Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕНА СКРЫГАН: “МЫ НЕ АРТАДОКСЫ, МЫ КАМУНІСТЫ СЁНЬНЯШНЯГА ДНЯ”


Ірына Халіп, Менск

Днямі беларускія камуністы адзначалі 85-ю гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі. Савецкага Саюзу даўно няма, затое камуністычных партыяў стала некалькі. Узгадваецца стары жарт яшчэ савецкіх гульцоў у КВН: “Партыя адна, рэспублік 15. Толькі б не пераблытаць”.

Актывісты Партыі камуністаў беларускай упэўненыя, што яны зусім не артадоксы, а наадварот, дэмакраты сёньняшняга дня. Так, ва ўсякім выпадку, сьцьвярджае сакратар ЦК ПКБ Алена Скрыган. Сёньня яна — госьця Ірыны Халіп.

(Ірына Халіп: ) “Цяжка зразумець, чаму камуністы штогод так упарта адзначаюць менавіта 7 лістапада, гадавіну кастрычніцкай рэвалюцыі. Галоўны вынік рэвалюцыі — Савецкі Саюз — даўно абрынуўся, і стала зразумела, што дастаткова было пхнуць яго пальцам, каб ён абрынуўся. Чаму ж 7 лістапада па-ранейшаму застаецца такім важным сьвятам для камуністаў?”

(Скрыган: ) “Калі гаварыць пра Беларусь, дык я лічу, што беларусы павінныя гэтае сьвята адзначаць. Таму што, калі не зьвяртацца да Вялікага Княства Літоўскага, дык упершыню Беларусь атрымала дзяржаўнасьць менавіта ў выніку кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Я нагадаю, што апошнімі днямі сьнежня 1918 году прайшла паўночна-заходняя абсласная канфэрэнцыя бальшавікоў у Смаленску.

На гэтай канфэрэнцыі была абвешчаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, і гэтая канфэрэнцыя абвесьціла сябе першым зьездам камуністычнай партыі Беларусі. Так што дзень нараджэньня беларускай дзяржавы зьвязаны зь вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяй.

Я ведаю, вы можаце сказаць, што 25 сакавіка трэба адзначаць дзень стварэньня Беларусі, але тады была толькі спроба. Людзі спрабавалі нешта зрабіць, у іх не атрымалася. А тут — усё атрымалася. І тым, з чым прыйшла Беларусь да 1990-х гадоў, камуністы, якія былі ва ўладзе, могуць толькі ганарыцца. Краіна добра разьвівалася, у нас была добрая прамысловасьць, добрая сельская гаспадарка, якую ўжо амаль 10 гадоў спрабуюць разбурыць і ўсё ніяк не разбураць. Думаю, у нас добра разьвівалася і асьвета, і культура, таму беларусам адзначаць гэтае сьвята не ганебна”.

(Халіп: ) “А ці не ганебна вам, што камуністам забараняюць шэсьце ў гэты дзень? Бо гэта ж вашае сьвята, а не лукашэнкаўскае. Лукашэнка, калі ўжо ісьці лягічным шляхам, — прэзыдэнт незалежнай Беларусі і ня мае ніякага дачыненьня да кастрычніцкай рэвалюцыі і яе вынікаў”.

(Скрыган: ) “Гэтая ўлада толькі маскіруецца левымі фразамі. Вядома ж, Лукашэнка вельмі добра ведае электарат, вельмі добра ведае людзей. І для нас вельмі шкодна тое, што многія лічаць сёньняшні рэжым працягам сацыялістычнага шляху.

І задача камуністаў, якія ўваходзяць у склад ПКБ, — паказаць людзям, што гэтая ўлада ня мае нічога агульнага з сацыялізмам, як мы яго бачым: сацыялізмам дэмакратычным, які не зьнішчае ініцыятыву людзей, які дае магчымасьць усім разьвівацца і які дае магчымасьць ідэю сацыяльнай справядлівасьці ажыцьцявіць у поўнай меры. А сёньняшні рэжым, які стварыў у Беларусі Лукашэнка, не адпавядае гэтым патрабаваньням”.

(Халіп: ) “Але калі параўнаць лёзунгі цяперашняй улады і камуністычныя — дык яны ж амаль што аднолькавыя. Гэта і інтэграцыя з Расеяй, і цэнтралізаваная эканоміка, і барацьба з NATO... Атрымліваецца, што вы ў апазыыі да сваіх жа каштоўнасьцяў”.

(Скрыган: ) “Лёзунгі адны, але іхнае напаўненьне зусім рознае. Сёньня Лукашэнка зьбіраецца на саміт NATO. Сёньня Лукашэнка з Расеяй знаходзіцца на вельмі крытычным моманце дачыненьняў, і гэтыя дачыненьні могуць перарвацца ў любую хвіліну. З нашымі лёзунгамі ён ішоў на выбары, і таму ён перамог. Але гэтае ня сьведчыць пра тое, што лёзунгі напаўняюцца тым, чым мусяць.

Мы крытыкуем Аляксандра Лукашэнку за тое, што інтэграцыя з Расеяй была толькі папяровай — так яно і было, пакуль Расея гэта цярпела. Мы крытыкуем яго за тое, што ён не ідзе далей у гэтай інтэграцыі. Няма ў нас агульных законаў, нашыя законы разыходзяцца ўсё далей і далей. Нашыя эканомікі разышліся кардынальна, і нават у палітычных адносінах сёньня назіраецца вялікая прахалода. Таму лёзунгі — гэта адно, а справы — гэта іншае”.

(Халіп: ) “Калі параўноўваць лёзунгі і рэальныя справы, дык камуністычная ідэя цэнтралізаванай эканомікі, агульнай дзяржаўнай уласнасьці — гэта ўсё зразумела. Але, памятаю, адзін зь лідэраў ПКБ Анатоль Лашкевіч быў адначасова і камуністычным лідэрам, і кіраўніком гандлёвага дому. Што гэта ўсё значыць?”

(Скрыган: ) “Гэта значыць толькі тое, што ня ўсе дасканала ведаюць нашую палітычную плятформу і сёньняшнія праграмы. Мы прызнаем усе віды ўласнасьці, у тым ліку і прыватную ўласнасьць. Мы проста аддаем перавагу грамадзкай уласнасьці, якая дазваляе вырашаць сацыяльныя праблемы. І таму я лічу, што тут ніякіх супярэчнасьцяў няма. Мы не артадоксы, мы камуністы сёньняшняга дня”.

(Халіп: ) “Эўрапейскія камуністы, дарэчы, падпарадкоўваюцца ўсім законам буржуазнай дзяржавы, на самой справе — законам дэмакратычнай дзяржавы. А беларускія камуністы, калі будзе пабудавана дэмакратычная дзяржава — застануцца ў апазыцыі ці будуць уваходзіць ва ўладу?”

(Скрыган: ) “Думаю, тое, што сёньня камуністы змагаюцца за прававую дзяржаву, за законнасьць, за канстытуцыйнасьць, сьведчыць пра нашую гатоўнасьць да дэмакратычнага разьвіцьця краіны. Мы гатовыя ня толькі змагацца за дэмакратызацыю краіны, але і ўдзельнічаць у дэмакратычным жыцьці Беларусі. Думаю, у нас ёсьць усе магчымасьці перамагаць на выбарах, уваходзіць у парлямэнт, ствараць там свае фракцыі і адстойваць уласныя погляды. Трэба змагацца за погляды людзей дэмакратычнымі спосабамі”.

(Халіп: ) “Але калі згадаць гісторыю, дык у многіх краінах камуністы прыходзілі да ўлады шляхам тэрактаў, змоваў і гэтак далей. А што, для беларускіх камуністаў гэта немагчыма?”

(Скрыган: ) “Час другі, краіна другая, народ другі. І таму мы для сябе такія магчымасьці як тэрор выключаем. Мы — дэмакратчыная партыя, у нас дэмакратычная пабудова і адносіны паміж сабой. І мы супраць усялякага гвалту ў гэтай справе. Палітычных мэтаў трэба дабівацца толькі шляхам выбараў”.

