Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗА ХУТКУЮ ДАПАМОГУ Ў ГОМЕЛІ ТРЭБА ПЛАЦІЦЬ


Казімер Яноўскі, Гомель

240 тысяч разоў выклікалі гамельчукі летась брыгады спэцыялістаў хуткай мэдычнай дапамогі. Гэтую лічбу назваў кіраўнік службы, намесьнік галоўнага доктара шпіталю хуткай мэдычнай дапамогі Віталь Грузер.

Сёньня працоўная зьмена пачалася, як лічыць дзяжурны доктар дыспэтчарскай Валянціна Грачаноўская, адносна спакойна: за першыя чатыры з паловай гадзіны па дапамогу зьвярнуліся 117 гараджанаў. Бывае ўдвая болей. Але не да ўсіх гамельчукоў прыяжджае цяпер хуткая дапамога. Распавядае доктарка Грачаноўская:

(Грачаноўская: ) “Так, мы зараз адмаўляем ва ўсіх плянавых перавозках. Калі гэта плянавая перавозка ў шпіталь — гэта ня выклік для хуткай дапамогі. Мы едзем толькі на надзвычайныя перавозкі хворых. Імкнемся адмаўляць і тым, у каго тэмпэратура. Падчас працы паліклінік хворых з тэмпэратурай павінны абслугоўваць там”.

Хуткая дапамога, канечне, можа адвезьці ў шпіталь, але тады чалавеку прыйдзецца заплаціць у залежнасьці ад складу брыгады, якая абслугоўвае, ад 30 да 35 тысяч рублёў. Менавіта столькі каштуе адзін выклік хуткай дапамогі. Дарэчы, для замежных грамадзянаў такая плата непазьбежная ў любым выпадку, нават калі патрэбная неадкладная мэдычная дапамога.

Увядзеньне платы ў лячэбных установах — ня прыхамаць мэдыкаў. Бюджэты гарадоў і рэгіёну апошнія гады ўжо ня могуць утрымліваць лячэбныя установы з аказаньнем усіх ранейшых паслугаў для людзей.

Акурат сёньня сэсія гарсавету зацьвердзіла бюджэт для лячэбных установаў гораду. Як паведаміла кіраўніца гарадзкога ўпраўленьня аховы здароўя Тацяна Грамыка, выдаткавана толькі 26,6 мільярда рублёў — альбо 80% ад неабходнага. Гарадзкія мэдустановы атрымалі загад і расцэнкі ад абласнога мэдычнага ўпраўленьня на 300 розных паслугаў.

Большасьць гамельчукоў, да якіх прыйшлося зьвярнуцца, адмоўна ставяцца да платных паслугаў у мэдыцыне з прычыны нізкіх заробкаў і малых пэнсіяў. І толькі асобныя не пярэчаць навіне. Вось што сказала гараджанка ў гадах, якая назвалася Зінаідай Іванаўнай:

(Зінаіда Іванаўна: ) “Чалавек павінен за ўсё плаціць. Чалавек павінен сам сябе берагчы найперш. Калі тэмпэратура — схадзі ў аптэку, прымі пігулкі й не выходзь на вуліцу. Беражы сваё здароўе і закаляйся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG