Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ ДЗЯЦЕЙ, ХВОРЫХ НА РАК ШЧЫТАПАДОБНАЙ ЗАЛОЗЫ, МОЖА ПАВЯЛІЧЫЦЦА Ў 7–8 РАЗОЎ


Ігар Карней, Менск

Клініка радыяцыйнай мэдыцыны ў Аксакаўшчыне пад Менскам не пустуе ніколі: ахвотных прайсьці курс рэабілітацыі нашмат болей, чым фізычна можа разьмясьціцца ў корпусах клінікі. Галоўны лекар Сяргей Карыцька кажа, што праблему можна было б вырашыць, калі б шпіталь ня быў ператвораны ў звычайны даўгабуд: будаўніцтва цягнецца ўжо 10 гадоў. Між іншым, патрэбу ў тэрміновым лячэньні ўжо зараз маюць дзясяткі тысяч дзяцей і дарослых.

(Карыцька: ) "Па раку сярод дзяцей мы перавысілі ўсе паказьнікі ў сьвеце ў сотні разоў. Але зараз ужо назіраецца іншая тэндэнцыя. У дзяцей рак сустракаеца меней, болей у падлеткаў. Рак шчытавіцы — гэта ўсё ж радыеактыўны ёд. А радыеактыўнага ёду зараз няма. Пік дзіцячага раку быў пры канцы 1990-х. Цяперашняе маладое пакаленьне атрымала свае дозы дзецьмі. Але ў кагосьці рак узьнікае ў 14 гадоў, а ў кагосьці — у 28. Паводле розных прагнозаў, ад 12 да 60 тысяч чарнобыльцаў могуць атрымаць рак шчытавіцы. Таму рызыка захворваньняў вельмі вялікая".

Клініка радыяцыйнай мэдыцыны мала падобная да звычайнага беларускага шпіталя. У калідорах вельмі чыста, паўсюль на сьценах вынікі дзіцячай творчасьці: фотагазэты, вырабы з тканіны, карціны. Ёсьць трэнажорная заля, басэйн. У палатах добрая мэбля. Між тым, тут ляжаць часам сьмяротна хворыя дзеці.

У Сашы са Століну рак шчытападобнай залозы. Хваробу знайшлі, калі яму было 10 гадоў.

(Саша: ) "Захварэў восем гадоў таму. У 1993-м зрабілі апэрацыю. А тут ужо ляжаў 13 разоў. Натуральна, што тут умовы лепшыя, чым у Століне".

(Карэспандэнт: ) "Ты лічыш, што рак шчытавіцы — ад Чарнобыля?"

(Саша: ) "Пэўна, так".

Яшчэ два хлопцы ў палаце зь Менску і Ўзды. Абодва другі раз. У меншага штучнае вока: сваё выдалілі разам з пухлінай. Кажуць, што, хутчэй за ўсё, будуць тут сталымі кліентамі.

(Хлопец: ) “У выпісцы пішуць: наведваць праз тры месяцы, ці праз паўгады. Гледзячы, якая хвароба. Дзень звычайны: да абеду працэдуры, пасьля ёсьць нейкая гадзіна, можна выйсьці на вуліцу. З трэцяй да пятай — ціхая гадзіна. Звычайны курс займае 21 дзень".

(Карэспандэнт: ) “Калі вяртаецеся ў школу, адчуваецца вялікі перапынак?"

(Хлопец: ) "Так. Але можна крыху і адпачыць."

Загадчыца аддзелу дыягностыкі клінікі Тамара Белавокая кажа, што, на жаль, няма ніякіх падставаў чакаць паляпшэньня сытуацыі з хворымі на рак:

(Белавокая: ) "У Беларусі зарэгістравана 8 тысяч выпадкаў раку шчытападобнай залозы. У параўнаньні з дачарнобыльскім пэрыядам у 88 разоў павялічылася колькасьць раку ў дзяцей, у 12 разоў — у падлеткаў, у чатыры разы — у дарослых. Ёсьць яшчэ адна акалічнасьць. У 2000 годзе праапераваныя 11 дзяцей ва ўзросьце да 10 гадоў, бацькі якіх у свой час былі апрамененыя радыеактыўным чарнобыльскім ёдам, і ў выніку нейкіх мутацыйных зьменаў на генным узроўні хвароба перадалася гэтым дзеткам".

Паводле Тамары Белавокай, відавочная дынаміка у бок павелічэньня захворваньняў на рак: сярэднегадавы тэмп прыросту складае 20%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG