Сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны Ўладзімер Літвін прапанаваў Нацыянальнаму сходу Беларусі стварыць супольную міжпарлямэнцкую асамблею ці групу. У Менску пагадзіліся, і такая група можа быць створаная да канца траўня. Падобныя рабочыя органы ўкраінскія дэпутаты ўжо стварылі разам са сваімі польскімі, расейскімі, літоўскімі калегамі.
Спадар Літвін заклікае да пераходу на “пазытыўны прагматызм” у адносінах Украіны і Беларусі. Абедзьве краіны ўваходзяць у так званую “чацьверку” — Арганізацыю рэгіянальнай інтэграцыі. На думку спадара Літвіна, такая форма не павінна пагражаць сувэрэнітэту краінаў.
(Літвін: ) “Размова не ідзе аб саюзнай дзяржаве, аб наднацыянальных органах. Для нас гэта непрымальна. Давайце спачатку пабудуем нашыя дзяржавы, паколькі народы прынялі такое рашэньне. А далей жыцьцё пакажа. Мы за тое, каб шукаць формы супрацоўніцтва, якія б забясьпечылі ўмацаваньне сувэрэнітэту нашых краінаў. Гэта першае і вызначальнае”.
Спадар Літвін заклікае ў такім рэчышчы ствараць і будучую міжпарлямэнцкую групу, каб яна займалася канкрэтнымі праблемамі двухбаковых дачыненьняў.
Самую гарачую праблему яму так і не ўдалося сёньня вырашыць, нягледзячы на падтрымку Леаніда Кучмы, які тэлефанаваў напярэдадні А.Лукашэнку. Беларусь па-ранейшаму адмаўляецца ратыфікаваць Дамову 1997 году пра супольную мяжу з Украінай, паставіўшы яе ў пакет зь вяртаньнем спрэчных даўгоў 1992 году. А.Лукашэнка падчас сустрэчы са спадаром Літвіным заявіў, што чакае выкананьня Ўкраінай папярэдніх дамоўленасьцяў аб аплаце даўгоў. Ўладзімер Літвін кажа, што даўгі і мяжа — гэта зусім розныя тэмы:
(Літвін: ) “Мы зыходзім з таго, што калі дакумэнт падпісаны, ён павінен быць ратыфікаваны. Мы гэта зрабілі шэсьць гадоў таму. У прынцыпе, нам сьпяшацца няма куды. Але хацелася б, каб мы прадэманстравалі сьвету, што Ўкраіна і Беларусь — гэта цывілізаваныя эўрапейскія дзяржавы, якія ўмеюць дамаўляцца і прымаць узаемавыгадныя рашэньні”.
Пазнаёміўшыся з парлямэнтарызмам па-беларуску, спадар Літвін зрабіў выснову, што Ўкраіне дзьвюхпалатны парлямэнт не патрэбны — як бясплённая навацыя, “за якой бачылася б імкненьне пазбавіцца ад канкурэнтаў”.
Лідэр АГП Анатоль Лябедзька з сумневам паставіўся да ідэі стварэньня беларуска-ўкраінскай міжпарлямэнцкай групы:
(Лябедзька: ) “Я ня думаю, што тут можа быць нейкае рэальнае супрацоўніцтва. Па-першае, розная вагавая катэгорыя ў Вярхоўнай Рады Ўкраіны і Нацыянальнага сходу Беларусі. Там Вярхоўная Рада — гэта рэальны парлямэнт. У Беларусі Нацыянальны сход — гэта аддзел адміністрацыі Лукашэнкі. Няроўнае партнэрства ня можа прыводзіць да нейкіх паўнавартасных праектаў супрацоўніцтва”.
На думку Анатоля Лябедзькі, цяперашняе беларускае кіраўніцтва выкарыстоўвае толькі вузкае кола магчымасьцяў супрацоўніцтва з Украінай. Асабліва актуальна цяпер было бы аб’яднаць намаганьні абедзьвюх дзяржаваў у выпрацоўцы супольнай стратэгіі суседзтва і партнэрства з Эўразьвязам.