Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БРЫДКІЯ ЧАБУРАШКІ І АБАРОНА ІНТЭЛЕКТУАЛЬНАЙ УЛАСНАСЬЦІ


Ігар Карней, Менск

Паводле Ўсьпенскага, усе Чабурашкі ды кракадзілы Гены сыходзяць з канвэеру незаконна, з парушэньнем аўтарскага права. Да таго ж спадар Усьпенскі дадаў:

(Усьпенскі: ) "Гэткіх вычварэнцаў ды бамжоў, як Чабурашкі беларускай вытворчасьці, у маёй практыцы яшчэ не было".

Варта сказаць, што апошнім часам добра вядомы на прасторах былога Саюзу дзіцячы пісьменьнік займаецца выключна абаронай сваіх правоў на інтэлектуальную ўласнасьць. Зараз ён распачаў гучны судовы працэс з акторам Уладзімерам Відавым, знаёмым савецкім гледачам па галоўнай ролі ў фільме "Вершнік без галавы". З 1983-га Відаў жыве ў ЗША. Зараз ён набыў правы на пракат савецкіх мультфільмаў за мяжой, у тым ліку й зьнятых паводле сцэнараў Усьпенскага.

Пазыцыю Ўсьпенскага ў Беларусі цалкам падзяляе драматург Аляксей Дудараў. Ужо колькі гадоў запар Дудараў карае тых, хто прэтэндуе на ягоныя "Белыя росы".

(Дудараў: ) "Гарэлку з такой назвай выпускаў гарадзенскі лікёра-гарэлачны завод, сетка крамаў была ад першай менскай птушкафабрыкі, ёсьць такі бар у Віцебску, выпускалі ў Ільі чарнілку "Белыя росы" ў плястыкавых пакетах. І я назву абараніў. Не паўсюль яшчэ, але дзе не абараніў, то абараню абавязкова".

Праўда, не да ўсіх Дудараў ставіцца так жорстка.

(Дудараў: ) "У Горадні ёсьць ансамбаль "Белыя росы". Ніхто на яго падаваць у суд ня будзе. Я сустракаўся з кіраўніком, паводле вуснай дамоўленасьці яны карыстаюцца назвай. Таму што пад гэтай шыльдай можна бясплатна, як я некалі казаў, пець і танцаваць".

Аляксей Дудараў кажа, што да ягонага фільма словазлучэньня "Белыя росы" не існавала.

(Дудараў: ) "Мае "Белыя росы" — гэта назва арыгінальная. Калі б, прыкладам, фільм называўся "Вёска", то нічога б я нікому не даказаў. Дарэчы, шампанскае вырабляюць "Князь Вітаўт", і спэктакль ідзе ў купалаўцаў "Князь Вітаўт", але гэта зусім іншая справа, тут ніякага аўтарскага парушэньня няма: князь Вітаўт быў задоўга да таго, як я напісаў п'есу. А вось "Белых росаў" да таго, як я напісў п'есу, не было".

Многія, каго Дудараў пазбавіў шыльды "Белыя росы", зусім ня лічаць сябе вінаватымі. Сам жа Дудараў лічыць інакш:

(Дудараў: ) "У тых, з кім мне даводзілася сустракацца ў судзе, проста непаразуменьне на твары было напісана: як? за што? Маўляў, нічога дрэннага яны рабіць не хацелі. Даводзілася цярпліва, іншым разам вытрымліваючы нават абразы, але тлумачыць, што гэта інтэлектуальная ўласнасьць, і яна патрабуе да сябе гэткага ж падыходу і гэткага ж стаўленьня як і звычайны ровар, які ты набыў за свае грошы ў краме".

Напрыканцы пытаю ў спадара Дударава, ці шмат, на ягоную думку, людзей падзяляе меркаваньне, што інтэлектуальная ўласнасьць павінна абараняцца гэтак жа, як і іншая ўласнасьць?

(Дудараў: ) "Калі й разумее, то нязначная частка. Нават мае калегі паглядалі, касавурыліся; адны проста думалі, што я глупствам займаюся, а іншыя абражаліся — да чаго я апусьціўся. Дык вось: ні да чаго я не апускаўся. Па-першае, ёсьць закон, а па-другое, ва ўсім сьвеце так — інтэлектуальная ўласнасьць абароненая — і ня горш за ўласнасьць усялякую іншую. Грошай вялікіх я на гэтых судах не зарабіў.

Але на паперу, на якой пісаў позвы, хапіла. Гэта не вялікія грошы, гэта невялікія сумы, хутчэй — умоўна-сымбалічныя. Я, дарэчы, прыехаў з 75-годзьдзя коласаўцаў у Віцебску і ўбачыў, што на Маскоўскім праспэкце ёсьць бар з назвай "Белыя росы". Яны мусяць альбо зьняць гэтую шыльду, альбо прывесьці ў адпаведнасьць з заканадаўствам і маімі пажаданьнямі".

Беларускае грамадзтва пакуль што не разумее, што плён мастацкай ці навуковай творчасьці таксама зьяўляецца маёмасьцю і што яна мае быць абароненай, а той, хто выкарыстоўвае яе без дазволу аўтара — злодзей. А за зладзейства, як вядома, караюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG