Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІКІ БГК Й "ВЯСНЫ" ПАДТРЫМАЛІ СТВАРЭНЬНЕ РЭГІЯНАЛЬНЫХ САЮЗАЎ ЛЮДЗЕЙ, ШТО СТРАЦІЛІ ПРАЦУ З ПАЛІТЫЧНЫХ ПРЫЧЫНАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Самы вядомы выпадак — звальненьне настаўніка школы з Крупак Андрэя Аляхновіча, які ўдзельнічаў у незалежным назіраньні за выбарамі. Папулярнага сярод мясцовых школьнікаў настаўніка звольнілі з фармулёўкай "за антымаральнае выхаваньне дзяцей". Вучні спадара Аляхновіча нават зьбіралі подпісы ў яго абарону, але безвынікова.

Нямала выпадкаў звальненьня актывістаў апазыцыйных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і проста не задаволеных уладай асобаў было зафіксавана на Магілёўшчыне, Меншчыне, Гарадзеншчыне ды ў іншых рэгіёнах Беларусі. Цэнтар "Вясна" аказваў юрыдычную ды іншую дапамогу звольненым. Кіраўнік "Вясны" Алесь Бяляцкі вельмі задаволены тым, што самі пацярпелыя пачалі аб'ядноўвацца:

(Бяляцкі: ) "Тое, што створаны такі лякальны саюз у Берасьці, — гэта някепска, гэта вельмі добра. Бо бараніцца трэба разам. Тое, што яны аб'ядналіся, можна лічыць пачаткам нейкага агульнарэспубліканскага аб'яднаньня. Я думаю, што да гэтага саюзу далучацца людзі, якія былі выкінутыя з працы з-за сваіх палітычных поглядаў ці за сваю грамадзкую дзейнасьць. Я думаю, што мы безумоўна будзем супрацоўнічаць, будзем дапамагаць гэтай грамадзкай арганізацыі стаць на ногі, каб яны першым чынам навучыліся неяк бараніць самі сябе".

Старшыня Беларускага Гельсынскага камітэту Тацяна Процька таксама вельмі задаволеная, што звольненыя паводле палітычных матываў людзі пачалі самі бараніць свае правы. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у юрыдычную прыёмную БГК зьвярталася шмат людзей, што страцілі працу з прычыны сваёй грамадзкай актыўнасьці. Дакладную іх лічбу Тацяна Процька назваць не змагла, аднак сказала, што юрысты Гельсынскага камітэту дапамаглі многім людзям аднавіцца на працы праз суд. Гаворыць Тацяна Процька:

(Процька: ) "Гэтая праблема зараз вельмі балючая. Нашая эканоміка зараз у цяжкім стане, і, вядома звальняюць найперш тых людзей, якія не падабаюцца кіраўніцтву. А людзі сацыяльна ці палітычна актыўныя ня вельмі добра ўспрымаюцца кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстановаў. Утварэньне такой арганізацыі дасьць людзям упэўненасьць, што яны не адныя, што іх нехта абароніць, што ім нехта дапаможа. Гэта вельмі важна ў такі складаны час, як наш".

Старшыня Гельсынскага камітэту кажа, што яе арганізацыя будзе шчыльна супрацоўнічаць зь Берасьцейскім саюзам салідарнасьці звольненых рэжымам. Аднак Тацяна Процька сумняецца, ці варта ствараць падобную агульнабеларускую арганізацыю. На яе думку, рэгіянальныя саюзы ў абласьцях змогуць больш эфэктыўна бараніць правы пацярпелых. А на агульнанацыянальным роўні павінна быць толькі каардынацыя агульных дзеяньняў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG