Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС РАСЕІ ПРАПАНУЕ ЗЬМЕНЫ Ў ДАМОВУ АБ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЕ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: намесьнік дырэктара Цэнтру палітычных тэхналёгіяў Дзьмітры Арлоў з Масквы і рэдактар Інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі зь Менску

(Валер Карбалевіч: ) “Тое, што кіраўніцтва Расеі не задаволенае дамовай аб стварэньні саюзнай дзяржавы, было вядома і раней. Аднак да гэтага часу аб гэтым сьведчылі нейкія ўскосныя прыкметы. І найбольш пра незадавальненьне Крамля гэтай дамовай мы чулі з вуснаў Лукашэнкі.

І вось 9 сьнежня намесьнік міністра замежных справаў Расеі Вячаслаў Трубнікаў, выступаючы ў Санкт-Пецярбурзе на паседжаньні парлямэнцкага сходу саюзу Беларусі й Расеі, прапанаваў унесьці зьмены ў Дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

Першае пытаньне, якое я прапаную абмеркаваць: чым Расею незадавальняе цяперашняя саюзная дамова, падпісаная ў 1999 годзе прэзыдэнтамі Ельцыным і Лукашэнкам? І наадварот, чаму Беларусь хоча захаваць статус-кво, патрабуе, каб гэтая дамова захавалася ў нязьменным выглядзе?”

(Дзьмітры Арлоў: ) “Я думаю, што заява спадара Трубнікава альбо нешта падобнае было непазьбежным. Таму што Масква якасна зьмяніла свой падыход да беларускай праблемы. Патрабаваньні прадстаўнікоў эканамічных ведамстваў Расеі аб больш жорсткім падатковым, мытным кантролі ў адносінах дзьвюх дзяржаваў падштурхоўвалі да зьмены мадэлі інтэграцыі. Летам Пуцін выступіў з жорсткімі прапановамі й паставіў Лукашэнку ў даволі спэцыфічную сытуацыю.

Намесьнік міністра замежных справаў Расеі Вячаслаў Трубнікаў — чалавек даволі ўплывовы, блізкі да Пуціна. Ён доўгі час узначальваў Службу зьнешняй выведкі Расеі. І заява Трубнікава заканамерная, таму што зьмены саюзнай дамовы насьпелі. Гэтыя зьмены могуць ісьці ў дзьвюх напрамках. Альбо ў бок мадэлі Эўразьвязу, канфэдэратыўнай мадэлі. Альбо ў напрамку жорсткай інтэграцыі па тым сцэнару, які быў прапанаваны прэзыдэнтам Пуціным”.

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Трубнікаў ужыў такі дыпляматычны выраз: “адкарэктаваць саюзную дамову”. Фактычна, у перакладзе на звычайную мову гэта азначае тое, што раней сказаў Пуцін: катлеты павінныя быць асобна, а мухі асобна. Так што ў гэтым сэнсе ў пазыцыі Масквы няма нічога новага. Проста цяпер гэтая пазыцыя стала больш жорсткай. І сэнс гэтай жорсткасьці, наступальнасьці ў тым, каб мацней прасоўваць найперш свае эканамічныя інтарэсы.

Чаму Менск трымаецца за тую старую дамову 1999 году? Таму што яна стварае такую фармальна парытэтную канструкцыю, якая насамрэч дазваляла спэкуляваць на інтэграцыйнай рыторыцы, ажыцьцяўляць тую схему, якая атрымала назву “нафта і газ у абмен на пацалункі”.

Зразумела, што Расеі сёньня гэтая схема 100 гадоў непатрэбная. Там на першы плян выходзяць эканамічныя інтарэсы. У гэтым сэнсе цікава, што Трубнікаў выступаў амаль як бізнэсовец. Ён ужываў тэрміналёгію не зусім па профілю свайго ведамства. Так, напрыклад, намесьнік міністра стрымана пахваліў беларускі парлямэнт за рашэньне аб прыватызацыі “Белтрансгазу”. Адсюль бачна, што расейская дыпляматыя выступае як рупар эканамічных інтарэсаў і сродак іх прасоўваньня. І далей гэты працэс будзе нарастаць”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае пытаньне: чаму Масква менавіта зараз афіцыйна выступіла з такой прапановай? Здаецца, самы востры крызыс у беларуска-расейскіх адносінах прайшоў. Пасьля апошняга візыту Лукашэнкі ў Маскву адносіны паміж краінамі нармалізаваліся. Таму з чым зьвязаная гэтая заява Трубнікава? Зь міжнароднай ізаляцыяй Беларусі ці з чым іншым?”

(Арлоў: ) “Я мяркую, што гэта зьвязана з вырашэньнем цэлага шэрагу праблемаў, якія стаялі ў стасунках Расеі й Беларусі. Гэта сытуацыя са “Слаўнафтай”, пастаўкамі газу ў Беларусь, акцыянаваньнем “Белтрансгазу”. І ў выніку гэтага рукі расейскага боку апынуліся адносна разьвязанымі. Гэта першая прычына.

Па-другое, зразумела, міжнародны аспэкт мае тут пэўнае значэньне. Масква ўлічвае зьмену міжнароднага статусу Беларусі, стаўленьне Захаду да Лукашэнкі. Гэтыя дзьве абставіны адыгралі сваю ролю. Лукашэнка пайшоў на выкананьне патрабаваньняў Масквы. І цяпер зь ім можна весьці размову больш жорстка”.

(Класкоўскі: ) “Цяпер зьявіліся спрыяльныя ўмовы, каб выціскаць максымум з афіцыйнага Менску. Дык чаму гэтага не рабіць? Акрамя таго, у такіх заяваў ёсьць яшчэ пабочная задача: расьсеяць рэшткі ілюзіяў магчымасьці інтэграцыі па старой мадэлі, так званай “славянскай інтэграцыі”.

Дарэчы, на тым самым парлямэнцкім сходзе ў Санкт-Пецярбурзе Селязьнёў разьвёў сваю адвечную песьню, сваю ідэю-фікс аб канстытуцыйным акце, рэфэрэндуме. Дык вось яму адказаў іншы расейскі выступовец, такі аўтарытэтны чалавек як старшыня Цэнтарвыбаркаму Расеі Вішнякоў. Ён даволі жорстка заявіў, што малаверагоднае правядзеньне рэфэрэндуму ў наступным годзе ў Расеі. Таму што ў 2003 годзе адбудуцца выбары ў Дзярждуму, будзе падрыхтоўка да прэзыдэнцкіх выбараў. Карацей кажучы, шмат клопатаў і без таго.

Такім чынам, па ўсім відаць, што выканаўчая ўлада Расеі ня хоча гуляць у гульню вакол канстытуцыйнага акту і рэфэрэндуму. Галоўнае для Масквы зараз — прасоўваньне сваіх эканамічных інтарэсаў”.

(Карбалевіч: ) “Спадар Арлоў, а вы як лічыце, чый пункт гледжаньня (Селязьнёва альбо Вішнякова) бліжэй да пазыцыі Крамля? І якія пэрспэктывы рэфэрэндуму аб Канстытуцыйным акце?”

(Арлоў: ) “Я ўпэўнены ў тым, што пазыцыя Аляксандра Вішнякова ў значна большай ступені адлюстроўвае пункт гледжаньня адміністрацыі прэзыдэнта Расеі і, магчыма, асабіста прэзыдэнта Пуціна.

Спадар Селязьнёў заўсёды выступаў лябістам тых сілаў, якія імкнуліся да сымбалічнага аб’яднаньня, імкнуліся дасягнуць аб’яднаньня ў такой віртуальнай прасторы. Гэты курс у маскоўскім кіраўніцтве ўвасабляе Павал Барадзін. А Селязьнёў яго традыцыйна падтрымлівае. Але з майго пункту гледжаньня, гэтая група зараз ня вельмі ўплывовая.

А Вішнякоў заўсёды добра арыентаваўся ў расейскім палітычным ляндшафце, заўсёды разумеў надзённыя палітычныя запатрабаваньні. Таму мне здаецца, што пазыцыя Вішнякова наконт таго, што рэфэрэндумаў ня будзе і іншае, што ён гаварыў, нашмат бліжэй да пазыцыі Крамля, чым пазыцыя Селязьнёва”.

(Карбалевіч: ) “Давайце пагаворым аб эканамічных стасунках паміж краінамі. Як паўплываюць на іх сёньняшнія рашэньні саюзнага ўраду?”

(Арлоў: ) “Мне падаецца, што асноўная праблема ў эканамічных стасунках Расеі й Беларусі — гэта па-ранейшаму праблема газавая. Цана 38 даляраў за 1 тысячу кубічных мэтраў, якую будзе плаціць Беларусь па апошнім газавым кантракце, ня можа задаволіць расейскі бок. Паколькі Заходняя, Усходняя Эўропа і нават Малдова купляе газ па значна большай цане. Рана альбо позна гэтае пытаньне паўстане.

Існуе праблема “Белтрансгазу”. Яе трэба даводзіць да канца, вызначаць канкрэтную схему акцыянаваньня кампаніі, вызначыць, якая доля пяройдзе ва ўласнасьць расейскіх кампаніяў.

І ўрэшце прэм’еры павінныя даць ацэнку сытуацыі з “Слаўнафтай”. Беларусь страціла сваю долю ў кампаніі. Тым ня менш, напэўна павінны быць усталяваныя партнэрскія адносіны з будучым гаспадаром кампаніі. Акрамя таго, рэгуляваньня патрабуе праблема ўніфікацыі заканадаўства: мытнага, падатковага”.

(Класкоўскі: ) “Думаю, што сёньня вялікіх спрэчак наконт паставак газу ня будзе. Ужо ёсьць паведамленьне аб дасягнутай дамоўленасьці, згодна зь якой “Газпрам”, як і ў гэтым годзе, будзе пастаўляць па ўнутрырасейскіх цэнах 10,2 мільярда кубамэтраў газу. І яшчэ 8,3 будуць пастаўляць іншыя структуры (найперш “Ітэра”) па камэрцыйных цэнах.

Інакш кажучы, захоўваецца статус-кво. Сытуацыя выглядае так, што Масква паводзіць сябе па-джэнтльмэнску. Яна як бы кажа Лукашэку: “Мы даравалі скандалы, абвінавачаньні на адрас Крамля, даем газу ў наступным годзе столькі, як у гэтым па прымальных цэнах. Але і вы ўжо не хітруйце, не спрабуйце рабіць розныя фокусы з прыватызацыяй, а выконвайце нашы фундамэнтальныя дамоўленасьці”. Масква зараз пад інтэграцыяй разумее адстойваньне эканамічных інтарэсаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, калі падсумоўваць апошнія падзеі ў беларуска-расейскіх стасунках, то можна адзначыць, што Масква паступова, але пасьлядоўна стварае саюз у тым выглядзе, у якім яго хоча бачыць расейскі бок”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG