Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЦАРКОЎНЫМ СУДЗЕ Ў ГОРАДНІ ЧАСТКА СЬВЯТАРОЎ НЕЧАКАНА ПАДТРЫМАЛА АЙЦА ІВАНА СПАСЮКА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Іван Спасюк два гады таму выйшаў з-пад юрысдыкцыі Расейскай праваслаўнай царквы. Ён належыць да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і не прызнае гэтага суда. Яму не паведамілі — дзе, у які час адбудзецца мерапрыемства, і ён на ім не прысутнічаў. На суд з усяе Гарадзенска-Ваўкавыскай япархіі зьехаліся каля 70 сьвятароў.

Дэбаты адбываліся амаль 6 гадзін. Гаварылі, і што Спасюк хоча раскалоць царкву, і што ён быццам бы згадзіўся вярнуцца ва ўлоньне Расейскай царквы — з умовай, што яму захаваюць прыход, узнагароды і дадуць самастойнасьць. Сам сьвятар гэтыя цьверджаньні адмаўляе. Каля траціны калегаў нечакана падтрымалі Спасюка, гэта пераважна сталыя сьвятары, якія служаць ад 10 да 20 гадоў. Некаторыя зь іх нават зьвярнуліся да япіскапа Арцемія, каб ён сам папрасіў прабачэньня ў Спасюка за ціск на яго.

Аднак япіскап абвесьціў адкрытае галасаваньне. Каля паловы прысутных не паднялі рукі. Але галасаваньне "супраць" не прадугледжвалася. Таму абвесьцілі, што Спасюк пазбаўлены сану нібыта адзінагалосна. Сам сьвятар лічыць, што падобныя паўнамоцтвы мае толькі сход япіскапаў, і не прызнае вынікаў суда.

Аднак небясьпека ў тым, што гэтыя вынікі могуць выкарыстаць улады, каб распачаць на Івана Спасюка крымінальную справу — паколькі ён, маўляў, пазбаўлены сану, але займаецца рэлігійнай дзейнасьцю.

Аднак Іван Спасюк зьбіраецца і надалей працягваць сваю сьвятарскую місію:

(Спасюк: ) "Гэта робіцца для таго, каб запалохаць. І я маю ад сваіх людзей інфармацыю пра тое, што супраць мяне ў хуткім часе будзе распачатая крымінальная справа па артыкуле 130 "Распальваньне расавай, нацыянальнай альбо рэлігійнай варожасьці". Учора ў Горадні адбыўся Ўсяленскі гарадзенскі сабор, які парушыў усе каноны праваслаўнай царквы і які стаў на шлях зьнішчэньня тых, хто ім не падпарадкоўваецца. Тое, што ўчора адбылося, мяне не палохае. Я іду са сваім народам, я іду са сваімі сьвятарамі да лепшай будучыні. Я веру, што і праз год, два, пяць гадоў усё адно Беларуская аўтакефальная царква будзе жыць на тэрыторыі Беларусі".


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG