Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЮЛІЯ ЧЫГІР: “УСЕ БУДЫНКІ БЫЛІ АДЧЫНЕНЫЯ ЯШЧЭ Ў ТУЮ НОЧ, ЯК АРЫШТАВАЛІ САШУ"


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Гэты цагляны дом пад дахам з чырвонай металачарапіцы бачыць кожны, хто ўяжджае ў Тарасава па віленскай шашы. За 15 тысяч даляраў, сьцвярджае Юлія Чыгір, яна разам зь сёстрамі набыла гэты дом для сваіх дзяцей. Спадзяваліся, што тут будуць жыць дзьве, а то і тры сям’і малодшых Чыгіроў.

Аформлены гэты дом быў на сына Аляксандра, аднак пераехаць сюды ён так і не пасьпеў. Пасьля ягонага арышту, гэта было амаль год таму, летась 10-га лютага, дом на паўгады таксама арыштавалі. Нібыта ў ягоных гаражах (адзін гараж у доме, другі – у прыбудове побач) і захоўваліся рэшткі скрадзеных мікрааўтобусаў ды іншыя запчаскі.

Цяпер я вяртаюся да пратаколу першага ператрусу ў гэтым доме, які днямі быў агалошаны ў судзе. Зь яго вынікае, што міліцыянтам дапамагаў сябра Чыгіра-малодшага, хлопец з прозьвішчам Каляда, які мог паказаць, як адчыняліся замкі. Прыкладам, ён ведаў, што гаражныя дзьверы ў прыбудове адчыняюцца толькі знутры, а гараж пад домам мае хітры замок, які адчыняецца адразу двума ключамі. І вось Юлія Чыгір паказвае мне гэтыя гаражы. Спачатку падводзіць да гаража ў прыбудове, дзе, паводле сьледзтва, захоўвалася большасьць крадзеных запчастак.

(Карэспандэнт: ) "Я бачу тут чорныя зламаныя брамкі, іх прыціснула старое кола, каб яны не расчыніліся. А вось каркас гэтых брамак увесь скалечаны, разварочаны, быццам гэтыя брамкі адчынялі ламамі. Тут відаць цэлая брыгада працавала. А ўнутры нічога няма: рэшкі нейкіх скрыняў, сьмецьце".

Агледзеўшы гэтыя дзьверы, мы перайшлі да гаража ў доме. Там фактычна тое самае – вялікі гаражны замок зламаны не інакш з дапамогай лома. Навошта гэта было рабіць, калі ў сьледчых былі ключы, а Каляда мог паказаць, як імі карыстацца? Адказ на гэтае пытаньне шукае і мая экскурсаводка Юлія Чыгір”.

(Юлія Чыгір: ) "Гэта ўсё было зламаная ў тую ноч, як быў арыштаваны Саша. А кім зламана, вось тут пытаньне. Магчыма сьледчымі альбо тады нехта з Сашынай "групы" прыехаў сюды ноччу каб завезьці запчасткі? Але. У пратаколе ператрусу сьцвярджаецца, што быццам бы брамы адчынілі сьледчыя. Яны прызнаюць, што зламалі замкі. Толькі яны ж кажуць, што зрабілі гэта за 5 хвілін, калі прыяжджалі з Калядой. Ці гэта магчыма? Колькі спатрэбіцца часу, каб усё прывесьці ў такі стан? Каляда ж ведаў, як гэта адчыняецца і таму я сьцвярджаю, што калі з Калядой сюды прыехалі гэта ўжо было адкрыта. Усе гэтыя дзьверы знаходзіліся у такім стане да 4 верасьня, калі пракуратура загадала сьледчаму Салькову перадаць дом на захоўваньне мне”.

(Карэспандэнт: ) "Такім чынам вы не выключаеце, што дзверы былі адчыненыя дзеля таго, каб да ператрусу падкінуць сюды запчасткі?"

(Юлія Чыгір: ) "Я ня тое што не выключаю, я нават настойваю на тым, што ўсе будынкі былі адчыненыя яшчэ ў тую ноч, як арыштавалі Сашу".

Словы Юліі Чыгір пра тое, што дом сына і ягоныя гаражы былі адчыненыя цягам паўгода пасьля арышту Аляксандра, пацьвердзіў у судзе сусед Васіль Трафімаў. Тое, што дом Чыгіроў стаяў не зачынены ,засьведчыла жыхарка другога суседняга дома, Валянціна Дубініна.

(Дубініна: ) "Так, было ж паадкрыванае. Гэтыя дзьверы былі адкрытыя, тыя таксама. Ідзеш уздоўж, а ўсё адкрытае, а спачатку ж было закрыта. Памятаю, мне Трафімаў казаў: во, паглядзі, ўсе дзьверы адкрытыя, і сапраўды так".

Таксама іншая суседка сказала , што ніколі не бачыла, каб да Аляксандра прыяжджаў нехта на мікрааўтобусе ці ў двары нехта займаўся рамонтам альбо разборкай аўтамабіляў. Аказваецца, гэта яна заявіла і міліцыянтам ды сьледчым, якіх убачыла на вуліцы неўзабаве пасьля арышту сына Чыгіроў. Тады яе прасілі быць сьведкам, але яна сказала, што нікога не бачыла і сьведчыць адмовілася. Валянціна Дубініна ня выключыла, што магчыма адчыніць дзьверы гаражоў без ключоў і так, каб ніхто гэтага не пачуў, бо гаражы далёка і выходзяць на другі бок вуліцы. Але асабіста яна ніколі ня чула грукату ламоў аб металічныя дзверы і ня бачыла, каб нехта ноччу нешта прывозіў у дом Чыгіроў.

Дадам, што працэс паводле справы Чыгіра-малодшага адновіцца 11 лютага. На гэтым паседжаньні як раз будуць гядзець відэазапіс першага ператрусу ў доме Аляксандра Чыгіра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG