У лісьце БГК да Лукашэнкі адзначаны шэраг юрыдычных матываў: Геніюш была асуджаная, не зьяўляючыся грамадзянкаю БССР, з матэрыялаў яе справы вынікае, што ёй інкрымінавалася сяброўства ў арганізацыях “Беларуская Рада” і “Беларуская народная самапомач”, якія, адзначае Беларускі Гельсынскі камітэт, не вялі антысавецкай ці прафашыстоўскай дзейнасьці. Апроч іншага, камітэт адзначае, што артыкулы крымінальнага кодэксу, паводле якіх Ларыса Геніюш была асуджаная, былі скасаваныя ў 1960 годзе, што паводле заканадаўства мусіць цягнуць за сабою скасаваньне прысуду і рэабілітацыю.
У 1999 годзе БГК ужо зьвяртаўся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбаю апратэставаць прысуд Ларысе Геніюш і яе мужу Яну. Справа была накіраваная ў Вярхоўны суд, які пастанавіў, што Ларыса Геніюш увогуле не падлягае рэабілітацыі. Было таксама паведамлена, што матывы гэтага могуць быць абвешчаныя толькі самой рэпрэсаванай.
Цяперашні зварот Гельсынскага камітэту Аляксандар Лукашэнка пакінуў без адказу, пераадрасаваўшы яго Вярхоўнаму суду. А Вярхоўны суд пацьвердзіў сваю ранейшую пазыцыю, адказаўшы, што Ларыса Геніюш была абгрунтавана прызнаная не падлягаючай рэабілітацыі.