Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ МАЮЦЬ СУР’ЁЗНЫЯ ПЕРАСЬЦЯРОГІ ШТО ДА ІНТЭГРАЦЫІ З РАСЕЯЙ


Юры Дракахруст, Прага

Як бачым, у ружовым сьвятле пэрспэктывы беларуска-расейскага саюзу бачаць няшмат беларусаў. Што і ня дзіўна на тле вострых супярэчнасьцяў унутры ўсіх інтэграцыйных утварэньняў на тэрыторыі былога СССР і таксама імкненьня большасьці краінаў СНД і Ўсходняй Эўропы стаць сябрамі не беларуска-расейскага саюзу, а Эўразьвязу.
Дарэчы, вынікі апытаньня лукашэнкаўскага цэнтру сьведчаць, што стаўленьне беларусаў да саюзу з Расеяй зусім не адназначнае.

З аднаго боку, больш за палову апытаных бачаць выхад з крызысу менавіта ў інтэграцыі з усходнім суседам. Аднак з другога боку, зноў жа, кожны другі выказвае перасьцярогу, што беларускім хлопцам у выніку інтэграцыі давядзецца ліць кроў у міжэтнічных канфліктах у Расеі. Больш за чвэрць апытаных лічыць, што інтэграцыя выкліча ў Беларусі затрымкі з выплатаю заробкаў і пэнсіяў, прывядзе да росту беспрацоўя, нарэшце, 23% апытаных баяцца, што інтэграцыя прывядзе да страты Беларусьсю дзяржаўнага сувэрэнітэту.

Гэтыя дадзеныя цікавыя самі па сабе, але ўдвая цікавейшае тое, што іх агучыла беларуская тэлевізія. Рыторыцы пра адвечнае і дружнае імкненьне беларусаў да Расеі прыходзіць на зьмену больш узважаны падыход. Прычына тут, як можна здагадацца, у тым, што кіраўніку Беларусі ня хочацца мяняць статус кіраўніка незалежнай дзяржавы на пасаду расейскага губэрнатара. Таму раптам у паведамленьні БТ і ўзьнікла інфармацыя пра тое, што ў беларусаў наконт інтэграцыі з Расеяй маюцца сур’ёзныя перасьцярогі.

Пра тое, што БТ не забывае пра інтарэсы свайго боса, сьведчыць яшчэ адна цікавая інфармацыя лукашэнкаўскіх сацыёлягаў, якую паведаміла беларуская тэлевізія. Размова ідзе пра значнае падзеньне аўтарытэту органаў улады: рэйтынг ураду за год знізіўся з 10 да 2%, нацыянальнага сходу – з 6% да 2%, мясцовых органаў улады – з 10% да 4%.

Напрошваецца пытаньне – а як наконт рэйтынгу кіраўніка ўсёй гэтай ўладнай піраміды? А вось пра гэта беларуская тэлевізія як раз і не паведамляе. Бывае так, што маўчаньне больш красамоўнае, чым словы.

Нагадаем, што некалькі тыдняў таму незалежныя сацыёлягі паведамілі пра тое, што абваліўся і рэйтынг кіраўніка дзяржавы – з 45% да 30%. Дарэчы, паводле неафіцыйнай інфармацыі сацыёлягі з лукашэнкаўскага інстытуту атрымалі прыкладна такія ж лічбы. Але не паведамляць жа такія жахі народу?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG