Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З МАСКВЫ ПРЫВЯЗУЦЬ ФРАГМЭНТЫ ПАДЛОГІ, АБ ЯКУЮ РАЗЬБІЎСЯ КУПАЛА, А Ў МЕНСКУ РЫХТУЮЦЦА РУЙНАВАЦЬ ДОМ, ДЗЕ ЖЫЛА СЯМ’Я ПАЭТА


Ігар Карней, Менск

Экспазыцыя можа быць папоўненая плітой з холу, аб якую разьбіўся Купала, фрагмэнтам лесьвіцы, а таксама дзьвярыма нумару, дзе напярэдадні трагедыі Купала спыніўся.

У Маскве працуюць экспэрты Купалаўскага музэю, якія мусяць выбраць фрагмэнты для будучай экспазыцыі, а таксама ацаніць ступень захаванасьці сьведчаньняў трагедыі — парэнчаў лесьвіцы, дзьвярэй з нумарам 414, плітаў падлогі й г.д. Калі папярэднім перамовам нічога не перашкодзіць, часткі інтэр’еру былога гатэлю “Масква” трапяць у Менску ўжо ў кастрычніку–лістападзе. Пазьней не выпадае, бо, паводле маскоўскіх забудоўцаў, да канца году гатэлевы комплекс будзе зруйнаваны.

А вось у Менску навіна пра пераезд каменных ды драўляных фрагмэнтаў успрынятая неадназначна. Так, пісьменьнік Генрых Далідовіч выказаў меркаваньне, што такія сьведчаньні ў музэі Купалы будуць залішнімі.

(Далідовіч: ) “Калі ў свой час здарылася тая трагічная падзея — невядомая гібель Янкі Купалы ў гатэлі “Масква”, дык быў вялікі сэнс перавезьці ягоны прах сюды, каб ён знайшоў спачын у нашай зямлі, каб быў з намі і надалей. Але цяпер, калі зь месца той трагедыі зьбіраюцца прывезьці нейкі фрагмэнт інтэр’еру, тут ёсьць і эстэтычны нюанс даволі сур’ёзны… Ну, што мы будзем пазіраць на гэтыя каменныя кавалкі, нават ведаючы, што яны былі сьведкамі гібелі Купалы?.. Рэч у пэўным сэнсе рызыкоўная, і я асабіста ўстрымаўся б ад такой ініцыятывы. Каб гэта была асабістая рэч Купалы, каб яна сьведчыла пра ягоныя посьпехі, дасягненьні, узлёты — гэта іншая справа. А так — прывезьці цагліну ці пліту? Я лічу, можа, варта было б і ўстрымацца”.

А вось дырэктар Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы НАН Уладзімер Гніламёдаў ня згодны з калегам: ён сьцьвярджае, што зьбіраць трэба ўсё, што так ці інакш зьвязанае зь імем вялікага паэта.

(Гніламёдаў: ) “Я за тое, каб усё гэта трапіла ў музэй, а потым можна лёс гэтых фрагмэнтаў удакладніць — у экспазыцыю зьмяшчаць ці неяк інакш. Але даставіць у Менск гэта трэба абавязкова. Калі ёсьць такая магчымасьць, то падобныя матэрыялы мусяць быць у Беларусі. Фарсіраваць, натуральна, нічога ня трэба: у музэі ёсьць Навуковая рада, якая вырашыць, дзе паставіць экспанаты, прымеркаваць да чагосьці і г.д. Адразу за канец брацца ня трэба”.

(Карэспандэнт: ) “Ня будзе гэта змрочна, ня будзе палохаць наведнікаў?”

(Гніламёдаў: ) “Што значыць — змрочна? Гэта ж не крытэр. Ёсьць адзіны крытэр — гістарычная праўда. А калі вось так, абы ляпаць... Ёсьць у гэтых пытаньнях людзі кампэтэнтныя. Урэшце, гэта музэй, і з такой установай само паняцьце “змрочна” не стасуецца. Увогуле, гэта не падыход. Будзе відаць потым: змрочна — ня змрочна. Але трэба гэта набываць, перавозіць”.

Тым часам у самым цэнтры Менску на вуліцы Румянцава рыхтуюць да руйнаваньня дом, у якім пасьля смерці Купалы жыла ягоная сям’я — жонка Ўладзіслава Францаўна і сястра Ганна. Зараз на гэтым месцы плянуецца ўзвесьці сучасны будынак з падземным паркінгам. Менгарвыканкам ужо ўхваліў рашэньне і Дэпартамэнт аховы гісторыка-культурнай спадчыны пагадзіўся на руйнаваньне дому — маўляў, будынак ня ўключаны ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG