Старшыня Канстытуцыйнага суду Рыгор Васілевіч ладзіў прэсавую канфэрэнцыю з нагоды дзяржаўнага сьвята — Дня Канстытуцыі, якім застаецца 15 сакавіка. У гэты дзень 9 гадоў таму была прынятая першая Канстытуцыя незалежнай Беларусі, але праз два гады, у лістападзе 1996-га, у яе былі ўнесеныя зьмены, паводле адной зь якіх 5-гадовы прэзыдэнцкі тэрмін Аляксандра Лукашэнкі пачаў адлічвацца наноў.
Меркавалася, што зь лістапада 1996 году пайшоў ягоны першы тэрмін, а зь верасьня 2001 году — другі. Аднак цяпер, паводле некаторых зьвестак, прэзыдэнцкая адміністрацыя распрацоўвае мажлівасьць афіцыйна прызнаць апошнія прэзыдэнцкія выбары 2001 году першымі на падставе новай Канстытуцыі з папраўкамі — маўляў, у тэксьце 1996 году былі пераходныя палажэньні, таму дзеля стабільнасьці парлямэнт і прэзыдэнт не пераабіраліся, а спадар Лукашэнка і частка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня даседжвалі свой стары тэрмін.
Такім чынам Аляксандар Лукашэнка зможа абысьці абмежаваньні цяперашняй Канстытуцыі наконт максымум двух прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Але для гэтага патрэбнае адпаведнае тлумачэньне Канстытуцыйнага суду, праект якога ўжо нібыта падрыхтаваны. Ці можа быць прынятае такое тлумачэньне пра бягучы першы тэрмін прэзыдэнта? Вось як адказаў на гэтае пытаньне старшыня суду Рыгор Васілевіч:
(Васілевіч: ) “Я нават ня ведаю, што вам сказаць наконт таго, што падрыхтаванае ўжо заключэньне Канстытуцыйнага суду. Мне гэта невядома, і думаю — упэўнены, што іншыя судзьдзі аб такім праекце ня ведаюць. Я лічу, што пабольш вось такіх разаважаньняў — і ўрэшце вы падкажаце, як гэтае пытаньне вырашыць больш чыста. Я за тое, каб любое рашэньне, асабліва вельмі важнае дзяржаўнае рашэньне, прымалася чыста ў прававым сэнсе. Многія пытаньні можна вырашыць вельмі дакладна, і скажу вам, што мой вопыт з 1990 па 1994 год падказвае мне, што нават у складаных такіх сытуацыях можна знаходзіць прававое рашэньне”.
Рыгор Васілевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі нагадаў, што менавіта на падставе рашэньня Канстытуцыйнага суду Зянон Пазьняк, які фактычна не пражываў некалькі гадоў на тэрыторыі Беларусі, змог стаць кандыдатам на пасаду прэзыдэнта.
Былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў лічыць, што цяперашні склад галоўнага суду Беларусі можа прызнаць бягучы прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі першым.
(Пастухоў: ) “На вялікі жаль, такое рэальна можа быць. Але ж, калі казаць па Канстытуцыі, нават новай рэдакцыі Канстытуцыі, — нельга адкідваць нейкія тэрміны, якія ўжо былі, на якія абіраўся Лукашэнка. То бок адна й тая ж асоба ня можа быць прэзыдэнтам больш за два тэрміны. Тым больш гэта адна й тая ж Канстытуцыя. Канстытуцыя ў рэдакцыі 1996 году — гэта тая ж мадэрнізаваная, зьмененая, на думку распрацоўшчыкаў гэтай Канстытуцыі (таго ж Васілевіча) Канстытуцыя 1994 году. Яе ніяк нельга адкінуць”.
Але сам спадар Пастухоў зазначае, што паводле гэтай лёгікі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца на пасадзе прэзыдэнта ўжо трэці тэрмін запар, бо першы, скарочаны тэрмін ён адбыў да рэфэрэндуму 1996 году, другі — 5 гадоў пасьля, а зараз ідзе трэці. Таму, на думку Міхаіла Пастухова, хутчэй за ўсё спадар Лукашэнка скарыстаецца рэфэрэндумам пра Канстытуцыйны акт саюзнае дзяржавы, каб зноў “абнуліць” тэрмін сваіх паўнамоцтваў ці ўвогуле скасаваць абмежаваньні на заняцьце галоўнай пасады.