Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАД 11 ВЕРАСЬНЯ АГЕНТЫ ФБР ПАВЕДАМЛЯЛІ АБ МАГЧЫМАСЬЦІ ТЭРАКТАЎ


Віталь Цыганкоў, Прага

Белы Дом заяўляе, што прэзыдэнт Буш ня меў дастаткова інфармацыі ад спэцслужбаў, каб здолець прадухіліць тэракты 11 верасьня, хаця ён быў папярэджаны, што ваяўнікі Аль-Каеды могуць спрабаваць захапіць самалёты. Падчас сваіх прэсавых канферэнцыяў дарадца Буша ў справах нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс і прэсавы сакратар Белага Дому Ары Фляйшэр паведамілі, што пачынаючы ад траўня 2001 году Буш атрымліваў паведамленьні аб нарастаньні пагрозаў тэрарыстычных дзеяньняў супраць ЗША. Аднак і Райс, і Фляйшэр падкрэсьлілі, што большасьць з гэтых пагрозаў тычылася аб’ектаў за межамі ЗША. І адпаведна былі зробленыя пэўныя захады дзеля падвышэньня бясьпекі гэтых аб’ектаў. Белы Дом пацьвердзіў, што 6 жніўня Буш атрымаў інфармацыю, нібы Аль-Каеда плянуе захапіць амэрыканскія самалёты. Аднак, як падкрэсьліў прэсавы сакратар Белага Дому Ары Фляйшэр, у гэтай інфармацыі не было сказана, што тэрарысты зьбіраюцца выкарыстаць самалёты ў якасьці самагубчай зброі.

Як паведаміла на свёй прэсавай канферэнцыі дарадца Буша ў справах нацыянальнай бясьпекі Кандаліза Райс, прагнозы спэслужбаў прадказвалі наступныя дзеяньні тэрарыстаў.

(Райс: ) “Найбольш верагодным было, што яны захопяць самалёт, возьмуць пасажыраў у закладнікі і будуць патрабаваць вызваленьня каго-небудзь са сваіх паплечнікаў”.

І Кандаліза Райс, і Ары Фляйшэр заявілі, што папярэджаньні спэцслужбаў ніяк не ўказвалі на тое, што тэрарысты зробяць сваімі мішэнямі будынкі Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру альбо Пэнтагону.

Аднак у сваёй дакладной запісцы агент ФБР з гораду Фінікс у штаце Арызона паведамляў, што тэрарыстычныя групы, такія як Аль-Каеда, могуць дасылаць сваіх людзей у лётныя школы. Гэта можа стаць першым крокам да пранікненьня іслямскіх эстрэмістаў у авіацыйную індустрыю ў якасьці пілётаў, сьцюардаў, супрацоўнікаў бясьпекі альбо тэхнічнага пэрсаналу, – сьцьвярджаў агент у сваім мэмарандуме і рэкамэндаваў праверыць астатнія лётныя школы. Штаб-кватэра ФБР праігнаравала гэтыя рэкамэндацыі.

Зараз у кангрэсе ЗША ідзе расьследаваньне, мэта якога – высьвятліць, чаму адміністрацыя ЗША ня здолела адэкватна адрэагаваць на папярэджаньні пра падрыхтоўку тэрактаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG