Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІЦЕБСКІЯ ЎЛАДЫ НЕ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ ТЫХ, ХТО ЎШАНОЎВАЕ ПАМЯЦЬ ФРАНТАВІКОЎ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

На адкрыцьці выставы віцебскага клюбу “Пошук” ягоны кіраўнік Анатоль Бурдо зазначыў, што цяперашнія беларускія ўлады зусім не зацікаўленыя ні ў патрыятычным выхаваньні моладзі, ні ў належным стаўленьні да старэйшага пакаленьня — пакаленьня франтавікоў апошняе вайны.

Менавіта гэтае меркаваньне й сталася падставаю звароту ў апазыцыйныя структуры ў пошуках разуменьня ды падтрымкі. Таму першыя наведнікі адмысловае выставы франтавых рэліквіяў у віцебскім офісе АГП даведаліся адразу і пра дасягненьні клюбу “Пошук”, і пра ягоныя праблемы.

Падчас адкрыцьця выставы кіраўнік клюбу сп. Бурдо прывёў нямала прыкладаў таго, што гарадзкія ўлады найчасьцей толькі на словах праяўляюць клопат пра вэтэранаў. Так, ужо неколькі гадоў запар гарвыканкам толькі абяцае набыць дыктафон дзеля правядзеньня акцыі “Жывыя галасы вайны”, каб запісаць успаміны яшчэ жывых франтавікоў.

А на грашовую дапамогу сябры клюбу ўжо даўно не спадзяюцца, праводзяць экспэдыцыі на ўласныя сродкі ды грошы спонсараў. Дарэчы, гэтыя спонсары амаль кожнага разу просяць ня згадваць іхных імёнаў, бо, пачуўшы пра дабрачыннасьць, дзяржаўныя чыноўнікі нярэдка спрабуюць спаганяць зь іх грошы і на іншыя мэты.

Шукаючы парэшткі палеглых воінаў, каб перапахаваць іх ды паведаміць сваякам пра месцы іхнага апошняга спачынку, віцебскі клюб “Пошук” ужо некалькі гадоў працуе выключна на тэрыторыі суседняй Смаленскай вобласьці, у Расеі. Бо беларускае Міністэрства абароны выдала загад, згодна зь якім займацца раскопкамі ў Беларусі маюць права толькі адмысловыя вайсковыя падразьдзяленьні.

Некаторыя сябры клюбу мяркуюць, што загад гэты выдадзены дзеля абмежаваньня супрацоўніцтва зь немцамі — сваякамі забітых у Беларусі вайскоўцаў, бо падобныя пошукі нярэдка так шчодра аплачваюць сваякі загінулых, што дзяржаве выгадна кіраваць імі ўласнаручна.

З уласнага досьведу сп. Анатоль Бурдо ведае, што забарона на раскопкі стымулюе адно тутэйшых марадзёраў, якія маюць цяпер практычна неабмежаванае поле дзейнасьці. І калі раней “пошукаўцы” бясплатна дасылалі зьвесткі пра загінулых у Нямеччыну, то сёньня “чорныя сьледапыты” добра ведаюць кошты кожнай рэліквіі ды прадаюць іх прыватным калекцыянэрам і сваякам.

У суседняй Расеі, дзе раскопкі дазволеныя, дзейнасьць віцебскага “Пошуку” добра вядомая. І за сваю працу кіраўнік віцебскага клюбу “Пошук” мае мноства ўзнагародаў. Толькі расейскіх, бо ў Беларусі праца сяброў клюбу, падобна, падкрэсьлена не заўважаецца.

Некалькі разоў сп. Анатоль Бурдо зьвяртаўся ў гарадзкую дзяржаўную газэту “Віцьбічы” з просьбай надрукаваць артыкул пра дзейнасьць “Пошуку”. Апошні артыкул чакаў сваёй чаргі некалькі месяцаў, а потым яго проста згубілі, разам з рэдкімі фотаздымкамі.

Аднойчы да сп. Бурдо завітаў сакратар гарадзкой арганізацыі БПСМ. Як высьветлілася, завітаў з праверкаю, каб зрабіць заўвагі за недастатковую захаванасьць матэрыялаў. Іншых прадстаўнікоў патрыятычнага саюзу моладзі ў “Пошуку” ўвогуле ня бачылі.

Але не зважаючы на цяжкасьці ды крыўды, “пошукаўцы” працягваюць працаваць. Яны мараць пра стварэньне ў Віцебску свайго музэю. Дзеля гэтага ізноў-такі патрэбныя немалыя грошы, аднак, адчыніўшы выставу ў офісе АГП, сябры “Пошуку” спадзяюцца ня толькі на дабрачынныя грашовыя ахвяраваньні наведнікаў. У асяродку Аб’яднанай Грамадзянскай партыі яны знайшлі аднадумцаў , якія не спадзяюцца на дапамогу ўлады ў сваёй дзейнасьці.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG