Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАВЕРШЫЛІ РАСЬСЬЛЕДАВАНЬНЕ СПРАВЫ БЫЛОГА ДЫРЭКТАРА АБ’ЯДНАНЬНЯ “АТЛЯНТ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Справа Леаніда Калугіна завершаная, абарона зь ёй ужо азнаёмілася, і днямі справу павінны перадаць з дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, дзе яна вялася, у пракуратуру, а потым і ў суд. Пра гэта паведаміў Радыё Свабода абаронца Калугіна Аляксандар Пыльчанка. Ён, аднак, па-ранейшаму перакананы, што экс-дырэктара “Атлянта” дарэмна крымінальна перасьледуюць. Адвакат Пыльчанка мяркуе, што адносна Калугіна магчыма ўжываць слова “правапарушальнік”.

(Пыльчанка: ) “Тое, што прысутнічае ў абвінавачаньні Калугіна, усе гэтыя правапарушэньні і адказнасьць за іх, яны рэгулююцца Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Ёсьць адпаведныя артыкулы, паводле якіх Калугіна тады магчыма было пакараць. Але... Летась праверылі прадпрыемства, знайшлі парушэньні, на завод наклалі грашовае спагнаньне і адначасова павінны былі ў адміністрацыйным пляне пакараць дырэктара, але гэтага чамусьці не зрабілі. Затое потым кваліфікавалі дзеяньні Калугіна ўжо як злачынства”.

Аляксандар Пыльчанка таксама паведаміў, што зьвярнуўся да сьледчых з хадайніцтвам аб закрыцьці крымінальнай справы, але пакуль адказу не атрымаў.

Нагадаю, Леаніду Калугіну пагражае восем гадоў турмы. Яго абвінавачваюць у перавышэньні ўлады, што быццам бы ўвасобілася ў нясвоечасовым продажу валюты. Таксама былому дырэктару інкрымінавалі незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Гэтак сьледчыя ацанілі ўдзел экс-дырэктара “Атлянту” ў пабудове і аздабленьні золатам праваслаўных цэркваў у Менску і вобласьці.

Цікава, што пасьля арышту Калугіна за яго быццам хадайнічаў экзарх Беларусі мітрапаліт Філарэт, але заступніцтва пакуль не дамапагло. Не даюць плёну і шматлікія хадайніцтвы адвакатаў, у тым ліку спасылкі на дрэнны стан здароўя 61-гадовага вязьня.

Вось ўжо паўгоду Леанід Калугін знаходзіцца пад вартай, прычым каля месяца яго пратрымалі на абсьледаваньні ў псыхіятрычным шпіталі ў “Навінках”. Сьледчыя пераканаліся, што Калугін фізычна і псыхічна здаровы і адмаўляюцца мяняць для яго меру стрыманьня. Калі справа Калугіна апынецца ў пракуратуры, то не пазьней як празь месяц будзе прызначаны дзень суду над былым дырэктарам завода па выпуску самых вядомых у СНД лядоўняў “Атлянт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG