Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША НЕ СКАСОЎВАЮЦЬ ДЛЯ БЕЛАРУСІ ГАНДЛЁВЫЯ АБМЕЖАВАНЬНІ


Юры Дракахруст, Прага

Адміністрацыя Джорджа Буша, якая ўжо зрабіла крокі да паляпшэньня гандлёвых адносінаў з Расеяй, заклікае Кангрэс дазволіць яшчэ васьмі краінам – былым савецкім рэспублікам – вызваліцца ад абмежаваньняў, што былі ўведзеныя яшчэ ў камуністычныя часы, – піша Washington Post. Размова ідзе пра так званую папраўку Вэніка-Джэксана да гандлёвага акту 1974 году, названую у гонар двух кангрэсмэнаў, якія яе прапанавалі. Гэты дакумэнт ставіў гандлёвыя адносіны з замежнымі краінамі ў залежнасьць ад іх эміграцыйнай палітыкі. У першую чаргу меўся на ўвазе Савецкі Саюз, які уводзіў перашкоды на шляху габрэйскай эміграцыі.

Пасьля распаду СССР гэтыя абмежаваньні перайшлі на Расею і іншыя постсавецкія краіны. ЗША пачалі трактаваць папраўку Вэніка-Джэксана ў пашыральным сэнсе, ставячы гандлёвыя адносіны з гэтымі краінамі ў залежнасьць ад прагрэсу у захаваньні правоў чалавека і пабудове рынкавай эканомікі.

У 2000 годзе абмежаваньні былі зьнятыя з Кыргызстану і Грузіі.
Зараз дзярждэпартамэнт папярэдзіў Кангрэс, што хоча падвысіць гандлёвы статус Расеі на працягу трох месяцаў. На працягу дзевяці месяцаў мяркуецца адмяніць папраўку Вэніка-Джэксана для Азэрбайджану, Армэніі, Украіны, Малдовы, Таджыкістану, Казахстану, Туркмэністану і Ўзбэкістану.

Washington Post цытуе неназванага чыноўніка адміністрацыі, які адзначыў, што скасаваньне гандлёвых абмежаваньняў для гэтых краінаў не зьяўляецца знакам таго, што ЗША губляюць цікавасьць да праблемы правоў чалавека ў гэтым рэгіене. “Папраўка Вэніка-Джэксана – важны рычаг, але ён меў пэўную мэту ў зусім іншы час,” – гаворыць другі супрацоўнік дзярждэпартамэнту.

Газэта адзначае, што пэўны уплыў на рашэньне Белага Дому аказала кампанія барацьбы зь міжнародным тэрарызмам, неабходнасьць стварэньня міжнароднай кааліцыі. Washington Post прыводзіць словы былога старшыні міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Лі Гамільтана, які кажа: “Мы адсунулі на задні плян некаторыя з нашых традыцыйных перасьцярогаў, зьвязаных з правамі чалавека. Гэта робіцца дзеля бьльш важнай мэты – для перамогі над тэрарызмам”.

Washington Post адзначае, што яшчэ два месяцы таму Белы дом не зьбіраўся здымаць гандлёвыя абмежаваньні з Узбэкістану і Туркмэністану з прычыны жорсткіх парушэньняў правоў чалавека ў гэтых краінах. Але зараз сытуацыя зьмянілася.

Але, як паведамляе Washington Post, гэтыя гандлёвыя палёгкі нават не мяркуецца зрабіць для Беларусі, паводле вызначэньня газэты, аўтарытарнай краіны, дзе пастаяна парушаюцца правы чалавека. Сябры адміністрацыіі, – піша Washington Post, – таксама дадалі, што Беларусь не прапанавала ніякай дапамогі антытэрарыстычнай кааліцыі.

Шэраг міжнародных і амэрыканскіх праваабарончых арганізацыяў пратэстуюць супраць адмены гандлёвых абмежаваньняў для некаторых краінаў з прапанаванага сьпісу. “Зьняць абмежаваньні з Туркмэністану – гэта зьдзек. Да таго ж незразумела, наколькі ўрад гэтай дзяржавы карысны ў барацьбе з тэрарызмам,” – гаворыць Майкл Чанг, старшыня амэрыканскай камісіі па міжнароднай свабодзе веравызнаньня. Томас Маліноўскі, прадстаўнік Human Rights Watch, лічыць, што адсутнасьць Беларусі ў сьпісе, дзе ёсьць аўтакратычныя Ўзбэкістан і Туркмэністан, – сур’ёзная непасьлядоўнасьць. “Папраўка Вэніка-Джэксана можа падацца перажыткам савецкіх часоў. Але, на жаль, некаторыя з гэтых краінаў – самі есьць перажыткамі савецкіх часоў,” – кажа Том Маліноўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG