніцтва. Насельніцтва можа свае інтарэсы навязаць ураду. Бо нам прапануецца варыянт плаціць за ўсё! Таму на такіх прынцыпах камунальная рэформа ня можа ісьці”.
(Карэспандэнт: ) “А якія могуць быць альтэрнатывы?”
(Заіка: ) “Урад і мясцовыя ўлады мусяць ствараць умовы для прыватнай ініцыятывы”.
(Карэспандэнт: ) “Многія кажуць: калі сёньня дзяржава дурыць людзей, то прыватнік тым больш будзе падвышаць, падвышаць і падвышаць тыя расцэнкі…”
(Заіка: ) “Мы ўжо праехалі гэтую праблему – узгадайце, як здарылася ў свой час з кветкамі? Усё будзе вырашаць канкурэнцыя! Тут як паўсюль: дзе мала рынку, там працуе манаполія і ўладарыць дыктат вытворцы”.
(Раманчук: ) “Калі чалавек ў эканоміцы плянуе нешта да 2015 году, гэта значыць, што ён не разумее эканомікі. Гэта абсурд проста! Чым больш мы будзем зацягваць гэтую рэформу, чым больш грошай будзе ісьці, тым большы будзе бардак у гэтай галіне, і тым больш мы будзем плаціць праз пару гадоў”.
(Карэспандэнт: ) “Пэрспэктыва пакуль ня цешыць. Так?”
(Заіка: ) “Пэрспэктывы ўвогуле пакуль ніякай няма…”
(Карэспандэнт: ) “Гэта ня больш, чым – што?..”
(Заіка: ) “...Гэта ня больш, чым працяг банкруцкага сацыялізму ў сфэры нашага жыльлёвага сэктару”.
І пакуль камунальна-сацыялістычнае банкруцтва працягваецца, нам застаецца цярпець лайдацтва дворнічыхі й сантэхніка, вёдрамі зьліваць халодную ваду, каб пагаліцца, і марыць пра кансьержку ў пад’езьдзе... Не, з такою рэформай ЖКГ будзе квітнець і пахнуць, а вось ці выжывем мы пад тую сумную мэлёдыю іржавых труб? Вялікае пытаньне...