Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ГОМЕЛЬШЧЫНЕ ПАШЫРАЕЦЦА СУПРАЦЬСТАЯНЬНЕ ЎЛАДАЎ І КІРОЎЦАЎ МАРШРУТНЫХ ТАКСОВАК


Казімер Яноўскі, Гомель

У Мазыры перавозкай людзей на самых розных гарадзкіх маршрутах займаюцца каля 400 кіроўцаў мікрааўтобусаў. Пасьля амаль двухразовага падвышэньня стаўкі адзінага падатку, зацьверджанай нядаўна сэсіяй абласнога савету, гарвыканкам стаў патрабаваць ад кіроўцаў яшчэ і заключэньня дамоваў на штодзённы тэхнічны агляд маршрутных таксовак і мэдычнае абсьледаваньне саміх кіроўцаў. Кантроль абавязаны ажыцьцяўляць так званыя апэратары, у ролі якіх выступаюць дзяржаўныя аўтапрадпрыемствы, што таксама займаюцца пасажырскімі перавозкамі.

У адказ на такі крок уладаў кіроўцы часова зьнізілі кошты на перавозкі гараджанаў з 500 да 200 рублёў. Гараджане заўважылі перамены і сталі больш карыстацца маршруткамі, чым дзяржаўнымі аўтобусамі.

Распавядае кіроўца маршрутнага таксі Сяргей Чыкрыгін:

(Чыкрыгін: ) “Мы гараджанам тлумачылі, што хацелі гэтым паказаць, якія маглі б быць цэны на праезд, калі б былі нармалёвыя падаткі. Не кіроўцы дыктуюць цэны, а дзяржава сваімі падаткамі, коштамі на бэнзын. Да таго ж нас спрабуюць сілай запхнуць у аўтапарк штодня праходзіць тэхагляд, лекара. І за ўсё плаціць, плаціць і плаціць”.

Паводле словаў кіроўцы, калі гарвыканкам ня зробіць ніякіх высноваў, мазырскія кіроўцы з 1 красавіка наважаныя наагул спыніць выплату ўсялякіх падаткаў.

Абураныя новымі парадкамі й сьветлагорскія кіроўцы. Тут так званыя дзяржаўныя апэратары запатрабавалі ад кіроўцаў яшчэ і штодзённай справаздачнасьці пра колькасьць перавезеных пасажыраў і памер грашовай выручкі.

У абласным цэнтры кіроўцы падалі заяву ў гаспадарчы суд на адмену рашэньня гарвыканкаму, паводле якога маршрутныя таксі аднесеныя да звычайнага пасажырскага транспарту. Гарвыканкам не знайшоў паразуменьня з прадпрымальнікамі на транспарце нават пасьля дзьвюх сустрэчаў. Не ўрэгуляваныя ня толькі падаткі, але і дачыненьні з галоўнымі канкурэнтамі — дзяржаўнымі аўтапрадпрыемствамі. Ня ўкладваючы ні капейкі, апошнія вызначаюць, працаваць на лініі маршрутным таксі ці не.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG