Традыцыйна ў панядзелкі ў ліцэі адбываецца бацькоўскі сход. Некалькі дзясяткаў ліцэістаў, іх бацькі і выкладчыкі сабраліся ля зачыненай брамы ліцэю. Міліцыянты стаялі каля брамы і на вуліцы побач з бацькамі, але нікому не дазволілі прайсьці праз браму ў двор ліцэю. Праўда, ніхто асабліва і не настойваў на гэтым. Міліцыянты не разганялі прысутных, толькі пару разоў папрасілі іх разысьціся.
Бацькі прынялі зварот да праваслаўнага мітрапаліта Філарэта, а таксама да Папы Рымскага, каб тыя паспрыялі ў справе ўратаваньня Нацыянальнага ліцэю. Выкладчыкі на сходзе пацьвердзілі сваю пазыцыю, што будуць выкладаць сваім вучням у любой сытуацыі. На вуліцы бацькі зьбіралі свае заявы аб тым, што просяць, каб іх дзеці вучыліся ў былым ліцэі, у былых выкладчыкаў.
Што да рамонтных работаў, якія пачаліся ў парушэньне дзейнага заканадаўства, без дазволу на іх правядзеньне ў гістарычным помніку — то міліцыянты ня ведалі, што парушаецца заканадаўства. Дарэчы, магчыма, з гэтай прычыны і адклікалі АМОН. Учора яны нават прасілі даць копію пастановы з Дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны аб тым, што за работы ў будынку без адпаведнага дазволу прадугледжаная крымінальная адказнасьць.
Сёньня з 9 гадзіны раніцы пачнецца дзяжурства. Рэгіна Зімніцкая, Лявон Баршчэўскі й Анатоль Шаршнёў аднясуць заяву ў суд, каб там прызналі пастанову Савету Міністраў аб ліквідацыі Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Я.Коласа незаконнай.
Апроч таго, ад імя калектыву ліцэю ў пракуратуру Ленінскага раёну Менску занясуць заяву на чыноўнікаў гарадзкога аддзелу адукацыі спадароў Турка і Воранава аб тым, што яны парушылі заканадаўства і замест каб узяць дазвол на правядзеньне рамонту, выклікалі міліцыю, каб тая прагнала з тэрыторыі ліцэю ўсіх, акрамя будаўнікоў.
У заяве ёсьць таксама прозьвішча начальніка аддзелу аховы грамадзкага парадку падпалкоўніка Вараб’ёва, які замест каб высьветліць сытуацыю, выклікаў АМОН. Амонаўцы пяць сутак знаходзіліся ў двары ліцэю, будавалі барыкады ў той час як будаўнікі сышлі. Будаўнікоў азнаёмілі з пастановай, якая забараняла правядзеньне рамонтных работаў, а амонаўцаў ніхто не папярэдзіў аб незаконнасьці іх знаходжаньня. Замест каб сапраўды займацца аховай парадку, некалькі дзясяткаў амонаўцаў без усялякай неабходнасьці знаходзіліся на тэрыторыі будынку ліцэю. Невядома, ці прыцягнуць службовых асобаў да крымінальнай адказнасьці, але пракуратура мусіць правесьці праверку выкладзеных фактаў.