Гаворыць дарадца UNAIDS у Беларусі Аляксей Ільніцкі:
(Ільніцкі: ) “UNAIDS ды Ўсясьветны банк заяўляюць, што Беларусь знаходзіцца ў зоне найбольшай рызыкі разьвіцьця эпідэміі. Да пэўнага моманту не было выразнай мэтадалёгіі вызначэньня колькасьці ВІЧ-інфікаваных. Мы давалі лічбу 14 тысяч інфікаваных (на той час, калі было 5 тысяч інфікаваных афіцыйна зарэгістравана). Цяпер выпрацавалі дакладную мэтадалёгію, і вось лічба, якая дагэтуль нідзе не гучала — прыкладна 11 тысяч інфікаваных у нашай краіне”.
На гэтай лічбе UNAIDS і Нацыянальны Цэнтар прафіляктыкі СНІД пагаджаюцца. Такім чынам, зь 10 мільёнаў беларусаў хварэюць 11 тысяч чалавек. То бок, прыкладна на 1 тысячу жыхароў прыпадае адзін інфікаваны. Жыцьцё гэтага аднаго сярод тысячы здаровых вельмі цяжкае. Я гутару з трыма жыхаркамі Сьветлагорску, якіх заразілі іхныя ўласныя мужы. Ірына, Тацяна і Сьвятлана стварылі ініцыятыўную групу. Яны сустракаюцца раз на тыдзень зь дзясяткамі інфікаваных людзей і стараюцца вырашыць іхныя праблемы.
(Ірына: ) “А праблем вельмі шмат: і сямейных, і пабытовых. Усе гараць жаданьнем сустракацца ў гэтай групе — у офісе асобным, натуральна, каб ніхто нас ня бачыў, ніхто ня чуў. Хаця мне асабіста вельмі цяжка там. Ты пасядзеў, паслухаў, а потым ходзіш цэлы тыдзень і ўвесь час пра гэта думаеш”.
(Тацяна: ) “Гэтае душэўнае накапленьне болю, гэтая трагедыя… Эфэкт чакаўся зусім іншы: што стане лягчэй. Вельмі цяжка жыць з гэтым. І зь сябрамі цяжка”.
(Сьвятлана: ) “Ёсьць страх таго, што людзі даведаюцца пра праблему, адвернуцца, і ты застанесься адзін. Гэта самае важнае, самае страшнае…”
(Тацяна: ) “Так, напэўна, неразуменьне людзей навакол”.
(Ірына: ) “Вось каб закапацца куды-небудзь і сядзець цішком”.
Амаль усе хворыя й інфікаваныя стараюцца як мага даўжэй захоўваць таямніцу. Пакуль страшная праўда ня зробіцца самавідавочнай.
(Ірына: ) “Адзін з бацькоў у сям’і звычайна ведае. Часьцей гавораць пра гэта маме”.
(Сьвятлана: ) “У мяне ніхто ня ведае: ні маці, ні радня. Колькі я ў сабе гэта нашу, і вельмі мне цяжка”.
(Тацяна: ) “Пажадана, каб блізкія ведалі. Усё роўна ж яны калі-небудзь даведаюцца. У мяне ў сям’і ўсе ведаюць. І сябры таксама. Я проста ўсім сказала”.
(Сьвятлана: ) “Мы даведаліся падчас цяжарнасьці. Большая частка заражаная ад мужоў. Мужы ўсё ведаюць, але хаваюць. Жанчына праходзіць тэст падчас цяжарнасьці, а ён ужо два гады да таго ведаў, што заразны”.
(Тацяна: ) “Летась быў тут працэс на ўвесь раён! Жанчына жыла з мужчынам. Ён яе інфікаваў, і яна падала ў суд за тое, што ён яе сьвядома заразіў. Яго асудзілі на тры гады турмы. Больш хворым на СНІД не даюць з прычыны стану здароўя. Суд быў ня тут, а ў Акцябарску. Фармальна ўсё было канфідэнцыйна, а на самой справе ведалі ўсе: і суседзі, і супрацоўнікі. Дыскрымінавала начальства яе. Не, ня зволілі, яна сама пайшла. Ну, натуральна, гэта ж дзіцячы садок…”
Я ведаю гэтых жанчын ужо тры гады. Ірына й Сьвятлана ані не зьмяніліся, а вось Тацяна моцна схуднела й змарнела. У яе двое дзяцей. Яна моцна баіцца, што памрэ, не дагадаваўшы іх і да школы. І дзеці застануцца сам-насам у непрыязным атачэньні здаровых, але бязьлітасных людзей.
(Ірына: ) “І нас выжывалі зь дзіцячага садка. Нясі свой кубачак, відэлец, лыжку, хаця ў мяне першае дзіця здаровае, і яго ўсё роўна выжывалі”.
(Тацяна: ) “У мяне такое ўражаньне, што нашыя дактары не разумеюць прыроды гэтага віруса. У мяне дзіця 2,5 году. Узялі ўжо тры аналізы, і доктар сказаў, што будуць браць і чацьверты, і пяты, нават калі ўсе яны будуць добрыя. Цяпер яшчэ кажуць, што трэба ўзяць аналіз на ПЦР, якога ў нас у краіне зусім няма. Я не хацела цяпер аддаваць дзіця ў сад, таму што яму картку спаласуюць. Але давядзецца аддаць, бо гэта яшчэ год будзе вырашацца”.
(Сьвятлана: ) “Гэта найвялікшая праблема майго жыцьця, я ня ведаю да канца, ці здаровае маё дзіця. Яно ходзіць у паліклініку й садок з чырвонай паласой на картцы, з кодам інфікаванага дзіцяці”.
(Ірына: ) “Чырвоныя палосы на картках, на першай старонцы. Усе іх бачаць. Цяпер дамагліся таго, каб пазначалі карткі кодам. Але ўсё роўна пра гэты код усе ведаюць”.
Я выходжу з офісу, дзе праводзяцца сустрэчы інфікаваных жанчын. Побач з офісам будоўля. Андрэй, 48-гадовы будаўнік, лічыць, што распаўсюд СНІДу — віна наркаманаў, а стрымліваць эпідэмію мусяць улады.
(Карэспандэнтка: ) “Цяпер заражаюцца ня толькі наркаманы, але й звычайныя людзі — ад сэксуальных кантактаў. Вы пра гэта чулі?”
(Андрэй: ) “Гэта няпраўда. Гэта залежыць ад тых жа самых наркаманаў. Недзе яны тусуюцца, недзе валяюцца. Залежыць ад нашай савецкай улады ў Салігорску”.
Празь некалькі хвілінаў выйдуць Ірына, Сьвятлана і Тацяна, сутыкнуцца на вуліцы з Андрэем, і той нізавошта не пазнае ў іх інфікаваных. Бо ніводная з жанчын не наркаманка. Проста сёньня заразіцца можа кожны.
(Карэспандэнтка: ) “Бывае, што жанчын заражаюць мужы й не гавораць пра гэта…”
(Андрэй: ) “Ну, няпраўда. Значыць, нехта там таксама быў наркаман”.
Стыгма і дыскрымінацыя, ігнараваньне праблемы — сур’ёзныя перашкоды на шляху прафіляктыкі й мэдыцынскага догляду. Я іду па сьветлагорскіх могілках. Тут пахавана мноства маладых мужчынаў. Менавіта яны найчасьцей паміраюць ад хваробы. Але жанчыны іх даганяюць. Мясцовы доктар Зьміцер Падута пахаваў 160 сваіх пацыентаў і расказвае гісторыю іхных сьмерцяў:
(Падута: ) “Так, Сьветлагорск — горад, у якім жыве каля паловы ўсіх беларускіх інфікаваных. Але астатнія рэгіёны хуткімі тэмпамі даганяюць яго. Дзясяткі інфікаваных зарэгістраваныя ўжо на 111 адміністратыўных тэрыторыях са 117. Толькі летась выявіліся 810 новых выпадкаў. Таму адмыслоўцаў вельмі ўзрадавала вестка пра тое, што Глябальны фонд у справе барацьбы з сухотамі, СНІДам і малярыяй выдаткуе на патрэбы Беларусі 17 мільёнаў даляраў”.
(Ільніцкі: ) “У Глябальны фонд мы падалі заяўку на 17 мільёнаў даляраў на пяць гадоў. І літаральна ўчора Фонд падпісаў пагадненьне зь Беларусяй на 6 мільёнаў даляраў на два гады. Гэта першая транша, калі Фонд зьбярэ грошы, то надалей мы атрымаем астатняе — 11 мільёнаў”, — паведаміў дарадца UNAIDS у Беларусі Аляксей Ільніцкі
Адмыслоўцы цьвердзяць, што бяз гэтага фінансаваньня распаўсюд СНІДу ў Беларусі быў бы такі ж высокі, яе ва Ўкраіне, дзе паўмільёна інфікаваных, ці ў Расеі, дзе інфікаваных 19 мільёнаў. Па падобнай схеме разьвіваліся падзеі ў Нью-Ёрку, Паўднёвай Афрыцы, дзе насельніцтва характарызуецца высокай ступеньню сэксуальнай актыўнасьці і нетрываласьці інстытуту манагаміі. Гаворыць дасьледніца праблемаў СНІДу зь Яганэсбургу Шарлен Сьміт:
(Сьміт: ) “Я ўпершыню сутыкнулася з праблемай СНІДу ў 1983 годзе, калі захварэў мой сябра-гомасэксуаліст і ягоны партнэр. Яны жылі ў мяне дома. І мы былі настолькі непісьменныя тады, што паасобку пралі нашую бялізну і мылі посуд. Але, паколькі я любіла гэтага чалавека, я штодня цалавала яго ранкам і вечарам. І ён аднойчы заплакаў і сказаў: ты адзіная, хто цяпер цалуе мяне. У той час узровень захворвальнасьці ў нашай краіне складаў 5%. Але калі гэты вірус пачынае разрастацца, ён робіць гэта вельмі хутка, і ўсё, што яму патрэбна — каб мы заплюшчылі на яго вочы.
Цяпер у нашым грамадзве інфікавана 37% людзей. У нашай краіне жыве 41 мільён чалавек; кожны дзень на СНІД захворвае па 2 тысячы чалавек, штодня ад СНІДу памірае 600 чалавек. У месяц ад СНІДу памірае 8 тысяч дзяцей. І ў асноўным СНІД перадаецца не праз наркотыкі, а праз гетэрасэксуальныя сувязі. Летась мы згубілі 65 тысяч чалавек, але ў наступным годзе мы можам страціць да 1 мільёну чалавек”.
Міжнародныя арганізацыі ў справе барацьбы са СНІДам неаднаразова нагадвалі: беларуская дзяржава здольная змагацца з распаўсюдам інфэкцыі, калі будзе ў гэтай справе кампэтэнтна і суладна ўзаемадзейнічаць з трэцім сэктарам. Тут важна не дапускаць такіх памылак, як пры рэарганізацыі Цэнтру прафіляктыкі СНІД, якая прывяла да таго, што каля шасьці месяцаў сёлета ўся краіна ня мела тэст-сыстэмаў. Новыя, рэарганізаваныя структуры іх не купілі.