Гэтыя магілёўцы былі затрыманыя падчас агітацыі за Ўладзімера Ганчарыка. Супраць Віктара Ясюкевіча і Тамары Леўскай распачалі крымінальную справу за супраціў міліцыянту.
Падчас разгляду майор Мікалай Ладзісаў сьцьвярджаў, што яны адмовіліся паказаць яму дакумэнты і пайсьці ў пастарунак, а пасьля павалілі яго і білі нагамі.
Адказчыкі ўзгадвалі, што міліцыянт запатрабаваў перанесьці агітацыю ў іншае спэцыяльна вызначанае месца, а калі яны адмовіліся, схапіў за горла спадара Ясюкевіча й паваліў яго на зямлю.
Потым магілёўцаў затрымалі і адвезьлі ў пастарунак, дзе іх утрымлівалі трое сутак. Падчас сьледзтва сьледчыя перакваліфікавалі справу з крымінальнай у адміністрацыйную, аднак яны па-ранейшаму лічылі зьбіцьцё міліцыянта фактам, але ў іхным тлумачэньні супраціў міліцыянту з ужываньнем гвалту стаўся непадпарадкаваньнем міліцыянту.
Гэтую акалічнасьць адзначыў адказчык. Ён запатрабаваў сьведак, і з гэтай прычыны судовае паседжаньне перанесьлі на іншы дзень. Аднак пэрспэктывы ў гэтай справе ён ня бачыць.
(Ясюкевіч: ) "Цікава было пабачыць, як крымінальная справа, распачатая на хлусьню маёра Ладзісава, падтрымалася пракуратурай, і толькі прагляд уратаванага ад сьледзтва відэазапісу вымусіў пракурора зьмяніць справу з крымінальнай на адміністрацыйную. На жаль, сёньня мы разьлічваем не на законнасьць, а толькі на сумленьне судзьдзі Дзядковай".