(Халіп: ) “Але ўлада — гэта такая салодкая штука... Няма сумневу, што і вы, і Калякін, і Новікаў маглі б пайсьці ў тую ж Палату прадстаўнікоў. І, можа, Лашкевіч мог бы не зьяжджаць зь Беларусі, а знайсьці сабе нейкую сынэкуру. Чаму вы не ва ўладзе?”

(Скрыган: ) “Вядома ж, гэта ўсё было вельмі прывабна: і кабінэты ў Палаце прадстаўнікоў, і тыя 500 даляраў, якія нам абяцалі ў якасьці заробка, і машыны... Частка, вядома ж, на гэта клюнула. Але мы глядзім далей: як будуць празь некалькі гадоў, калі гэты рэжым абрынецца (а ў тым, што ён абрынецца, няма сумневу), глядзець людзі на тых, хто сядзеў у гэтай палаце, хто галасаваў. хто падтрымліваў гэтыя дэкрэты і законы? Думаю, у нас ёсьць адказнасьць ня толькі перад сабой, але і перад сваімі дзецьмі і ўнукамі. Нам сорамна ня будзе за сябе, за сваю пазыцыю, за тое, як мы жылі”.

(Халіп: ) “А вы ўсьведамляеце, што камуністы нясуць адказнасьць і за тую кроў, якая пралілася падчас існаваньня СССР, і за сталінскія рэпрэсіі? Гэтая кроў, такім чынам, і на вашых руках”.

(Скрыган: ) “Я ня думаю, што гэтая кроў на маіх руках. Мы жылі ў іншы пэрыяд гісторыі, і за тое, што адбывалася раней, нясем адказнасьць маральную. Але ў нашых праграмах запісана, што мы зьяўляемся нашчадкамі найлепшых традыцыяў камуністаў, якія жылі і працавалі да нас. І я зыходжу з таго, што дзяржава, зразумела, вінаватая ў стварэньні ўмоваў для рэпрэсіяў, але нельга здымаць віну з народу, які гэтыя рэпрэсіі ўспрыняў, і сусед пісаў данос на суседа, брат на брата, бацька на сына і сын на бацьку. Так што адказнасьць нясуць ня толькі кіраўнікі дзяржавы, але і народ.

А паглядзіце сёньня на наш народ: як мы баімся, што нас могуць звольніць, як мы баімся сказаць лішняе, як мы баімся выйсьці на вуліцу, як мы ўсяго баімся!”

(Халіп: ) “А як жанчына адчувае сябе ў ролі партыйнага лідэра?”

(Скрыган: ) “Гэтая работа забірае ўсё — вольны час, сьвяты, думкі, асабістае жыцьцё. Але я сябе адчуваю добра, таму што побач добрыя людзі, добрыя сябры і вельмі вялікая падтрымка. У нас у партыі каля 30% — жанчыны. І жанчыны заўсёды наперадзе”.

(Халіп: ) “Як складаюцца вашыя дачыненьні з КПБ? Гэты так дзіўна выглядае — дзьве камуністычныя партыі, якія аспрэчваюць сваё лідэрства ў захаваньні ідэі”.

(Скрыган: ) “Зноў жа трэба ўзгадаць гісторыю. КПБ была створаная на ініцыятыву ўлады напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году. Гэтая партыя аб’яднала тых, хто раней працаваў на партыйнай рабоце, але гэтыя пяць гадоў сядзеў недзе “ў акопах”. І вось іх заклікалі з гэтых акопаў, яны прыйшлі і стварылі гэтую партыю. Змагацца тут няма за што — тут усё вядома. Крэда той партыі — падтрымліваць цяперашнюю ўладу ва ўсім, што яна робіць. І зразумела, што гэтая партыя адыдзе ў нябыт разам з гэтай уладай. Гісторыя працягваецца, і яна ўсё паставіць на свае месцы”.

(Халіп: ) “У студыі была Алена Скрыган, сакратар Цэнтральнага камітэту Партыі камуністаў беларускай. Сёньняшнія беларускія камуністы гатовыя заняць сваё месца ў дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь. Засталася маленькая праблема — гэтую рэспубліку пабудаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG