Будучыня належыць таму, хто бярэ пад кантроль сваё мінулае. Відавочна, што сёньняшняя ўлада ў Беларусі гэта добра разумее, спрабуючы падпарадкаваць сваім інтарэсам навуковыя гістарычныя асяродкі і ўсяляк перашкаджаючы распаўсюджваньню ў грамадзтве аб’ектыўных поглядаў пра нацыянальную мінуўшчыну. Дзяржаўнаму кнігагандлю забаронена прадаваць кнігі незалежных гісторыкаў, а бізнэсоўцам пад пагрозаю пазбаўленьня ліцэнзіі — фундаваць такія выданьні. Немажлівасьць доступу ў многія архіўныя фонды і адсутнасьць пэрспэктывы публічнага выкладаньня аб’ектыўных гістарычных дадзеных зрабіла ў вачох сёньняшняе моладзі прафэсію гісторыка малапрэстыжнаю.
Гаворыць адзін зь ініцыятараў дыскусіі знаны гісторык Захар Шыбека.
(Шыбека: ) “Цяжкасьці такога кшталту прымушаюць нас сабрацца і абмеркаваць, у якім стане знаходзіцца цяперашняя гісторыя, зьвярнуць увагу грамадзкасьці на ролю гісторыі, падвысіць інтарэс да гісторыі, асабліва з боку моладзі, і стварыць у нейкай ступені альтэрнатыву да афіцыйнай вэрсіі, якая зараз распаўсюджваецца ў Беларусі”.
Захар Шыбека сказаў, што задача незаангажаваных гісторыкаў даць моладзі погляд на айчынную гісторыю альтэрнатыўны таму, які прымусова распаўсюджваецца афіцыйнымі адукацыйнымі структурамі праз дапаможнік па гісторыі Беларусі, напісаны былым выкладчыкам Аляксандра Лукашэнкі Якавам Трашчанком.
Між тым патрэба грамадзтва ў незалежных гістарычных поглядах па-ранейшаму вялікая. Таму ўдзельнікі круглага стала шукалі адказу і на практычныя пытаньні сваёй працы. Гаворыць Захар Шыбека.
(Шыбека: ) “Трэба вызначыць рэсурс неафіцыйнае гісторыі, ацаніць, на якім узроўні мы знаходзімся ў параўнаньні з эўрапейскай гістарыяграфіяй, якія ў нас ёсьць першачарговыя праблемы для вырашэньня і якія ёсьць для гэтага шляхі. Вызначыць усё, што трэба зрабіць, каб гісторыя заняла сваё адпаведнае месца ў нашым грамадзкім жыцьці, і каб яна, як і ва ўсім сьвеце, выконвала сваю пазытыўную ролю ў кансалідацыі беларускае нацыі”.
Гісторык Захар Шыбека за сваю супольную з Генадзем Сагановічам двухтомную гісторыю Беларусі, выдадзеную ў Польшчы, быў нядаўна ўганараваны ў Варшаве. Па-беларуску гэтая праца незалежных гісторыкаў да сёньня ня выдадзеная.