Прэзыдэнт Фэдэрацыі хакея міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў паабяцаў пачаць пошук спонсараў. Паведамляецца, што ўжо зараз хакеісты папрасілі пералічыць сродкі, якія можа й знойдуцца, на карысьць дзіцячых дамоў.
Адзінага ў алімпійскай зборнай хакеіста, што выступае ў нацыянальным першынстве Беларусі, Зьмітра Дудзіка, я злавіў па тэлефоне ў той самы момант, калі ён стаяў ля гомельскага катка і параўноўваў яго са шчасьлівым для беларускай каманды І-Цэнтрам у Солт-Лейк-Сыты. Ад высноваў у параўнаньні Дзіма сьціпла ўхіліўся, але канстатаваў: задавольваемся тым, што маем. Нявыплату абяцаных грошай успрымае па-філязофску: маўляў, ня ўпершыню.
(Дудзік: ) “Безумоўна, каманда заслужыла ўсё, што нам абяцалі напярэдадні Алімпіяды. Прычым, абяцалі людзі быццам сур’ёзныя, і таму свае абяцаньні яны павінны былі стрымаць. Я ня ведаю, што канкрэтна з гэтай нагоды казалі афіцыйныя асобы ў аэрапорце, калі нас сустракалі; было столькі сваякоў, усё прайшло так хутка і неяк мітусьліва, бо ўсе марылі толькі пра тое, каб хутчэй трапіць дадому. Калі шчыра, афіцыйную частку я праслухаў; было столькі эмоцыяў! Але яшчэ раз кажу: грашовая размова напярэдадні ад’езду ў ЗША была. Ня ведаю: як плаціць — дык вечна ўзьнікаюць праблемы”.
Варта дадаць, што Дудзік — самы бедны хакеіст у складзе зборнай, і ягоны афіцыйны заробак у ХК “Гомель” не перавышае акладу рабочага заводу. Але відавочна і тое, што форвард, які дэбютуе ў алімпійскіх спаборніцтвах і прабівае вароты звышнадзейных брамнікаў — швэда Сала і расейца Хабібуліна, варты лепшай долі. Таму й запытваю пра магчымыя варыянты працаўладкаваньня.
(Дудзік: ) “Ужо паступіла добрая прапанова зь Нямеччыны, вось трэба думаць. Але яшчэ так мала прайшло часу, можа будуць іншыя запрашэньні. Натуральна, можна паспрабаваць паехаць і за акіян, але, лічу, гэта мае сэнс толькі ў выпадку, калі запросяць у НХЛ. А так пакуль аптымальны варыянт, пэўна, усё ж Нямеччына”.
Яшчэ ў часе алімпійскіх гульняў некаторыя адмыслоўцы выказвалі меркаваньне, што шэрагу функцыянэраў зусім ня выгадна, каб хакейная каманда трапіла ў лік прызэраў — маўляў, нават за бронзу дзяржаўныя выдаткі складуць амаль мільён даляраў.
Казаць пра гэта з упэўненасьцю перашкаджала толькі тое, што Аляксандар Лукашэнка цягам апошніх гадоў штучна надаў хакею статус спорту №1 у Беларусі, і ўсе былі ўпэўненыя, што менавіта на хакеістаў грошы знойдуцца пры любым раскладзе.
Атрымалася, што зьнешнія захапленьні далёкія ад рэальнай платаздольнасьці. Мабыць, у такой сытуацыі марыць пра нейкі паўнавартасны чэмпіянат краіны заўчасна. Як і казаць пра гіпатэтычнае вяртаньне беларускіх хакеістаў з Расеі.
Дарэчы, пра заробкі беларускіх хакеістаў. Адзіны ў зборнай “энхаэлавец” Руслан Салей паводле кантракту з “Анахаймам” атрымлівае 950 тысяч даляраў на год. Сталы, але й пасьпяховы Ўладзімер Цыплакоў мае 300 тысяч даляраў на год у казанскім “Ак Барсе”, самы малады Канстанцін Кальцоў — 250 тысяч у маскоўскім “Спартаку”.
Натуральна, прывабіць іх грашыма, што зараз зарабляе ў Гомелі іхны партнэр па нацыянальнай камандзе Зьміцер Дудзік, па меншай меры наіўна. Абяцаныя за месца ў васьмёрцы мацнейшых 10 тысяч даляраў у якасьці заахвочваньня (нечаканае чацьвертае месца, адпаведна, падвысіла стаўкі ўдвая), надвор’я ў іхным сямейным бюджэце ня зробяць. Але сярод хакеістаў бальшыня — куды меней пасьпяховыя спартоўцы, якія рады любым сумам.
Стаўленьне да спорту з боку дзяржавы й гэтым разам надзвычай паказальныя.