Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВЯРТАНЬНЕ СТЭФАНА БАТОРЫЯ”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Як вядома, ён быў вялікім князем літоўскім і каралём польскім. Абраў за рэзыдэнцыю Горадню, дзе і памер 12 сьнежня 1586 году.

Круглы стол арганізаваны дзякуючы дырэктару Гуманітарнга цэнтру дасьледаваньня Ўсходняй Эўропы прафэсару Караву. Ён даўно займаецца Баторыем. Трэба сказаць, што яшчэ ў 1986 годзе ў Горадні ўдалося наладзіць навуковую канфэрэнцыю, прысьвечаную каралю. Якраз было 400 гадоў, як ён захаладзіўся на паляваньні, захварэў і хутка памер. Тады адбылося нешта незвычайнае: было праведзенае анатамічнае ўскрыцьцё цела караля. Яго забальзамавалі, і ён больш за 4 месяцы знаходзіўся ў Горадні, дзе хацеў быць пахаваным. І толькі потым яго даставілі на Вавэль у Кракаў, дзе хавалі ўсіх каралёў.

Стэфан Баторы быў адным з самых паважаных манархаў у Эўропе, але ворагаў у яго хапала. Напрыклад, маскоўцы альбо пратэстанты, якія не жадалі распаўсюджваньня каталіцтва. Кароль спачатку схіляў маскоўцаў далучыцца да Рэчы Паспалітай, а затым пачаў рыхтаваць вялікую выправу на Маскву.

Хаця канчатковай мэтай усё ж быў Стамбул, ратаваньне Эўропы ад туркаў. На пачатку 1587 году павінен быў адбыцца сойм, каб ухваліць паход на Маскву. Папа Рымскі пасьля сьмерці караля даслаў удаве Ганьне Ягелонцы залатую ружу. Прафэсарка Гарадзенскага Ўнівэрсытэту Сьвятлана Марозава гаварыла, што ў атручэньні караля падазравалі якраз і жонку. Сам ён баяўся атруты і замаўляў у замежжы сродкі ад яе. Ён выглядаў на чалавека з жалезным здароўем, але меў розныя паважныя хваробы. Прафэсарка Марозава лічыць, што яму шкодзіла таксама віно. Калі ён памёр, у сутарэньнях Старога замку знайшлі 51 бочку зь віном. Цяпер навукоўцы даказалі, што сапраўды Баторыя не атруцілі. У сваім тэстаманце, дарэчы, кароль завяшчаў 96 тысячаў злотых на роднае Семіградзьдзе, але і 30 тысячаў—сваёй улюбёнай Горадні.

У гарадзенскім замку таксама адкрылі выставу скульптара Валерыя Калясінскага, прысьвечаную каралю. Яна пакілае вельмі прыемнае ўражаньне.

Стэфан Баторы—улюбёная гістарычная асоба скульптара, якому 43 гады. На выставе 19 працаў: розных памераў бюсты, скульптуры, у тым ліку конныя, барэльефы, гарэльеф. Яны выкананыя з розных матэрыялаў—з бронзы, чыгуну, гіпсу. Дзьве працы знаходзяцца ў гарадзенскіх касьцёлах.

Напрыклад, у Катэдральным некалькі гадоў таму ўмацаваны на калёне бронзавы гарэльеф караля. Валеры Калясінскі марыць, каб у Горадні паставілі конны помнік Стэфану Баторыя. На выставе ёсьць фота пляца перад Катэдрай, дзе аўтар зьмясьціў выяву коннай статуі караля. Дарэчы, вуліца Стэфана Баторыя існуе побач з касьцёлам з пачатку 1990-х гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG