Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БЕЛАРУСЬ ЗІНДАБАД!”


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Як сказаць па-бэнгальску “Жыве Беларусь?” Добры пераклад заўсёды залежыць ад добрага веданьня дзьвюх моваў, і калі з усясьветнымі мовамі, апрача хіба кітайскай, у Беларусі праблемаў ня шмат, то з экзатычнымі – колькі заўгодна. Вядома, слухач можа запытацца: “А навошта казаць Жыве Беларусь па-бэнгальску?

Па-першае, таму што гэта... па-бэнгальску, таму што гэта на той мове, пра якую многія з нас нават ня чулі, хаця на ёй і гавораць каля 200 мільёнаў чалавек.

Па-другое, як мінімум два чалавекі з гэтых 200 мільёнаў сваёй роднай мовай называюць беларускую.

Марыя Чоўдхуры нарадзілася ў прымесьці Магілеву. У Чэрыкаве скончыла школу і паступіла на геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Выбар прафэсіі географа быў невыпадковым:

(Марыя Чоўдхуры: ) “Я веру ў лёс. Калі мне было пяць гадоў, нехта падараваў мне атлас зь вельмі прыгожымі малюнкамі далёкіх краёў: горы і мора, няведамыя дрэвы – пальмы, якіх я ня бачыла вакол сябе. І тады я запыталася, куды мне трэба пайсьці, каб гэта ўбачыць? Мая маці сказала: “Трохі падрасьці, тады можа ўсё ўбачыш”. Менавіта таму я выбрала геаграфічны факультэт, як шанец паезьдзіць, пабываць... Гэта была мая мара”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І мара пачала збывацца?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Я выйшла замуж за чужаземца. Ён быў студэнтам у Менску. У тыя часы для яго не было магчымасьці застацца ў Беларусі пасьля заканчэньня вучобы. На той час у нас ужо быў сын, яму было два з паловай гады, калі мы пакінулі Беларусь. Гэта было 20 гадоў таму”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як успрынялі ваш шлюб вашыя бацькі?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Мой тата, на той час, успрыняў нэгатыўна і на вялікі жаль для мяне, так і не захацеў пазнаёміцца з маім мужам, яны ня бачыліся. Але мая маці вельмі пасябравала зь ім і часта наведвала нас. Яна вельмі любіла нашага сына”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэткім чынам сям’я апынулася ў Бангладэш, якую спадарыня Марыя называе маленькай беднай краінай. Як жа праходзіла адаптацыя беларускі да жыцьця на чужыне?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Адаптацыя праходзіла цяжка. Але ж гэта была добрая школа, і калі я ўжо мяняла краіны і гарады, то далейшая адаптацыя праходзіла на зьдзіўленьне лёгка. Было цяжка з мовай”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Колькі часу пайшло на вывучэньне бэнгальскай?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Прыкладна праз паўгоду я пачала размаўляць. З памылкамі, з акцэнтам, але пачала. Празь нейкі час уладкавалася ў агенцтва навінаў перакладчыцай і нават рабіла інтэрвію з палітыкамі, навукоўцамі, эканамістамі гэтай краіны”.

Сокалаў-Воюш: ) “Калі вы прыехалі ў Бангладэш, як вас успрыняла радня мужа?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Успрынялі нас вельмі добра, асабліва дзіця. Мы не былі нейкімі экзатычнымі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Пасьля 10 гадоў жыцьця ў Бангладэш сям’я Чоўдхуры пераехала ў Кувэйт”.

(Марыя Чоўдхуры: ) “На самой справе я хацела выехаць раней, таму што праз тры-пяць гадоў я пачала адчуваць, што я чужая там. Мабыць, калі чалавек апынаецца ў чужым асяродзьдзі, калі ён там дужа доўга, гэта ўсё ж такі цяжка для яго”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Гэта была настальгія ці дэпрэсія?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Гэта была дэпрэсія. Настальгія была ў першыя год-два, але ж я езьдзіла да дому. Настальгія, часам, прыемнае адчуваньне. Я пачала адчуваць сябе дэпрэсіўна і пачала думаць пра тое, ці вярнуцца дадому, ці паехаць яшчэ куды-небудзь. Але мой муж атрымаў працу ў Кувэйце. Гэта было адразу пасьля вызваленьня Кувэйту ад ірацкай акупацыі. На той час не было ніякай гарантыі, што там будзе ўсё ціха, мірна і спакойна. Усе казалі: куды вы едзеце, чаго вы едзеце? Але я была настолькі гатовая паехаць куды-небудзь, што я паехала”.

(Сокалаў-Воюш: ) “З Кувэйту, дзе спадарыня Марыя працавала перакладчыцай і выкладчыцай расейскай мовы, сям’я Чоўдхуры два гады таму эмігравала ў Канаду. Чаму?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Эмігрантам пажадаў стаць мой муж з той прычыне, што часам ён сутыкаўся зь непавагай да ягонага пашпарту. Ён, як грамадзянін краіны вельмі беднай, маленькай, якая нікому не падабаецца, вырашыў атрымаць пашпарт вялікай і паважанай краіны. Але ж мы з сынам вырашылі захаваць нашыя беларускія пашпарты. Калі мы вырашым прыняць канадыйскае грамадзянства, гэта аўтаматычна пазбавіць нас беларускага, а мы не жадаем гэтага”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Чым вы займаецеся ў Канадзе?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Я працую ў аптэцы. Зусім выпадкова знаёмы фармацэўт прапанаваў мне папрацаваць у яго асыстэнтам, замяніўшы чалавека, які знаходзіўся ў адпачынку. Так я і працую. Не шукаю іншай работы. Дарэчы, знайсьці працу для эмігранта ў Канадзе дужа цяжка. Трэба добрая ангельская мова і нейкі добры лёс, удача, знаёмствы і канадыйскі досьвед працы й жыцьця”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А ваш муж?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Ён працуе майстрам на заводзе. Ён не задаволены працай. І таму мяркуе пасьля атрыманьня канадыйскага пашпарту вярнуцца на Блізкі Ўсход. Калі не ў Кувэйт, то ў Эміраты ці Бахрэйн”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як вам падабаецца такая пэрспэктыва?”

(Марыя Чоўдхуры: ) “Мне падабаецца. Я гатовая ў любы час паехаць зноў у гэтыя краіны”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Наступны мой суразмоўца – сын спадарыні Марыі Рашэд Чоўдхуры, які, нагадаю, пакінуў Беларусь у двухгадовым узросьце, але гэта не перашкодзіла яму вывучыць родную мову. Як і дзе?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Беларуская мова вучылася на Беларусі. Калі я ў часе вакацыяў вяртаўся на Беларусь, тады быў зацікаўлены ў вывучэньні сваёй мовы, бо я лічу яе сваёй. Таму крыху паспрабаваў, паслухаў лукашэнкаўскае радыё, чытаў беларускія газэты і чытаў беларускія кніжкі і такім чынам нешта атрымалася”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Атрымалася, я чую, цудоўна. Але гэта ўсё былі альбо літаратура, альбо сродкі масавай інфармацыі. А жывыя моўныя зносіны зь людзямі былі?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Ня так шмат, на жаль. Я спрабаваў зь незнаёмымі людзьмі. Проста на вуліцы зьвяртаўся да чалавека, але з гэтага атрымлівалася ня тое, што я хацеў, бо яны глядзелі на мяне як на нейкага дзівака. Чалавек, які і выглядае ня надта па-эўрапейску зьвяртаецца да іх па-беларуску. Большасьць зь іх адказвала па-расейску, але некаторыя спрабавалі па-беларуску, і гэта было вельмі прыемна”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А вашая першая мова якая?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Першая мова была расейская, бо мой бацька проста ня ведае беларускай. Бацькі мае паміж сабой гавораць па-расейску, і таму мая першая мова таксама была расейская”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А другая была бэнгальская?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Так”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А на сёньня колькі моваў вы ведаеце?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Добра ведаю чатыры. Апрача расейскай ды бэнгальскай – ангельская ды беларуская”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы падарожнічалі разам са сваёй сям’ёй. Жылі ў Бангладэш, у Кувэйце і нарэшце апынуліся ў Злучаных Штатах. Чым вы там займаецеся?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Вучуся ў коледжы”.

(Сокалаў-Воюш: ) “На?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “На – гэта крыху цяжка, бо сыстэма вышэйшай адукацыі ў ЗША такая, што тут мала хто вучыцца на кагосьці, а вывучае штосьці, замест таго. Я, напрыклад, вывучаю міжнародныя адносіны, але гэта ня значыць, што я буду абавязкова дыпляматам. Можа так атрымаецца, што буду журналістам, ці буду сам працаваць у вышэйшай адукацыі. Гэта яшчэ адкрытае пытаньне”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але нейкія мары ёсьць?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Канечне, мне хацелася б быць дыпляматам”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вы грамадзянін Беларусі?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Так”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І цяжка быць грамадзянінам Беларусі, калі, як вы кажаце, і выгляд не зусім эўрапейскі, і другая мова была бэнгальская, а першая расейская. Як у гэтым выпадку адчувае сябе грамадзянін Беларусі?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Беларусамі не нараджаюцца ў гэтыя дні, а імі становяцца, і я такім самым чынам ім стаў. Каб быць беларусам, трэба проста любіць Беларусь, і таму няма вялікай розьніцы, зь якой мовы пачынаеш і як выглядаеш”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але часам ёсьць розьніца, які маеш пашпарт”.

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Ну, гэта праўда, канечне. І я хачу трымаць гэты пашпарт у руцэ, ня гледзячы на тое, дзе знаходжуся, бо гэта ёсьць мастом да маёй краіны. Гэта такі сымбаль. Калі некаторыя людзі на Беларусі даведваюцца, што я зьяўляюся грамадзянінам не якой-небудзь іншай краіны, а Беларусі, яны мне кажуць: “Але ты ж не беларус”. Але гэты пашпарт кажа мне, што не-не-не. Што я менавіта беларус”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Цяжка вучыцца?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Вучыцца – не. Часам бывае канешне”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Вучыцца ня цяжка. А жыць?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Жыць таксама не. Жыць цікава. Тут шмат сяброў з розных краінаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але даводзіцца працаваць?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Працаваць канечне. Як амаль усім замежным студэнтам. Працую ў офісе коледжскай бясьпекі, а таксама ў кампутарных залах”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці ёсьць у бэнгальскай мове словы, падобныя да беларускіх?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Ну, напрыклад агун – азначае агонь”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як сказаць па-бэнгальску “Жыве Беларусь!?”

(Рашэд Чоўдхуры: ) “Беларусь зіндабад!”

(Сокалаў-Воюш: ) “Беларусь зіндабад! – Жыве Беларусь. Як жывуць і беларусы. Жывуць у самых розных, часам экзатычных, краінах сьвету. У наступных перадачах мы мяркуем пазнаёміць вас з нашымі суайчыньнікамі ў Новай Зэляндыі, Кітаі і Кот-д’Івуары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG