Першым зьвесткі пра тое, што вядомы швайцарскі нэанацыст Юрген Граф знайшоў прытулак у Беларусі, распаўсюдзіў швайцарскі тыднёвік “Sonntags Blick”. Гэта на яго спасылаецца карэспандэнт уплывовай польскай “Gazety Wyborczеj” Томаш Сурдэль, які цытуе Юргена Графа ўжо ў сваёй газэце: “Мушу пакінуць маю краіну, якая перастала быць вольнай”.
Далей швайцарскі нэафашыст нібыта заяўляе, што ў Менску, дзе ён жыве пад іншым прозьвішчам, “пануе свабода слова, і ўвогуле тут магчыма спакойна працаваць”. Іншых доказаў таго, што Юрген Граф сапраўды жыве ў Менску, не названа, акрамя заявы, паводле якой журналісты швайцарскага тыднёвіка сустракаліся зь ім менавіта ў сталіцы Беларусі.
Асоба Юргена Графа сапраўды вартая ўвагі дэмакратычнай прэсы Эўропы. Будзе вялікі скандал, калі пацьвердзіцца, што вядомы нэанацыст, якога з 1998 году шукае швайцарская паліцыя, сапраўды схаваўся ў Беларусі. Юрген Граф набыў вядомасьць пасьля спробаў абвергнуць зьвесткі пра Галакост — тое, што нямецкія нацысты атручвалі габрэяў газам “Цыклён Б” у Асьвенціме, зьнішчалі іх у іншых канцлягерах, ён абвяргае у сваёй кнізе “Асьвенцімскія прыдумкі”. Паводле яго, гэта спатрэбілася, каб скампрамэтаваць нацысцкае кіраўніцтва Нямеччыны 1940-х гадоў.
Ці праўдзівыя зьвесткі, якія распаўсюдзілі пра месцазнаходжаньне Юргена Графа швайцарскія і польскія журналісты? Прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Андрэй Савіных кажа, што консульскай службе МЗС нічога не вядома пра такога грамадзяніна Швайцарыі, і ўвогуле ён ня лічыць магчымым, каб такому чалавеку далі палітычны прытулак у краіне, вядомай сваім унёскам у перамогу над фашызмам.
(Савіных: ) “Нават дзіўна меркаваць, што нэафашыст папросіць дазвол на жыхарства ў краіне, дзе такія моцныя антыфашысцкія настроі й жывая памяць пра мільёны загінулых ад рук фашыстаў”, — заявіў прэсавы сакратар МЗС Беларусі.
Андрэй Савіных не выключае, што прычынай гэтых зьвестак ёсьць нядобрасумленнасьць некаторых журналістаў.
Між тым, прадстаўнікі габрэйскіх грамадзкіх арганізацыяў Беларусі Леанід Левін і Юры Дорн не былі такімі перакананымі, што зьяўленьне вядомага ў Эўропе нэафашыста ў Беларусі немагчымае. Хаця прэзыдэнт Аб’яднаньня габрэйскіх арганізацыяў і абшчынаў Беларусі Леанід Левін збольшага ня лічыць Беларусь краінай, прывабнай для нэанацыстаў, ён усё ж адзначае дзіўную лагоднасьць беларускіх уладаў да некаторых асобаў, якія публічна разьдзьмуваюць антысэміцкія настроі.
(Левін: ) “Мы заўсёды кажам, што ў нас няма ўрадавага кірунку на антысэмітызм, але ёсьць пры ўладзе такія асобы, як Скобелеў, Касьцян, Чайка, якія гэтым займаюцца, і мы проста не разумеем, чаму іх ніхто ня спыніць”.
А прэзыдэнт юдэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Юры Дорн нагадаў, што ў Беларусі апошнім часам зафіксаваныя шматлікія выпадкі вандалізму на габрэйскіх могілках, але ніводнага разу ўлады ня выканалі свайго абяцаньня знайсьці й пакараць злачынцаў. Паводле Юрыя Дорна, “гэта не спрыяе вырашэньню праблемы з праявамі антысэмітызму ў Беларусі”.
У менскім прадстаўніцтве швайцарскай амбасады мне патлумачылі, што за апошні год толькі адзін швайцарац зьвяртаўся па дакумэнты, неабходныя для атрыманьня дазволу на жыхарства ў Беларусі. Гэта быў малады сьвятар, які мае ў Беларусі сваю абшчыну. Аднак у прадстаўніцтве прызналі, што швайцарцы могуць зьвярнуцца па неабходныя дакумэнты наўпрост у амбасаду, якая месьціцца ў Варшаве. Тэарэтычна так мог зрабіць і Юрген Граф.
У Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі, дзе разглядаюцца падобныя просьбы замежнікаў, адказалі, што адзін швайцарскі грамадзянін атрымаў дазвол на жыхарства ў Беларусі. Ягонае прозьвішча не назвалі.